ХАР'ЯТЭ мн. Непахв. Дрэнны абутак. Халера іх будзя насіць, хар'ятэ гэтыя, я куплю сабе добрыя боты. Грабава Зэльв.
ХАЎКАЛО м. і ж. Пазяхайла; соня. Хай ужэ ідзе спаць хаўкало гэты. Грабава Зэльв. 2. Задушлівы чалавек. Як трохі мацней падыдзя, так і хаўкая, хаўкало гэты. Грабава Зэльв.
ХВАТАЦЦА незак. Спяшацца. Ні хватайся, ўсёраўно спазніліся. Грынкі Свісл.
ХІРЛЁ н. Спагад. Хваравітае дзіця. Аля ш такоя ўжэ хірлё: чуць трохо дзе холаду ўхопіць, так упэньк пластом і ляжыць. Дамейкі Лід.
ХІТРУСЬ м. Хітрун. З гэтым заводзіцца ні трэба, ён хітрусь; Каб ні такі хітрусь быў, то шкадавалі п чалавека, а так хто яго будзя шкадаваць! Старое Сяло Зэльв.
ХЛЯБОВА ПЕЧ Печ, у якой паляць, вараць есці і пякуць хлеб. Печку паліш увечары, кап цяпло было спаць, а хлябову печ – рано, як есьці варымо ці як хлеп пячэм. Грабава Зэльв.
ХОЎРА ж. Неахайная жанчына. Вось папусьціла валасэ, як хоўра якая. Вярэйкі Ваўк.
ХРАШЭЛЬ м. Майскі жук, хрушч. Страсяні дзераво, храшале нападаюць. Новая Перавалока Слонім.
ХРУШЧ м. Перан. Непахв. Пра малога чалавека. Што гэто за мужчына. Хрушча такого нашла сабе. Грабава Зэльв.
ХУДОЕ (мяса) прым. Не тлустае, без праслоек сала. У мяне што малы, што вялікі – тое самае: худое мяса зьядуць, а сала маццы пакінуць. Пераганцы Воран.
ХЭЛМ м. Шлем. Ну і капялюш сабе выкупіў, нібы хэлм. Міхалкі Свісл.
Ц
ЦАЛКОВЫ прым. Суцэльны, цэлы. Гэты дыван ні шшыты, цалковы, яшчэ баба мая ткала. Верцялішкі Гродз.
ЦАПЯЛЬНІК м. Вілкі. Падай цапяльнік, трэ дастаць патэльню с бліцамі. Калантаі Ваўк.
ЦАЯН м. Чыгун. Адзін цаян паставіла ў печ. Масцішча Навагр.
ЦВАНЫ м. Ганарысты. Гэдыкі цваны зрабіўсо, як стаў брыгадзірам. Стральцы Маст.
ЦВЕРАЗІЛАЎКА ж. Выцвярэзнік. Напіўся і папаў у цьверазілаўку. Коласава Слонім.
76 👁