ГАПАЦЬ незак. Малаціць (цэпам). Ты ўсё гапаяш цэпам, а пан табе адзін злоты толькі заплаціць. Кашалёва Навагр.
ГАПСАСА прысл. Хутка (ехаць, бегчы). О, які леткі ішчэ твой стары, гапсаса за каровамі бегая, як маладзян; От люблю гапсаса верхам на кані ехаць. Старое Сяло Зэльв.
ГАРА ж. Коптур. І нашто было такую гару класьці, налажы як роўно зь берагамі – і будзя; Як ты прынёс! Поўно вядро з гарою, гаш пад восілко. Крывічы Зэльв.
ГАРА ж. Гар. Прыгарэла зацерка, гараю аддае. Грабава Зэльв.
ГАРАНІНА ж. Тое, што і гара. На пагарэлум быў, так ішчэ ўсё гаранінаю сьмярдзіць. Старое Сяло Зэльв.
ГАРБАВАНКА ж. Гафрыраваная спадніца. Злажыла я гарбаванку і так яна прыстала да міне. Пушчыкі Свісл. Сёні купіла сабе новую гарбаванку. Канюхі Ваўк.
ГАРБАТУХА ж. Луг з няроўнай паверхняй, купінамі. Чалавек косіць на гарбатусе. Масцішча Навагр.
ГАРБУЛЯ ж. Гарбатая, гарбуха. Калека наша Гандзя: гарбуля і на адну ногу кульгая. Хто яе замуж возьмя! Дзярэчын Зэльв.
ГАРДАВАЦЬ незак. Паводзіць сябе ганарыста, упарціцца. Ты так ужэ ні гардуй, пахрысьці майго ўнука. Драчаны Свісл.
ГАРЛАН м. Збан. Паўнюткі гарлан наліў. Вялікія Ёдкавічы Бераст.
ГАРЛАТЫ прым. Крыклівы, гарласты. Алі й гарлаты гэты певянь. Бягені Ваўк.
ГАРНІЗ м. Карніз. Харошы ў цябе гарніз, тулі таксамо файныя павесіла. Старое Сяло Зэльв.
ГАРНОТА ж. Горыч. Як усё хораша, дак вясяліцца добра, а як на сэрцы гарнота, дак не да вясельля. Масцішча Навагр.
ГАРШАК м. Коршак, каршун. Гаршак падлятаў да куранят, аля курыца расставіла крыла і як магла бараніла сваіх дзіцей. Лойкі Гродз.
ГАРЭЛІКІ мн. Кулін. Бульбяныя аладкі. Смачныя гарэлікі сьпякла ўнучачка. Дзякуй! Астравец.
ГАТОЎЛЯ ж. 1. Прыгатаванне як працэс. Гатовіш-гатовіш, і ніхто ні бачыць твае гатоўлі, як ты працуяш. Крывічы Зэльв. 2. Прыгатаванае. Колькі тае гатоўлі змарнавалася, як вяселё было. Крывічы Зэльв.
ГАХОЎКА ж. Засаўка. Закрый гахоўку, а то ўсё цяпло с хаты на двор выйдзя. Студзенікі Свісл.
ГВАРАК м. Графскі працаўнік. У тым бараку жылі ўсе гвараке графа. Уселюб Навагр.
84 👁