ДАДНЯ прысл. Надта рана, надосвітку. Заўша дадня і пакорміш йіх, і ў школу выправіш; Дадня ўстаю кажны рас, каб зварыць есьці. Грабава Зэльв. Як дадня ўстаняш, та паробіш ўсё ў хаці і на падворку. Хамічы Маст.
ДАКЛЯРАВАЦЬ зак. Параіць. Ёй дакляравалі на месцы сядзець, то рукі хутчэй адыдуць. Пушчыкі Свісл.
ДАКОНАЦЬ зак. Пераканаць. Даконала сваго, купіла-такі шкап. Пачарнейкі Свісл.
ДАКУТЛІВЫ прым. Дакучлівы, які дакучае, назаляе. Алі ш і дакутлівы ты, як дошч асенні. Стральцы Маст.
ДАЛАЖЫЦЦА зак. 1. Пільна ўзяцца. Як даложыцца, то за гадзіну зробіць тоё, што за дзьве ні зробіш. Крывічы Зэльв. 2. Непахв. Дапасці. Усё выцухліў, як далажыўсё да збанка. Крывічы Зэльв.
ДАЛЕТАШНІ прым. Пазалеташні. У міне яшчэ далеташні кроп е, мо даць табе. Драчаны Свісл.
ДАЛЕШНІК м. Сыр. Німа лепшай яды за далешнік. Кватары Бераст.
ДАЛЬМАНАМ прысл. Наўгад. А ты дальманам скажы яму. Тупалы Карэл.
ДАМАХА ж. Той, хто застаецца ў хаце за гаспадыню. Жонка мая паехала ў горат, я за дамаху астаўся. Жукоўшчына Дзятл.
ДАМЕНІК м. Сыр з малака. Німа лепшай закускі за хатні даменік. Курчаўцы Бераст.
ДАМІСКО м. 1. Вялікі дом. Пане мой, такі даміско адгакаў, як у горадзі! Крывічы Зэльв. 2. Непахв. Дом. І нашто мне гэты даміско! Што я ў ём жыць буду? Мне ў горадзі дадуць. Крывічы Зэльв.
ДАМЭНЧЫЦЬ зак. Скончыць, дамучыць. Хай яго халера, з гэтым лубінам: усей высыпаяцца, трашчыць, ледзьвя дамэнчылі яго. Грабава Зэльв.
ДАПЕТРЫЦЬ зак. Зразумець, дадумацца, даўмецца. Ні магу ніяк дапетрыць, як гэту задачу малому рашыць. Стральцы Маст.
ДАПЛАЗАВАЦЦА зак. Дабрацца да чаго-н. вельмі жаданага, патрэбнага, дарвацца. Як даплазуяцца да цукерак, то ўсе зьядуць, хоць кілю. Такія яны йім смачныя. Косцевічы Астр.
ДАПЫТЫ мн. Першы этап сватання, калі малады просіць у дзяўчыны згоды на шлюб з ім. На дапыты нікога ні клічуць, бо сваты мало нясуць гарэлкі. Мінеўшчына Ваўк.
ДАРЭСЦІЦЬ зак. Разбурыць да канца. І так раскіданы быў вос, а як узяліся гной вазіць – дарэсьцілі яго. Грабава Зэльв.
91 👁