Старонка 65
◀ / 290 ▶
ВОЛЬНІЦЬ незак. Паносіць. Жывот расстроіўся, нешта вольніць. Гілікі Валож. ВОЛЬХА БЕЛАЯ бат. Вольха шэрая (Alnus incana). У вольхі белай ліст сіваваты, ствол сівы глаткі. Расьце каля рэчкі, каля балот. Ляшчынск Мядз. ВОЛЬХА ГРУДАВАЯ бат. Вольха клейкая (Alnus glutinosa). Вольха грудавая расьце на высокім месцы, кара бурая с трэшчынкамі. У грудавой вольсе няма слаёў, яна моцная, як бы пераплеценая. Ляшчынск Мядз. ВОМПІЦЦА незак. Непакоіцца, хвалявацца. Бачу, што і яны ш вомпяцца. Цялякава Уздз.; параўн. польск. wątpić 'тс'. ВОНДЗЕКА прысл. Вунь, во. Не шукай, не шукай, вондзека твая капота ляжыць, сама туды яе закінула. Ганцавічы Барыс. ВОНЬ ж. Смурод. Вонь на кароўніку, што нельга трываць. Рудня Чэрв. ВОНЬ прысл. і часц. Вунь. Вонь, кажа, ваўчаня. Дукора Пух. Вонь забяруць цябе цёці гэтыя, бяжы хуччэй дадому. Сакольшчына Уздз. Вонь Нінка яе — дзяўчына ладная ды і разумная. Падзерычы Стаўб. Вонь каб вы пайшлі туды, дык шмат бы чаго вам нагаварылі. Дрычын Пух. ВОНЯ ж. Тое, што і вонь. Воня некая ў сенцах, ш чаго б гэта? Нізок Уздз. ВОПАР м. Мелкаводдзе. Такі пясочак на вопары, вада чысьцянькая, так і хочацца купацца. Пудзіцк Пух. ВОПАЧКА ж. Вешалка, пятля вешаць адзенне. Вопачку адарвала, паліто вешала. Новы Двор Мін. ВОПУХ м. Мед. 1. Пухліна. Калі вопух, дык агнём гарыць гэта месца. Гілікі Валож. Вопух па целе пашоў. Лоск Валож. Палоць ні магу, шчэ вопух не сышоў з рукі. Цялякава Уздз. 2. Пухір. Капнула на нагу вару, дык вопух усхапіўся. Рудня Чэрв. ВОПЦАС прысл. Імгненна, вопрамеццю. Хто яго там напужаў — ня ведаю, але вопцас імчаўся зь лесу. Узгурск Чэрв. ВОПЦУСАМ прысл. 1. Тое, што і вопцас. А гэта вопцусам кінуўся, ведама ш, свайго бараніць. Акінчыцы Стаўб. 2. Нахабна. Я яму і анучаю па твары, а ён ка мне вопцусам лезя. Мікалаеўшчына Стаўб. ВОРАК м. Мяшок са зрэбніны. Была ўжо матузоў нарабіла, каб воркі было чым завязаваць, а як трэба, дык аніводнага ні знойдзіш. Рудня Валож. Паўворка бульбы насыпала ёй. Няровы Валож.; параўн. польск. worek 'тс'. ВОСВА, ВОСМА гл. асва ВОСЕЦЬ ж. 1. Прыбудоўка да тока, у якой сушаць снапы. Жыта сажнём і ў восяць паставім, высушым, да дня ўстанім, абаб'ём цапамі, у жорны зьмелім і хлеп сьпячом. Старыя Габы Мядз. 2. Колькасць снапкоў лёну, якія ўмяшчаюцца ў будынку — сушылцы. Раней кожная мялка па тры восіці вымінала лёну за восінь, а ціперака й калаўроты павыкідывалі. Аўгустова Валож. ВОСНІЦА ж. Восень, асенняя пара. У восьніцу многа грыбоў у нашым лесе. Пудзіцк Пух. ВОСТРАЎ м. Грудок, выспа сярод балота. У нас тут няма астравоў, а езьдзілі на Вароніцкія балата на сена, там е астрава. Вецярэвічы Пух. ВОСТРЫ прым. Сцюдзёны. Вострая вада хоць і ў зубы заходзіць, але добра піць. Мікалаеўшчына Стаўб. ◊ Вострая на язык хто-н. — пра таго, хто ўмее дасціпна сказаць. Ох, якая ш яна вострая на язык! Забалоцце Смал. Лёгкі на язык хто-н. — хто не ўмее трымаць сакрэты. Яна лёхкая на язык, абы чуць што, ужо й панесла. Хожава Маладз. ВОСЦЬ ж. Асцюк, доўгі тонкі вусік на каласах некаторых злакаў (ячменю, жыта, пшаніцы). Восьць папала ў вока, вельмі рэжа. Вецярэвічы Пух. ВОСЫП м. Мед. Высыпка. Восып бывае па ўсім целі. Пруды Стаўб. ВОСЬ прысл. Потым, пазней. Я вось падмяту, цяпер няма калі. Цялякава Уздз. ВОСЬМЕРА гл. васьмёра ВОСЯЛКА ж. Восілка. Набяры вады ў тоя вядро, што да восялкі матус прывязаны, гэта ні чапай. Мікалаеўшчына Стаўб. ВОТМУТ м. Вір. Вотмут — крутое месца, заварот на рацэ, яго раней вірам называлі. Рудня Чэрв. ВОТРАНЫ толькі мн. Дробныя адходы пры арфаванні збожжа. Жыта на сіта прасейваіцца, вотраны адлятаюць адзьдзельна. Як жыта мокрае, дык мала вотран. Бытча Барыс. Карова вотраны паядала. Ігрушка Круп. Вотраны — як малоцюць, дак памятыя каласкі. Ратуцічы Барыс. ВОТРУБЯ зб. Вотруб'е. Як прасеюць муку, так астаткі, што астаюцца, і будзе вотрубя. Ігрушка Круп. ВОТЧЫМ м. Айчым, няродны бацька. Надзін вотчым добры. Пудзіцк Пух. ВОЎК м. Будаўн. Верхні стык страхі, вільчык. Хату канчаюць крыць, застаецца адно воўк зацягнуць. Самы верх у страсе, дзе сыдзецца адзін бок з другім, вот там воўк. Мікалаеўшчына Стаўб. ВОЎКАЎ ГРЫБ, ВОЎЧЫ ГРЫБ гл. грыб ВОЎЧАЯ КРАПІВА гл. крапіва ВОХВАТ м. Чорт. Як малая была, дык усё вохватам страшылі. Рудня Чэрв. ВОЧАРАДЗЬ ж. Чарга. У прудзі сёньня такая вочарадзь вялікая, што да вечара ні зьмелім. Пастуха па вочарадзі дзержуць. Ігрушка Круп. Ну й вялікая ш вочараць, проста не дабіцца. Папоўцы Віл.; параўн. рус. очередь 'тс'.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 290 ▶