ГАТАВАЦЦА і ГАТОВІЦЦА незак. Рыхтавацца. Трэба каб вучыўся, гатавоўся паступаць. Цялякава Уздз. Да сьвятаў яны заўсёды гатаваліся, а гэты рас гора вялікае — нічога ні робяць, як і сьвята ні сьвята. Грабёнаўшчына Стаўб. Пачоў бацька гатовіцца да вясельля. Суднікі Валож.
ГАТАР м. Будыніна, дзе сушылі, а затым і церлі лён. Раней рабілі гатар, там лён мялі. Завішына Лаг.; параўн. ням. Gatter 'лесапільны станок'.
ГАТКІ гл. агаткі
ГАТОВІЦЦА гл. гатавацца
ГАТОЎЛЯ ж. Загатоўка. На гатоўлю дык як хто наравіць, аплавачкі хто бярэць, а болі дык не. Нядаль Барыс.
ГАЎ, ГАЎ выкл. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння брэху сабакі. Патходжу бліжэй ґ гэтаму каню, а там нямецкая аўчарка гаў, гаў. Чырвоны Пасёлак Пух. ◊ Ні гаў, ні мяў, ні кукарэку асудж. — пра таго, хто не падае вестак аб сабе. А ён як паехаў, ні гаў, ні мяў, ні кукарэку. Цялякава Уздз.
ГАФТАВЫ у знач. прым. Вышываны. Чыя гэта дзеўчына ў гафтавым каптане? Як сьнягурачка размаляваная. Узгурск Чэрв.
ГАФТКА ж. 1. Пятля для кручка. Парвала спадніцу. Ня можа, гультаіна, гафтку зрабіць, ходзіць са шпількай. Мікалаеўшчына Стаўб. 2. Дзірачка для гузіка. Пашыла жакетку, засталося толькі прарэзаць і апкідаць гафткі. Буду фарсець. Ляшчынск Мядз.
ГАХНУЦЬ зак. Экспр. Памерці. Саматоха была ваенная, а яна на запаленьне забалела, вось і гахнула. Баяры Маладз.
ГАХТА ж. Тое, што і гапт. — Што ты купіла ў Хатынічах? — Капу і гахты на падузорнік набрала. Якімаўка Круп.
ГАЦАВАЦЬ незак. Бегаць. Такая дарослая дзяўчына, а гацуе зь дзецьмі па сяле. Грышкавічы Віл.
ГАЦАЦЬ незак. Гоцаць. Гацаюць, як козы, дзень цэлы. Кукалеўка Чэрв.
ГАЦІ толькі мн. Мужчынскія штаны. Гаці паткасаў і палес даставаць. Саланая Валож.; параўн. польск. gacie 'кальсоны'.
ГАЦІЦЦА незак. Біцца. Не папусьцяць адзін аднаму, кожны дзень гацяцца. У гэтым домі мужык ж жонкай кожну ноч гацяцца. Літва Стаўб.
ГАЧАК, ГАЧЫК м. Шпілька. Некатары дзяўчаты юпкі на гачках носяць, ляніцца ўшыць аплічок — так і зносіць. Рудня Чэрв. Ганна кветку ў валасах гачыкам прымацавала, дак так прыгожа! Нарбутава Лаг.
ГАЧКА ж. Матыка. Некалі бульбу садзілі сахой, асыпалі гачкамы, бо ні было чым. Усё гэтымы гачкамы гакалі. Ластаянцы Валож. Гачкай добра буракі асыпаць. Палачаны Маладз. Хадзі, дачушка, дамоў, нясі гачку. Пойдзем бурачкі гачкаваць. Хожава Маладз. Бяры гачку, падзем на грады. Баяры Віл. У мяне адна гачка лёхкая, а другой дзень як папалю, рукі баляць, ні падняць нічога. Баяры Маладз.
ГАЧКАВАЦЬ незак. Матыкаваць, узрыхляць гачкай. Ты гачкай гачкуй гратку, а я траву буду выбіраць. Асіпавічы Віл. Трэба гачкаваць бульбу, зусім зарасла. Хожава Маладз.
ГАЧЫК гл. гачак
ГАШТА ж. Бат. Флёкс (Phlox). Сама лепій пахніць, дык я ґашты таму й насадзіла многа. Зуі Стаўб.
ГАШТАР м. Тое, што і ґашта. Люблю, калі каля хаты ґаштар цьвіце. Мацкі Мядз.
ГАЮШЧЫ у знач. прым. Гаючы. Сок з альясу гаюшчы, любую рану гоіць. Цялякава Уздз.
ГВАЗДАДЗЁР, ГВАЗДЗЯДЗЁР м. Спец. 1. Сякера з расшчэпам, якой выдзіраюць цвікі. Падай гваздадзёр, цьвік вырваць трэба. Ціханава Слабада Стаўб. Новы гваздадзёр купіў сабе, хай будзя. Гарадзечна Валож. 2. Шчыліна ў сякеры, з дапамогай якой выцягваюць цвікі. Гваздадзёр харашо, як ні так забіў гвозьдзь, дык узяў і выцягнуў. Рабунь Віл. Гвазьдзядзёрам гвазьдзё лепш драць, як шчыпцамі. Вялікая Вуса Уздз.
ГВАЗДЗЕЛЬНЯ ж. Месца ў кузні, дзе робяць цвікі. Трэба схадзіць на гваздзельню, да далёка йсьці — часу ня выбяру. Завішына Лаг.
ГВАЗДЗІЛЬНІК м. Тое, што і гваздадзёр. Падай гвазьдзільнік, цьвік сагнуўся, трэба выцягнуць. Ляхавічы Дзярж.
ГВАЗДЗЮК м. Бат. Гваздзік садовы (Dianthus). Гвазьдзюкі садзяць толькі ў гародзе. Цёмна-вішнёвага колеру, як бархатныя. Малмыгі Віл. На гвазьдзюках многа лісточкаў, такіх вузінькіх і доўгіх лісточкаў. Бясяды Лаг.
ГВАЗДЗЯДЗЁР гл. гваздадзёр
ГВАЗДОК м. Драўляны шпянёк, які забіваецца ў адтуліны для змацавання. Гваздок з дубу вельмі моцны. Канстанцінава Мядз. Зрабі новы гваздок у навой, стары слабы, можа зламацца. Саланая Валож.
ГВАЛТАВАЦЬ зак. Падымаць гвалт, крычаць, прасіць ратунку. Дам зараз, дам есьці, шчаняты вы, а то ўжо гвалтуяця. Вялікая Вуса Уздз. Калі начала гарэць салома, людзі закрычалі. Так страшна крычалі, гвалтавалі, і я толькі помню крык Міколачкі свайго: „Мама!" А боляй ня помню нічога. Высокі Бераг Барыс.
ГВЯЗДА ж. Звязда. Сёньня столькі ґвяздаў на небі! Пруды Стаўб.; параўн. польск. gwiazda 'тс'.
ГВЯЗДАЧКА ж. Бат. Іскарка, разнавіднасць гваздзікоў (Dianthus deltoides). А-йе-йаей, як красіва, як зорачкі, выглядаюць ґвяз-
97 👁