Старонка 99
◀ / 290 ▶
Яны абоя нешта гомзалі, я нічога ня разабрала. Дукора Пух. ГОН м. Пагон. У нас сёлята зрабілі гон для калхозных кароў. Нізок Уздз. ГОНКА ж. пчал. Хвароба пчол. Усялякія хваробы ёсць: і гнілец, і матыліца лазіць, кладзе чарвяк і порціць соты, і гонка пападае, а бывае, што й мурашкі знішчаюць пчол. Саланая Валож. Панос. Бывае, зьесь от што такое, дык гонка. Тады палын парым і даём ад гонкі. Саланая Валож. ГОННЫ прым. Хуткі, імклівы; за якім гоніцца сабака. Гоннага зайца падстрэліць нялёхка. Паплавы Бярэз. А такі падстрэліў гоннага зайца. Хожава Маладз. Гонны заяц бегая як дурны. Вішнева Валож. Які пакідае звер пасля сябе (пра след). Трэба пільнавацца гоннага сьледу, каб зьвера ня ўпусціць. Забалоцце Смал. О, як па гоннаму сьледу сабака улёх! Нізок Уздз. ГОНТ гл. ґанда ГОНЫ толькі мн. Мера зямельнага надзелу ў шырыню. Плошча зямлі дзеліцца на гоны. Рудня Чэрв. ГОНЬ ж. Тое, што і гоны. Лёну мы сеялі троя ганей, на адну гонь высявалі тры ґарцы семя. Вялікая Боркаўшчына Маладз. ГОНЬКА ж. Гунька. Коняў, як спацея, пакрывалі гонькамі. Ці на кірмаш едуць, ці на вясельля, дык гонькі с кутасамі былі. Мікалаеўшчына Стаўб. ГОНЬКІ толькі мн. Невялікая адлегласць, блізка. Да клуба адны гонькі. Рудня Чэрв. ГОНЯ ж. Тое, што і гоны. Пры пану гоня была, што с канём не праедзеш, а цяпер дык і с трактарам заедзеш. Бясяды Лаг. Адлегласць каля 100 метраў. Вой-вой, праляцела за ім можа гоняў пяць і ні дагнала. Рудня Лаг. Да той грушы будзя гоня, а можа трохі і больш. Дукора Пух. ГОПА ж. Кулін. Бабка з цёртай бульбы. Любіце гопу есьці, а картофлю драць хто за вас будзя? Горкі Стаўб. Прынясу картофлі, зробім гопу на абет. Вараксы Стаўб. ГОПІК м. Кулін. Аладка. Гопікі нейкія чорныя, бо з перамёрзлай бульбы іх пякуць. Язні Віл. ГОПМАЎСКАЯ ПЕЧ ганч. Печ для абпальвання пасуды. Гопмаўская печ спіцыяльная, гэта печ, дзе ходзіць агонь. Бясяды Лаг. ГОПНУЦЬ зак. Упасці. Але яна як гопнула, дык руку вельмі пабіла. Цялякава Уздз. ГОРАЙ прысл. Горш. Вот як харошая пагода, тады і мне ляхчэй, а як на дошч стане зьбірацца, тады горай і мне баліць. Баяры Маладз. ГОРАЧ ж. Гаркота. Во горач, есьці ня можна. Хожава Маладз. Купіла горач нейкую, грошы адно выкінула. Саланая Валож. ГОРБА ж. Куча. У нас як капаюць бульбу, сыплюць яе ў горбу адразу на полі і перабіраюць тожа там, сыплюць у мяшкі і атвозяць. Баяры Маладз. ГОРКАСЦЬ ж. Тое, што і горач. Горкасць вялікая ў зялёных гурках, што та такоя? Бытча Барыс. ГОРКАЧ ж. Тое, што і горач. Горкач нейкая чуваць у капусьце, мусіць, ня ўкісла шчэ. Вялікая Вуса Уздз. ГОРКІ прым. Ёлкі. Бліноў рашчыніш, напячэш бліноў аржаных, хлебных, здорам тым, што ўжо горкі, з'ялчая, памажыш — ідуць тыя бліны. Саланая Валож. Горкае дзіця — наіўны, нявопытны малады чалавек. Куды яму жаніцца — дзіця горкае! Суднікі Віл. ГОРЛАЧКА н. Дзірка ў верхнім камені жорнаў, у якую засыпаюць зерне. Натта многа жыта насыпала ў горлачка, жорны цяжка круціць. Акалова Лаг. ГОРНАСЦЬ ж. Жальба. Як яго атпраўлялі на фронт, такая горнасць мяне агарнула. Рудня Чэрв. Такая мяне горнасьць ахапіла, што я чуць ні заплакала. Цялякава Уздз. ГОРСІК м. Крав. Гестка, какетка. У сукенцы горсік з другога матэрыялу. Саланая Валож.; параўн. польск. gors 'грудзі'. ГОРСЦЬ ж. Жменя. Прыбегла ўнучка, горсьцей дзьве ягат прынесла. Ляшчынск Мядз. З раніцы кіну куркам горсьць зярнят, а сама на работу. Дукора Пух. ГОРШЧЫК м. Гаршчок. Вось гэтага горшчыка нам на ўсю сям'ю хватая. Пярэжыр Пух. ГОРЫН м. Мулінэ. Сукенка ў маёй дачкі горынам вышыта. Каменка Уздз. ГОСЦІ мн. Бяседа. Сяганьні ў мяне госьці: прыехаў пляменьнік зь Мінску, прыдуць сёстры, браты, — пагуляем. Рабунь Віл. Знаёмыя або незнаёмыя людзі, запрошаныя ў якасці гасцей. Нашы госьці прыягджаюць у вотпуск любой парой, як ім выходзіць. Савоні Стаўб. ГРАБАВІДЛА н. Грабільна. Граблі нейкія дрэнныя: грабавідла тоўстае і шурпатае, у руках ня ўдзержаць. Зазерка Пух. ГРАБАЛКА ж. С.-г. Сельскагаспадарчая машына для зграбання сена, рабочай часткай у якой з'яўляюцца металічныя зубы. На конныя граблі ў нас хто грабалка, а хто грабілка гавораць. Вялікая Вуса Уздз. Ты сёньня паедзяш грэпці на грабалцы? Дукора Пух. ГРАБАРКА ж. Тое, што і грабалка. Вядзі быстрэй запрагайся ў грабарку, а то ня будзя калі і рабіць. Бяларучы Лаг. Павозка вазіць пясок, гліну. Запрагай у грабарку і па пясок едзь! Забалоцце Смал. ГРАБАРЫ мн. Жарт. Пальцы. У кога сям'я вялікая, лёхка, а я адна, старая, а трэба перагрэпсці гэтымі грабарамі ўвесь агарод, то мне цяшка. Зазерка Пух.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 290 ▶