ПАРЭНЧА ж. Зямля, скутая марозам. Зіма ўжэ, а сьнегу німа, усюды відаць парэнча. Праважа Воран.
ПАСВІНЁ н. Пасьба. Мы ўжэ старыя, ні можам бегаць за каровамі. Пасьвінё ўжэ ні для нас: да яшчэ цэлу стаду кароў! І маладому надаесьць пасьвінё за цэлы дзень. Валькевічы Зэльв.
ПАСЕТАК м. Сіта. Падай пасетак, муку трэ прасеіць. Масцішча Навагр.
ПАСІВЕЛЫ прым. Зацвілы. Выкінь сьвіне той хлеп пасівелы. Грынкі Свісл.
ПАСІТАК м. Кавалак палатна або іншае прыстасаванне для працэджвання чаго-н. (пераважна малака), цадзілка. Малако прас пасітак працадзі, а шуму выцісні катам, яны ўжэ даўно палююць. Масцішча Навагр.
ПАСЛЕД м. Апошняя порцыя самагонкі. Сівы паслед адлілі асобна. Руда Яварская Дзятл.
ПАСМАРГОЎКІ мн. Рамонкі. Пасмаргоўкі растуць на полі. Пачарнейкі Свісл.
ПАСОЙКА ж. Ручка ў вядры. Ішла раням па воду, дэй пасойка зь вядра адарваласа. Вольжава Лід.
ПАСТАВЕЦ м. Сталярны стол. Бацько дастаў гэты паставец недзе ў сябрука, хоча сталярнічаць вучыцца. Вераб'евічы Навагр.
ПАСТРАШНЕЦЬ зак. Набыць кепскі выгляд у выніку бяды, хваробы. Даўно ня відзяла Лёдзю. Так пастрашнеўшы, схудаўшы ўся. Кругі пад вачыма чорныя... Косцевічы Астр.
ПАСТРОІЦЦА зак. Управіцца. Ідзі, памажы сястрэ пастроіцца, хоць па карову схадзі прыгані. Новы Двор Свісл.
ПАСТЭЎНЫ прым. Кармавы. Цэлу дзялку пастэўных буракоў за дзень апалола. Брузгі Гродз.
ПАСХОДЗІЦЬ зак. Пачаць свяціць (пра нябесныя зоркі). Як зоры пасходзяць, я табе Коўш пакажу і Палярную зорку. Савічы Зэльв.
ПАСЯ ж. Скрынка для захоўвання зерня. Пася разы ў тры больша за кубэлак. Масцішча Навагр.
ПАСЯЛУШНІК м. Чалавек, які любіць хадзіць па чужых хатах, затрымлівацца ў іх. Дзе гэта ты, пасялушнік, лазіш цэлы дзень зранку? Краснае Шчуч. Мой стары такі пасялушнік, пайшоў і пайшоў па сяле. Дзембрава Шчуч.
ПАТАЛАШНІК м. Абразл. Чалавек, які не мае ніякага сталага занятку. Што ён можа зрабіць, паталашнік гэты, анно цягаяцца па сьвеці. Лявонавічы Дзятл.
81 👁