Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Á– Насовіч, с. 9: Будзе кірмаш і на нашай вуліцы; Федароўскі, с. 144: Будзе і на нашым (маім) рынку кірмаш; Прыказкі, кн. 1, с. 456: Будзе і на нашай вуліцы свята; Прыйдзе і на нашу вуліцу свята. Будзе мёд і ў Сідаравай калодзе. Збудуцца і нашы надзеі, будзе і ў нас радасць. Кажуць у цяжкі час, выражаючы ўпэўненасць, што няўдачы мінуцца. Сін.: Будзе і на нашай вуліцы свята; Загляне сонца і ў наша аконца. – А далей – трэба аднесці сукенку ў Дом модаў. Напракат узяла. У казённай сукенцы стала прыгажуняй... – Нічога. Казаў той, будзе мёд і ў Сідаравай калодзе. – Не ведаю, што будзе ў Сідаравай калодзе, а на рэспубліканскі конкурс паеду ў сваёй сукенцы (М. Воранаў. Карона). Будзем жывы – не памром. Жартаўлівае выказванне як спадзяванне, што ўсё павінна быць някепска. Ты, Міхась, галоўнае, не перажывай. Прапасці табе ніхто не дасць, каб і захацеў. Уласць у нас нашая. Будзем жывы – не памром (А. Кажадуб. Гарадок). Ну, што ж гэта ты, Пашка, абнядужыў? Ад адной кроплі... Слабак... Ладна, жывы будзем – не памром. Мы ўжо дома, яшчэ крышку (М. Зарэмба. Дзень магнітнай буры). Зусім патушыла пачуццё іншае: радасці, што нарэшце ён дома, што перамаглі ў такой вайне, што сонца бачыць, а не парыць косці дзе-небудзь у Прусіі... А цяпер адбудуемся, жывы будзем – не памром... (Б. Пятровіч. Віна). – Сынок, ты жывы? – Ды з ім усё добра, – адказаў за яго шафёр. – А вы як?.. – Нічога, Ваня, будзем жывы, не памром, – адказала Зінаіда Міхайлаўна (У. Ліпскі. Крутыя вёрсты). – Прыказкі, кн. 2, с. 219: Не памрэ, дык жыў будзе. Будзе (прыйдзе) і на крапіву мароз. Дачакаецца хто-н. пакарання. Кажуць з упэўненасцю пра непазбежнасць адплаты, пакарання. Сін: Быць бычку на вяровачцы. – Яшчэ і выскаляецца, – нагнуўся перад печчу і кінуў туды палена бацька. – Напалітыкуеш. Будзе і на крапіву мароз (В. Адамчык. Год нулявы). – Колькі разоў табе казалі: ад жыгучкі трымай далей ручкі!.. – Нічога, Марылька! – пашкадаваў яе Адам. – «Прыйдзе і на крапіву мароз!» (У. Дубоўка. Жоўтая акацыя). А дзеці гатовы пайсці да яго: Каця тады хацела застацца. Вялікая адзінота чакае цябе, Пёкла. Нешта мяне калоціць. Прыйшоў і на крапіву мароз (Л. Левановіч. Пасля разводу). * І Крапіву сячэ Мароз! – То крытык крытыка разнёс (Э. Валасевіч. Крапіва і Мароз). – Федароўскі, с. 152: Будзе і на крапіву мароз; Прыйшоў мароз на крапіву; Прыказкі, кн. 1, с. 342: Будзе і на крапіву мароз
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
17 👁
 ◀  / 696  ▶