Старонка 49
◀ / 290 ▶
шуй хаці верхні камень [у жорнах] бягун завуць, а ніжні — ляжак. Горкі Стаўб. БЯДА ж. ◊ Не бяды — добры. От, узяў сабе дзеўчыну не бяды ды жывуць памаленьку. Зазерка Пух. БЯДАК м. Гаротнік. Бацька хварэў усю зіму, а пад весну памёр-такі, бядак. Язні Віл. БЯДАКА м. Тое, што і бядак. Такі ж ужо быў бядака, а бач, да сто гот дажыў. Мікалаеўшчына Стаўб. БЯДНЕЙШЫ прым. Выш. ст. да бедны. Яна багатырка, а ён быў трохі бяднейшага роду. Пудзіцк Пух. Уперат нарот бяньнейшы быў, а за гэтыя гады абжыліся. Баравая Пух. БЯЗБРЭЖНА прысл. Непрыстойна, брыдка. Яна бязбрэжна сябе вяла. Дукора Пух. БЯЗГРУДНЫ прым. Бязгруды. Яны некія бязгрудныя, нізграбныя, як дошкі. Цялякава Уздз. БЯЗДЗЕЛЬНІК м. Неадабр. Нядбайнік. Паслаў бацька касіць, дык ён узяў ды касу зламаў. Та нашто ш ты ламаў, бязьдзельнік ты! Малмыгі Віл. БЯЗДЗЕЛЬНІЧАЦЬ незак. Бяздзейнічаць, не праяўляць дзейнасці. Бяздзельнічаюць толькі гультаі, а калі маеш ахоту, то работы ціпер па горла, любой. Кукалеўка Чэрв.; параўн. рус. бездельничать 'тс'. БЯЗДЗЕТУХА ж. Бяздзетная жанчына. Там нека бязьдзетуха, дзяцей німа, казалі, прыбрала хорашо, хорошо ў хаці і купіла куклу бальшую, пасадзіла на дзіван куклу бальшую, бальшую, як наша Марына. Савоні Стаўб. БЯЗЛАДЗІЦА ж. Бязладдзе, беспарадак. Такая ўжо ў яе бязладзіца, уся гаспадарка хутка разваліцца. Каменка Уздз. БЯЗЛЮДНІК м. Чалавек, які не падтрымлівае сувязі з роднымі, сваякамі. Бязьлюднікі, бо каторыя людныя, то тыя глядзяць роду — ці напісаў бы, ці заехаў бы Лёнік той, а то як паехаў, дак і ні бачылі. Савоні Стаўб. БЯЗРУЧЧА н. Неадабр. Няўдаліца. Зарас вазьму розгу дый па руках. Бязручча гэнае, усё ў яго з рук падая. Абы за што ўзяўся, так і паб'е. Бясяды Лаг. БЯЗУЛЬНІК м. Гарэза, свавольнік. Во мой бязульнік на печы сядзіць. Узгурск Чэрв. БЯЛІЦЬ незак. Прыпраўляць страву малаком, смятанай. Я як бялю, дык бялю, не шкадуючы, бо майму нельга есьці жырнага, яму ўсё каб забеленая. Мікалаеўшчына Стаўб. БЯЛЛЁ н. Бялізна, нацельнае адзенне. Скоранька зьбегаю на возера папалашчу бяльлё. Вішнева Валож. Бяльлё цяпер у машынах мыюць, а рукамі не. Вецярэвічы Пух. БЯЛЬМАТЫ прым. З вялікімі на выкаце вачамі. Я думала харошы хлопяц, а ён бяльматы нейкі, вочы сьветлыя. Краснае Маладз. Ён быў бы нічога, каб не такі бяльматы. Вецярэвічы Пух. БЯЛЯНАЧКА ж. Бат. Ваўнянка белая (Lactarius pubescens). Паляту ш шчэ ў гэныя бяроскі, а там лісічкаў і бяляначкаў набяру поўны кошык. Бакачы Мядз. БЯРДАНА ж. Паляўнічая стрэльба. Бачу я ў яго бярдану новую. Палачаны Маладз. БЯРДАШНІК м. Майстар, які робіць і збівае бёрды. Бёрды дзелалі бярдашнікі і вазілі па сёлах прадаваць. Шавярнічы Бярэз. БЯРКОВЕЦ гл. беркавёц БЯРЛОВЫ прым. З непрасеянай мукі, з высеўкамі, з мякінай. А жыта было малоя, с травою, і жнеш і рвеш. А хлеп бярловы пяклі, з нявеянай мукі. Бярловы хлеп. Усё бярловы хлеп быў. Ластаянцы Валож. А хлеп бярловы пяклі, папалам зь мякінай, з высеўкамі, чорны. Во які хлеп мы елі. Падбярэзь Валож. Дасыпалі мякіны, і гэта ў нас называлася бярловая мука. Хлеп пяклі с такой мукі, страх было глядзець на гэты хлеп. Саланая Валож. БЯРНО н. Бервяно. Не заўважыў ляжачага бярна, пасьлізнуўся і ўкінуўся ў густую жыжу. Узгурск Чэрв. І так нашу вёску спалілі, што ні аднаго будыначку ні асталося, ні аднаго бярна ні асталося. Новікі Мядз. БЯРОЗАВІК м. Тое, што і баравік бярозавы. Першыя с праўдзівых грыбоў находзяцца бярозавікі, находзяцца яны пад Міколу, калі жыта красуе. Дамашэвічы Баран. БЯРОЗАВІК м. Настой бярозавай кары. Дзеці ў маі, як атсеюцца, і аж да ягат па лесі бегалі, бярозавую кару дралі. А потым кару сушылі, зімой у вар кідалі, парылі, давалі атстоіцца. У бярозавік ніткі кідалі, каб на красны цьвет пакрасіць. Задор'е Лаг. БЯРЭМЯННАЯ прым. Цяжарная. Мая нявестка зноў бярэмянная. Малмыгі Віл.; параўн. рус. беременная 'тс'. БЯСЕДАВАЦЬ незак. Абменьвацца думкамі. Я зь яго [сынавай] учыцелькай бяседавала, яна яго хваліла, раіла, каб паступаў куды вучыцца. Порычы Валож. БЯСКЛЁПАЧНЫ прым. Неадабр. Някемлівы, неразумны. Такі ўжо бясклёпачны мой чалавек, ня бачыць, што пад носам робіцца. Дукора Пух. БЯСПЛАТНЕ прысл. Без аплаты. Хто табе бясплатне аддась. Вецярэвічы Пух. БЯССЛОЎНЫ прым. Маўклівы. Як трэба гаварыць, дык ён зусім бясслоўны: маўчыць, бы вады набраўшы. Грабёнка Чэрв. Чаму ты такі бясслоўны хлопец?! Вунь Кацька шчабеча і шчабеча, а ты бясслоўны, як вады ў рот набраў. Рудня Валож. БЯССОННЕ н. Бяссонніца. Што за бяссоньня такоя, другая гадзіна ночы, а мяне сон не бярэ. Дукора Пух.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁
◀ / 290 ▶