БАХУРНЯ ж. Зборн. Экспр. Дзятва. І ў вас у домі бахурні много. Грабава Зэльв.
БАЯННЁ н. Боязь. Хай яго качкі зь яго баяням. Адзін у хаці баіцца, і годзі. Грабава Зэльв.
БАЯРЫ прым. Дурны (ад назвы вёскі Баяры ў Гродзенскім раёне, дзе знаходзіцца псіхіятрычны шпіталь). Ён ужэ зусім баяры, крычыць абы-чаго. Вялікая Бераставіца Бераст.
БЕГУНКОМ прысл. Ланцужком. Тут вышыта бегунком. Курчаўцы Бераст.
БЖЭЖЫ мн. Карункі. Ціпер бжэжы ў магазіні ест, а раней трэба было самому рабіць. Галынка Ваўк.
БЗДЗЮХА ж. Порхаўка. Цяпер ні душы, яна яшчэ зялёная. Вот як спарахнеіць, тады ўжо настаяшчая бзьдзюха, вун як будзіць курыць. Косцевічы Астр.
БІВАЧКА ж. Прылада біць мух. Мух у хаця аш чорна. Не, кап катора ўзяла бівачку ў рукі й забіла пара штук. Косцевічы Астр.
БІЛАБОКІ прым. Вірлавокі. У магазін новую магазінерку прыслалі, білабокую неку. Нагародавічы Дзятл.
БІЛЬБАР м. Самагон. Лявон зноў більбар гоніць, німа на яго ні закону, ні міліцыі. Раневічы Свісл.
БІРКЕС м. Брыкет. Прывязьлі ўчора біркесу цалую машыну, а я баялася, каб дошч ні пайшоў. Цягала ўсю ноч. Вішнева Смарг.
БЛАГОЦЦЯ н. Жарт. Благі чалавек (часцей пра дзіця). Ужо такоя благоцця мой сынок, такі шкоднік! Ну-ну! Будзя-будзя хлопчыку! Косцевічы Астр.
БЛАМБАВАЦЬ незак. Пламбаваць. Бламбаваў-бламбаваў, і зуп скрышылі ўвесь, бломба ні дзержыцца. Валькевічы Зэльв.
БЛІЗНЯЧКА ж. Блізніца. Сідарава блізьнячка ўжэ велька выросла, а блізьнюк малы. Грабава Зэльв.
БЛІНДАР м. Валацуга. Экспр. І німа гэтаго бліндара. Заўшэ ён здесь валочыцца. Кавалі Свісл.
БЛОМБА ж. Пломба. Уставіў бломбу і есьці ні магу, баліць зуп. Валькевічы Зэльв.
БЛУДЗЯШЧЫ прым. Блудны. Трэбо мне карову мяняць, блудзяшчая яна, хаты зусім ні панімая. Дрэчаны Свісл.
БЛЮМА м. і ж. Экспр. Замкнуты, пануры чалавек. Гэта чортава блюма зноў п'яны прышоў. Камяніца Ваўк.
БЛЯХА ж. Засаўка, юшка. То што ўжэ прапалілася ў печы, то трэба бляху зачыніць. Дарані Свісл. Ацсунь бляху, бо дым па хаці пойдзя. Курчаўцы Бераст.
84 👁