Старонка 68
◀ / 290 ▶
пройму рукава пад пахай. Шво ў вустаўцы распаролася, не зьбяруся зашыць. Вялікая Вуса Уздз. ВУСЦІШ ж. Цішыня, спакой. Якая цудоўная вусьціш у лесі! Елкі такія гожыя! Узгурск Чэрв. ВУСЫ мн. Тонкія доўгія асцюкі на каласах некаторых злакаў (ячменю, жыта, пшаніцы і інш.). Вусы доўгія на ячмені. Ратуцічы Барыс. У ячмені каласок выплывае, вусы відаць. Савоні Стаўб. У ячмені дужа вусы большыя. Ігрушка Круп. Тое, што і валаскі. Як ужо вусы на пачатках пачарнеюць, тады можна варыць пачаткі. Дукора Пух. ВУТКА ж. Качка свойская і дзікая. Мала ў міне вутак: то ні вышлі, то кошка паела малыя. Падзерычы Стаўб. У нас ахоцяцца на вутак дзікіх, на зайца, лісу, ваўка. Пруды Стаўб. ВУТРАМ прысл. Раніцай. Вутрам зноў яны тут. Пудзіцк Пух.; параўн. рус. утром 'тс'. ВУУУЎ, ВУУУЎ выкл. Ужываецца для абазначэння гудзення машын. Тады чую: вуууў, вуууў, усё гудзіць і гудзіць нешта. А гэта ш быў трыццаць дзівяты гот. Восінь. Лоск Валож. ВУХА н. Прыстасаванне ў выглядзе кавалачка дрэва з дзірачкай, куды ўстаўляецца ніжні канец млёна ў жорнах. Адламалася вуха ў нашых жорнах, то нічога цяпер не змеляш. Мікалаеўшчына Стаўб. Вуха набіваць проціў каго-н. — настройваць супраць каго-н. Дзеткі малыя, работа ў школі, хазяйства, карова, можа дзе што і нідаробляная было, але матка, як прыедзя, замест таго каб памахчы нявесцы, будзя гаварыць: „От у яе цадзілка нямытая, клінок нячысты, а яна такая, а яна сякая, — вуха набівала проціў яе. Мікалаеўшчына Стаўб. Вушамі хлопаць — не ўспрымаць тое, аб чым гаворыцца. А гэта ўжо як пагаворка якая пра таго, хто не ведае нічога, кажуць: толькі вушамі хлопае, не панімая. Вязынка Маладз. І вухам не вядзе — не рэагуе, не звяртае ўвагі. Ёй кажуць: „Успакойся!", а яна й вухам не вядзе. Горкі Стаўб. На свае вушы (чуць) — самому непасрэдна (чуць). Настася з Вінцусем пасварыліся за некія грошы, я чула на свае вушы, як яны спорылі. Бяларучы Лаг. Па вушы — вельмі многа; вельмі глыбока. У даўгу па вушы сядзіць, а ўборы спраўляіць. Што сабе дзеўка думаіць? Канстанцінава Мядз. Робя ён у полі, а я дома завіхаюся, бо работы па вушы і дома. Вялікая Боркаўшчына Маладз. А выдзяш на вуліцу, дык грась, улезіш па вушы. Зарэчча Стаўб. Сваімі вушамі (чуць) — тое, што і на свае вушы. Я чула сваімі вушамі, што цётка абзывала нецанзурнымі словамі сваіх суседак. Савоні Стаўб. ВУЦЬ-ВУЦЬ-ВУЦЬ выкл. Словы, якімі клічуць качак. Вуць-вуць-вуць, вутачкі, вуць-вуць, харошыя, бяжэця есьці. Гілікі Валож. ВУЦЬКА ж. Качаня. Вуцькі як выведуцца, адразу ш ідуць на рэчку. Узгурск Чэрв. ВУЦЯНЯТКА н. Качаня. Маленькія вуцінятні бегаюць па двары, а сама вутка як гаспадыня шлындае. Рудня Валож. ВУЧАЛЬНІК м. Вучань. Які гэта вучальнік, дажа кнішку ў рукі не бярэ. Пудзіцк Пух. ВУЧАНЫ і ВУЧОНЫ прым. Пісьменны, адукаваны. Папо мой па тым часе вучаны быў чалавек. Савоні Стаўб. У майго суседа дачка вучоная. Вялікая Вуса Уздз. ВУЧЫЦЕЛЬ м. Настаўнік. Наш дык кажа, што ён добра зная, але ўсе вучыцеля кепскія. Падзерычы Стаўб. Працуе ў нас малады вучыцель. Пудзіцк Пух.; параўн. рус. учитель 'тс'. ВУЧЫЦЕЛЬКА ж. Настаўніца. Яна ш на вучыцельку вучыцца ў Мінску. Сцебіракі Віл. ВУЧЫЦЕЛЬНІЦА ж. Тое, што і вучыцелька. Наша вучыцельніца прыходзіла, казала, каб Гальку не пускалі туды. Зазерка Пух. ВУШАТ м. Цэбар. Была ў мяне карова, папала ў вушат сьцякло, а яна ўзяла ды выпіла — і здохла. Кукалеўка Чэрв. ВУШАТАЯ ШАПКА. Вушанка. А ён у вушатай шапцы і зімой і летам ходзіць. Пруды Стаўб. ВУШАЦІК м. Цабэрак. Я зварыла тры цаганы бульбы, жыта расьціла, на машынку пераргнала, дражджэй і задзелала саладуху ў вушаціку. Бяларучы Лаг. ВУШКА н. Пятля ў лапці для замацавання яго на назе. У лапцях вывязаныя з лыка вушкі, праз якія прадзявалася абора. Мы насілі лапці ў шэсьць вушок, мушчыны плялі на восем. Мікалаеўшчына Стаўб. Плялі лапці на сорак вушак. Дукора Пух. ВУШКІ мн. Заячыя вушкі (Scodellina leporina (Batsch.), асеннія грыбы, якія растуць каля валежніку, чырванавата- або ахрыста-карычневага колеру. Вушкі растуць не толькі на гнілых ляжачых паленах і дрэвах, а і на гнілых карчах. Раўчак Пух. Вушкі грыбныя кулін. Страва накшталт пельменяў, начыненых грыбным фаршам. Вушкі грыбныя робім рэдка, работы зь імі многа, трэба цеста дражджавое, грыбы сушаныя. Хожава Маладз. ВУШЛЫ прым. Разумны, разважны, дасціпны. От вушлыя дзеўкі таргуюць у нашым магазіні, хоць і маладыя. Бяларучы Лаг. ВУШНІК м. Урач, які лечыць хваробы вуха. Прыехаў новы ўрач, кажуць, вушнік, пайду вуха лячыць. Ляхавічы Дзярж. ВУШНЫ у знач. наз. Тое, што і вушнік. Майму забалелі вушы, дык я яго вазіла да вушнога ў бальніцу ў Мінск. Гілікі Валож. ВУШНЯК м. Вушак. На вушнякі Васіль краскі купіў, трэба будзе пакрасіць. Бясяды Лаг.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 290 ▶