МАДНЕЙ прысл. Не так, як ва ўсіх. А ў гэтых людзей усё мадней, усё паўтара людскага. Кямелішкі Астр.
МАДЫРАВАЦЦА незак. Свавольнічаць, дурэць. Дось мадыравацца! Бо дабром ужо ні кончыцца. Натта разышліся, зара плакаць будзіця; Ні мадыруйся! Стой спакойна! Косцевічы Астр.
МАДЭСЫ мн. Нешта цікавае, забаўляльнае. Вось табе і мадэсы. Дабраволя Свісл.
МАЁВЫ прым. Зялёны. Гэту маёву сукенку адзявай, та ў траве ніхто ні знойдзя, як будзям у хованкі гуляць. Ляткі Маст.
МАЖЫ мн. Воз для перавозкі сена. Раней мала ў каго было сваё поле, а мажы тым болей, сена наносілі самі пасьцілкамі. Баруны Ашм.
МАЗГАВЕШКА ж. Памянш. Мазгаўня. О, цяпер ні вымяш с плоту сваю мазгавешку, як упёр. Хто цябе прасіў сюды лазіць, мазгаўня нілюцкая, га? Грабава Зэльв.
МАЗГАТАЦЬ незак. Моцна стукаць, біць. Напіўся і сьпіць у хаця закрыўшыся. Жонка прышла, стукала, стукала ў дзьверы, а ён і ні павярнуўся навет. Давай тады яна мазгатаць у вакно. Косцевічы Астр.
МАКОЙКА ж. Вышываная карціна на сцяне. Маі макойкі павышываны крэсьцікам. Масцішча Навагр.
МАЛАДЗЯЧЫНА ж. Маладое мяса. Маладзячыны хоча, старої каровы ні хоча рэзаць на мясо. Крывічы Зэльв.
МАЛАШТЭЎКА ж. Мяла. Вазьмі малаштэўку і патаўчы бульбу, пакуль гарачая. Гольні Бераст.
МАЛЁЎКА ж. Каляровы аловак. Чым тут замалюяш, малёўкаў німа; Надзя, дай мне малёўку. Канюхі Ваўк.
МАЛЁЎНІКІ мн. Каляровыя алоўкі. А яму гэтыя малёўнікі хоць кожны дзень купляй, усё сьпісзае. Пачарнейкі Свісл.
МАЛІДАВАЦЬ незак. Заяўляць, даносіць. Хадзіў у вайну малідаваць на суседа сваго, усё жыцця зайздросьціў яму. Стральцы Маст.
МАЛЯВАНКА ж. Дзяўчына з ярка намаляванымі вуснамі. Унь, пашлі нашы маляванкі ў клуп. Пушчыкі Свісл.
МАМАЛЫГА ж. Падліва. Шчэ мая маці рабіла мамалыгу с сала, цыбулі і мукі, ціперачы я раблю. Гуменікі Слонім.
МАМРЫЗА м. і ж. Неадабр. Панурысты, негаваркі чалавек. Сядзіць гэты мамрыза, слова ад яго ні выцяняш. Вялікае Сяло Шчуч.
80 👁