Старонка 69
◀ / 290 ▶
ВУШЫ мн.; адз. вуха н. 1. Дэталь да аглоблі. Вушы к аглоблям прырабляюцца, адзяваюцца на восъ. Мікалаеўшчына Стаўб. 2. Абрэзкі скуры, нашытыя на аброць. Вушы робяцца, калі конь пужлівы, каб не бачыў, што робіцца ззаду і збоку. Ігрушка Круп. 3. Выступы ў бярвеннях, якія ўпускаюцца ў вушак. У вушаку нада выдлубаць пас, каторы будзіць надзівацца на вушы, зарэзаць вушы на шырыню паса. Даўгінава Віл. ВЫБАВІЦЦА зак. Выйсці з цяжкага становішча. Нічагуткі, як-небудзь выбавімся з гэтай бяды. Асавец Маладз. ВЫБАВІЦЬ зак. Вызваліць. Яго немцы ўхапілі, як хапун быў, але бацька выбавіў сь цюрмы. Цялякава Уздз. Што матка папалётала, каб яго выбавіць. Савоні Стаўб. ВЫБАЙ і ВЫБОЙ м. Выбоіна. Гэты выбай пака праедзіш — гора набярэсься: колы вязнуць у гразі. Грабёнка Чэрв. Калёсы заселі ў выбоі, чуць выбраліся. Ігрушка Круп. ВЫБАРКА ж. 1. Даставанне, выцягванне. Сёньня робім выбарку гарлачоў з горна. Беразіно Бярэз. 2. Уборка. Пачалася выбарка бульбы. Рудня Лаг. ВЫБАРОНЫВАЦЬ незак. Выбараноўваць, апрацоўваць раллю бараною. Яна [баранасмык] выбаронываць нічога ні выбаронавала, толькі гладзіла, але і лён рэс, і авёс альбо ячмень сеілі. Бакачы Мядз. ВЫБАХАЦЬ, ВЫБУХАЦЬ зак. Выліць, неэканомна расходаваць. Выбахалі ўсю ваду цёплую, нямашака чым памыцца. Суднікі Стаўб. І калі ш ты пасьпеў гарачую ваду выбухаць? Яшчэ ўся работа наперадзі, ды й смаліць яшчэ не закончылі. Межава Чэрв. ВЫБІВАННЕ н. Працэс выемкі дзірак. Выбіванне робіцца долатам, а па долаці б'юць малатком, тады дзірка скора выбіваіцца. Бытча Барыс. Канчай выбіваньне, памажы мне зьбіць карыта. Пруды Стаўб. ВЫБІВАЦЬ незак. Высякаць крэсівам (іскру, агонь). Калі як шапка пры бярозе нарастае, дык завуць губа. З губы ў вайну агонь выбівалі. Мікалаеўшчына Стаўб. ВЫБІРАЛЬНІЦА ж. Выбіральшчыца. Наймём выбіральніц, бо бульбы много і харошая парасла. Рудня Чэрв. ВЫБІРАНКА ж. Посцілка з узорамі. Выбіранкі ў нас ткалі на ставах, ткалі ў некалькі нітоў, кветкі выбіралі рознымі ніткамі. Пудзіцк Пух. ВЫБІРАНЦЫ толькі мн. Каноплі з семем. Выбіранцы рвуць восеньню, у іх сямёня ёсьць. Такарышкі Іўеў. ВЫБІРАЦЬ незак. 1. Вырываць з зямлі. Лён выбіралі, ірвалі, бралі — усё роўна. Ратуцічы Барыс. 2. Выразаць па дрэве. Дзяцька вельмі ўжо хораша выбірае па дрэве расцом узоры. Гілікі Валож. ВЫБІРАЧКА ж. Тое, што і выбіральніца. На нядзельку выбірачак назвала, а то сама ні ўпраўлюся з бульбай. Рудня Лаг. ВЫБІТАЯ дзеепрым. Укатаная, працёртая. Да Станькава дарога і зімою выбітая. Па глаткай, добра выбітай дарозе коні шпарка бягуць. Ляхавічы Дзярж. ВЫБІЦЦА зак. Выйсці. Цяперака ўслоны, па-даўнейшаму звалі скамейкі, праз усю хату якія стаялі, з моды выбіліся. Баяры Маладз. ◊ Выбіцца са сну — доўга не спаць, варочаючыся. Як удумаесься, як мучыліся людзі ў вайну, выб'есься са сну, цалу ночку не засьнеш. Дрычын Пух. Выбіцца ў людзі — пасля вялікіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Сірата, а ў людзі выбілася. Забалоцце Смал. ВЫБІЦЬ зак. Расстраляць. Як уварваліся фашысты ў вёску, усіх людзей выбілі. Зазерка Пух. ВЫБОЙ гл. выбай ВЫБОЙНЫ прым. Выбоісты, на ямах. Выбойная дарога, ямы такія, ехаць плоха. Вязынка Маладз. ВЫБРАСВАЛЬНІК м. Паляўн. Выкідальнік. Выбрасвальнікам дастаецца гільза. Пруды Стаўб. ВЫБРАСЫВАЦЕЛЬ м. Паляўн. Тое, што і выбрасвальнік. Выбрасывацелем вынімаем гільзы са стрэльбы. Рудня Лаг.; параўн. рус. выбрасыватель 'тс'. ВЫБРАЦЬ зак. Выпалаць, ачысціць ад пустазелля. Агарод выбрала за дзень, праўда, травы нямнога было. Дрычын Пух. ВЫБРЫНДВАЦЦА, ВЫБРЫНДЖВАЦЦА незак. Высыпацца, размохрывацца. Па пругах найлепей шшываць, яны ня выбрындваюцца. Хожава Маладз. Усякая шво апкідаюць, каб ня выбрынджвалася. Нізок Уздз. А гэта ж во ці кліны, ці проста якія швы, то каб ні выбрындваліся, то апкідаць трэба. Вязынка Маладз. ВЫБУДОЎВАЦЦА незак. Перабірацца, высяляцца. Івашкін зоўтра будзе выбудоўвацца ад нас. Ляхавічы Дзярж. ВЫБУХАЦЬ гл. выбахаць ВЫБУШАВАЦЬ зак. Выкінуць. За тры гадзіны ўвесь гной выбушавалі с хлява. Папоўка Мядз. ВЫВАДЗІЦЬ незак. Выцягваць голасам. За рэчкай недзя дзявочыя галасы вывадзілі даўнюю песьню. Узгурск Чэрв. ВЫВАЗІЦЬ незак. Вывозіць. Вызначылі ўжо такіх людзей, каторыя будуць салдата дзе-та вывазіць, і каб ён там загінуў. Даўгінава Віл. ВЫВАРАТКА ж. Выварацень. Мусіць, сільны вецер быў, выварадкі ў лесе многа. Ляхавічы Дзярж. ВЫВАРАТНІК м. Тое, што і выварадка.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
93 👁
◀ / 290 ▶