ТУЛАЧ м. Выгнаннік, бадзяга. I сказаў Бох Каіну, што той будзя вечным тулачом. Крэва Смарг.
ТУЛЬЧЫЦЬ незак. Туляцца, хаваючыся ад людзей. Часта ён тут тульчыць, цібе, мусі, выглядая. Ліпнішкі Іўеў.
ТУМКАЧЫ мн. Страва з бульбы. Маці ўчоро тумкачы рабіла, але ш і наеліся. Сялявічы Слонім.
ТУПАК м. Тупы (чалавек). Тупак жа ты, і гэтага паняць ні можаш. Шылавічы Слонім.
ТУПЧА ж. Непахв. Стамляльная праца. Тупчаш, тупчаш кала печы гэтае, і нічого ні відно, што ты робіш, а тупча гэта колькі сілы забірая. Старое Сяло Зэльв.
ТУРМАСІНА ж. Мітусня. Як немцы наступалі, ой турмасіна была, усе бегалі, як у мурашніку. Руда Яварская Дзятл.
ТЫДНЁВО н. Застолле праз тыдзень пасля вяселля. I на вяселі, і посьля ўжэ, на тыднёвум, добро пагуляў. Старая Дубавая Гродз.
ТЫЖ прысл. Таксама. Я тыж быў на кярмашы, аля цябе ні бачыў нешто. Грабава Зэльв.
ТЫКЕЛЯ прысл. Столькі. На васэлі тыкеля людзей сабралася, што ні было дзе стаць. Бастуны Воран.
ТЫКЛЯ м. і ж. Няўдалы чалавек. Ён то спраўны, а жонка – тыкля нейкая. Праважа Воран.
ТЭНЧ м. Вясёлка. Прайшоў спорны дожджык, тому і тэнч засьвяціўся на небя. Лылойці Смарг.
У
УБАТАЖЫЦЦА зак. Вымурзацца. Дзе ты гэдак убатажыўся? Ідзі хоць рукі вымый, а то зразу за стол лезяш. Руднікі Карэл.
УБОЙСТВО н. Гультайства, непаслушэнства. Выганю с цябе ўбойство, станеш як шоўкавы. Дубаўцы Ваўк.
УБЭРСАЦЦА зак. Прыгожа апрануцца, прыбрацца. Як яна ўбэрсалася, адразу пахарашэла, вачэй ні адвесці. Сурынка Слонім.
УБЭХАЦЦА зак. Іран. Вымурзацца. Дзе ты так у грась убэхаўся? Верашчакі Іўеў.
УВАГА ж. Павага. Мо ўвага якая есьцяка, то паслухая, а не, так будзя па-свояму рабіць, раскол такі! Варонічы Зэльв.
УВАЛІНА м. і ж. Гультай, лежань. Усе працуюць, а гэты ўваліна ляжыць. Вялікая Бераставіца Бераст.
УВАЛІЦЬ зак. Упэцкаць. Але ты шапку ўваліў у салідол. Пачарнейкі Свісл.
78 👁