ВЫДЗЯРЖЫМАСЦЬ ж. Вынослівасць. Як выдзяржымасць добрая, то сабака ні стамляіцца. Ляшчынск Мядз.
ВЫДРА ж. Груб. Злая, няўжыўчывая жанчына. Вот, выдра, ну, проста асою ў вочы лезя. Цялякава Уздз.
ВЫДРАПКАВАЦЬ зак. Апрацаваць культыватарам. Тут трэба выдрапкаваць драпаком, то можа хоць парасьце што. Цвіркі Стаўб.
ВЫДРАЦЬ зак. 1. Выпатрашыць. Рыбу трэба спачатку паскрэпці, а потым выдраць. Забалоцце Смал. 2. Тое, што і выбраць. Сёньня я выдрала дваццаць адну сотку буракоў. Дрычын Пух.
ВЫДУБІЦЦА зак. Экспр. Памерці, даць дуба. Зрабілі яму аперацыю і кажуць, трэба яму крупніку курынага. А ён груцы густой наеўся, перасоленай — і выдубіўся да сьвету. Аляхновічы Маладз.
ВЫДУКОЎВАЦЬ незак. Падрыхтоўваць да школы. Яго выдукоўваюць, дык ён малы, а ўмея так добра гаварыць. Бытча Барыс.
ВЫДУНДЗІЦЬ зак. Выссаць. Цяля выдундзіла ўсе малако ў каровы, нічога не надаіла сабе. Зазерка Пух.
ВЫДУРЫЦЬ зак. Абдурыць, абмануць. Да сям'і тут далёка, як да неба. Адно вядома: выдурыць ён яе, пакіне голую як ліпку і айда. Нежаўка Чэрв.
ВЫЕХАЦЬ зак. Выехаць на плячах чыіх-н. — нядобрасумленным спосабам выйсці з цяжкага становішча. О-о-о, яны такія! Я адно маўчу, нікому ні гавару, як яны на маіх плячах выяхалі. Памяркуйся с такімі! Савоні Стаўб.
ВЫЖАБІЦЦА зак. Пагнуцца, пакарабаціцца. Выжабілася падлога, трэба перасьцілаць. Малмыгі Віл.
ВЫЖАЛ м. Неадабр. Тое, што і віж. От выжал гэты, усе ўгледзіць, усе знойдзе, куды ні схавай. Ляхі Нясв.
ВЫЖАЛУКАЦЬ зак. Выпіць вялікую колькасць чаго-н. Збан малака выжалукалі. Баяры Маладз.
ВЫЖАРЫ толькі мн. Тое, што і выгарак. На выжарах траву сёлета пасеялі. Аношкі Віл.
ВЫЖАЦЬ зак. Аджаць, прапаласкаць. Першы рас выжала адзежу ў цёплай вадзе, а другі рас — у халоднай і павесіла сушыцца. Ляшчынск Мядз.
ВЫЖЛУХЦІЦЬ зак. Тое, што і выжалукаць. Увесь квас выжлухцілі за вечар. Баяры Маладз.
ВЫЖЫМКІ толькі мн. Макуха. Гналі алей, аставаліся выжымкі. З выжымак рабілі добрая пойла. Бясяды Лаг. Алей будзям есьці, а выжымкі будзям сьвіням даваць. Дукора Пух.
ВЫЖЫЦЬ зак. Падняць з лёжкі. Як толькі выжыву зайца, пускаю на яго сабаку. Забалоцце Смал.
ВЫЗБІРАЦЬ зак. Сабраць. У лесе грыбоў дачарта было, але зарас усе вызьбіралі. Русакі Стаўб.
ВЫЗВЕРЫЦЦА зак. Экспр. Глянуць зверам, крыкнуць. Як вызьвярыцца на сьвякроўку, тая ў сьлёзы. Цялякава Уздз. Ну, чаго ты вызьверыўся на сваё дзіця, што яно табе дрэннае зрабіла? Паплавы Бярэз.
ВЫЗІРАЦЬ незак. Выглядаць. Чаго вызіраеш с акна? Суднікі Стаўб.
ВЫЗНАЦЬ зак. Выведаць пра такое, што трымаецца ў тайне. Прыйдзецца вызнаць, пра што вы там дамаўляліся. Рудня Валож.
ВЫЙСЦІ зак. 1. Удацца. Усім яна вышла: і тварам і фігураю, а гультайка толькі. Кухцічы Уздз. 2. Накіравацца. Зьвер вышаў на жыр. Вішнева Валож. 3. Узяць. Сабака выйшаў на сьлет. Дукора Пух. Выйсці з рамак — парушыць агульнапрынятыя нормы. Брат мой такі харошы, такі спакойны, ціхі. А ўчора вышаў з рамак: сьпяваў цэлы вечар, пакепліваў зь дзяўчат, ведамо, сына жэніць! Вечатарова Стаўб. Выйсці сухім — застацца беспакараным. Бацька наш быў чалавек разумны, ён табе выдзе сухім з любога становішча. Мікалаеўшчына Стаўб.
ВЫКА ж. Тое, што і віка. У нас сеюць выку толькі скаціне. Рудня Чэрв.
ВЫКАВЫ прым. Вікавы, з вікі. Выкавай мукой сечку коням абмешвалі, выгадней, як сыпаць зярно. Рудня Чэрв.
ВЫКАЗАЦЬ зак. Выдаць, удаць. Аднаго здрадніка выказалі людзі, а на судзе ён назваў і сваіх хаўрусьнікаў. Дрычын Пух.
ВЫКАЛАЧВАЦЬ незак. 1. Вытрэпваць, вытрасаць. Выкалачвай рубашку, а то пылу ў ёй чорт ведае колькі. Рудня Чэрв. 2. Выбіраць, вытрасаць. Як жыта малоцім, парадашна кулёў навыкалачваем, крышу крылі імі. Бытча Барыс.
ВЫКАНАЦЬ зак. Вынасіць на закуп. За гот і па чатырыста літраў выканаям, а калі і боляй. Белае Пух.
ВЫКАПАНЫ у знач. прым. Выліты, падобны. А Валік твой — выкапаны бацька! Брадок Лаг. Сын выкапаны татуля. Баяры Віл.
ВЫКАПАЦЬ зак. Выкінуць з хлява, катуха (гной). Зарас за вілкі, пашла ў хлеў, думаю, выкапаю троху гною, вынясу за хлеў. Залазоўе Віл.
ВЫКАРАБКАЦЦА зак. З вялікімі цяжкасцямі адкараскацца ад каго-н. Я ішоў берагам, бабы мяне як зацягнулі ў рэчку, дык і вуды паламалі, і тапачкі паплылі, і капялюш увесь падралі і лілі на галаву ваду, — чуць я ад іх выкарабкаўся. Кукшавічы Дзярж.
ВЫКАРМІЦЬ зак. Скарміць. — Здзік, ты
82 👁