ÁБудзе табе дудка, будзе і свісток. Ужываецца як пагроза пакараць каго-н. Гаспадыня коршунам кінулася на мужа, абедзве рукі запускаючы ў кішэні Сцяпана Сцяпанавіча. А той, не маючы сілы адчапіцца ад яе, крычаў: – Не чапай! Не чапай грошы, амерыканец ты! Ведзьма! А то... будзе табе дудка, будзе і свісток! (А. Макаёнак. Сцяпан Сцяпанавіч). Мацак зусім не ведаў, што рабіць яму цяпер [калі ўбачыў хлопцаў, якія ўкралі ў яго донкі], бездапаможна аглядаўся, торгаў плячом. Чамусьці вельмі захацелася пазяхнуць. «Будзе табе дудка, будзе і свісток», – круцілася ў галаве недарэчная, зусім не да месца прымаўка (А. Кажадуб. Доўгі дзень Мацака). * [Ганна Паўлаўна, пяшчотна:] А як машына? Хутка будзе? [Гарлахвацкі:] Чакалі, пацярпі крыху. Будзе табе белка, будзе і свісток... (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). Мамуленька, рэдкай госцяй ты бываеш у мяне, а добра прыняць цябе не магу. Пачакай, родная, будзе свая кватэра ў мяне – інакш усё пойдзе. Будзе вавёрка, будзе і свісток! (Р. Барадулін. Паслаў бы табе душу...). Будзе час – будзе і квас. Усё, што трэба, будзе ў свой час. Кажуць таму, хто спяшаецца прыблізіць што-н., зрабіць як найхутчэй. Яму ўсё Анатоль Іванавіч – бацька родны знайшоўся. А сам ні кроку. Але ж пачакай, будзе час – будзе і квас. Не ўсё разам (М. Лынькоў. Апошні зверыядавец). – Прыказкі, кн. 2, с. 256: Будзе час – будзе і квас, не ўсё за раз. Будзеш усё ведаць, хутка (скора) пастарэеш (састарышся, стары зробішся). Гаворыцца, часцей з незадавальненнем, як уніклівы адказ на пытанне суразмоўніка. – Чаго смуцен, мой Даніла? Ці я чым не дагадзіла? Ці ўжо стала нямілаю, што глядзіць ён магілаю? – Запытала раз самога. А ён толькі буркнуў строга: – Будзеш усё ведаць – хутка пастарэеш... (Я. Колас. Паслушная жонка). – Куды яны дзеліся, тыя людзі? – Усё будзеш ведаць, хутка пастарэеш (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). – Дык чаго ж мы стаім? – пытаюся. Яшка нічога не адказаў. Кудлаты дзядзька адказаў за яго: – Усё будзеш ведаць – хутка састарышся (М. Пянкрат. Ведрыцкія напевы). – А хто даў?.. – Хто даў, хто даў... Будзеш усё ведаць, скора стары зробішся (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы). Скора састарышся, як усё будзеш ведаць. [Паўлінка:] Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасць і ўсё такое? [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая. Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць (Я. Купала. Паўлінка
29 👁