АСТОПКІ толькі мн. Стары, стаптаны абутак. У нас дык усе астопкі валяюцца на гарэ. Паплавы Бярэз.
АСТРОВАЧКІ толькі мн. Прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д. Высікалі елачкі сукаватыя, убівалі у зямлю, а на сукі клалі яшчэ елачкі, лажылі солому і на такія астровачкі насыпалі галоўкі лёну. На астровачках яны сохлі, як пагода добрая, як не, дасушвалі ў ёўні. Якімаўка Круп.
АСТУПІЦЬ зак. Узяць у кальцо, акружыць з паветра. Як аступілі нас нямецкія ірапланы, чуць мы ў лес уехалі. Альсевічы Мядз.
АСЦА ж. Сліна. Мне часта дрэнна становіцца, асцу гоніць, ташніць. Вецярэвічы Пух.
АСЬМІНА ж. Уст. Драўляная бочка з клёпак для адмервання збожжа, роўная 50 кг. Калі ў бочцы паўтара пуда, гэта шаснастка, а калі тры — асьміна. Рудня Чэрв. Шаснасткай мераюць семяно, жыта, можна — бульбу, яблыкі, сьлівы. Адну набраць шаснастку, другую — гэта будзя ўжо асьміна. Дукора Пух.
АСЬМІНКА ж. Памянш. да асьміна. А замуш як цяшка было выйсьці! Навіт самі хлопцы сьміяліся, што ніхай будзя жонка як сьвінка, альбы грошы была асьмінка. Юнцавічы Віл.
АСЬМУШКА ж. Уст. Восьмая частка надзелу. Зямлі мала было ў нас, толькі асьмушка, жылі бедна. Рудня Лаг.
АСЯНЧУК м. Парася асенняга прыплоду. Прыдзецца продаць асянчука, бо ня хопіць корму нават для сьвіньні. Клетнае Барыс.
АТАБАРЫЦЦА зак. Прыпыніцца на некаторы час, асесці, часова пасяліцца. Добра ж вы тут атабарыліся. Сакаўшчына Валож.
АТВАРОГ м. Тварог. Атварогу аттаплю і ў лёхкі дух устаўлю. Дукора Пух.
АТОЖЫЛА ж. Атожылак. Да войны быў у нас сот вялікі, але зьмёрс, толькі на стволе одной яблыны адрасла атожыла, дык цяпер яна самая большая ў садзі. Нізок Уздз.
АТРОСАК м. Асудж. Нікому не патрэбны чалавек. Ці што чалавек? Гэта ж атросак нейкі! Клетнае Барыс.
АТРЭПНЫ прым. Вытканы з атрэп'я. Раней дзяўчыне ў пасах давалі дзяругу атрэпную, а тая дзяруга грубая, колючая. Дрычын Пух.
АЎЗЕРКА ж. Наглядчыца канцлагера. Дваццаць рас нас аўзеркі шчытаюць. Дваццаць рас мы па пёнткам стаім (3 песні вязняў канцлагера). Ухвала Круп.
АЎТАБУС м. Аўтобус. „Куды, — кажыць, ідзеш, цётка?" „Іду, — кажу, — можа, Толя мой прыедзіць гэтым аўтабусам, меецца на гэтых днях прыехаць". Язні Віл.
АЎЧАРНІК м. Авечы хлеў. Аспадыня была добрая, учоная такая баба, сазнавала ўсё. Аспадар жа як усходзіцца, нікому места німа, адзін займае дзьве хаты. Мы тады йдзём у сьвінарнік, ув аўчарнік і з жонкай, і з дзяцямі. Замошша Віл.
АЎШАК м. Вушак. Ён як стукнуўся аб аўшак, так і сумка на пол грукнула. Навасёлкі Валож.
АФІРАНКА ж. Фіранка. Афіранкі белыя, ды такія празрыстыя, прыгожыя ў цьвяточкі. Вялікая Вуса Уздз.
АФІЦЫНА ж. Уст. Флігель, падсобнае памяшканне для служачых у панскім маёнтку. Кухарка і пакаёўка жылі ў афіцыні. Цялякава Уздз.; параўн. польск. oficyna 'тс'.
АФЭРМА ж. Нязгрэба. Вот афэрма, — думаю, — не мог стрымацца, наброўся як мае быць. Як дамоў дабрацца?! Порычы Валож.; параўн. польск. oferma < ням. ohne Forme 'тс'.
АХАПАК м. Камяк. Вой, які сьнех! Валіць вялікімі ахапкамі, па бапскаму кулаку. Праўда! Саланая Валож.
АХКАЦЬ незак. Яхкаць (пра сабаку). Калі сабака ахкае, гэта добра: чуваць, дзе зьвер ідзе. Рудня Лаг.
АХЛУПАВАТЫ прым. Спадзісты. Стромая страха жыве даўжэй, чым ахлупаватая. Бясяды Лаг.
АХМІСТРЫНЯ ж. Уст. Аканомка; жанчына, якая вяла гаспадарку ў багатым доме. Ахмістрыня была на кухні, варыла, падавала на стол, ключамі заведовала. Ахмістрыня — которая хадзіла каля паноў, гэта быў чалавек аўтарыцетны ў доме. Бяларучы Лаг.; параўн. польск. ochmistrzyni 'тс'.
АХОДАВАЦЬ зак. Спарадкаваць, даць лад. Я люблю сваю курачку зарэзаць. Аходуеш яе, яна гэткая жоўцінькая — любата. Савоні Стаўб. Чалавек закалоў сытога кабана, не ахоўувай сёня, позна было, а пакінуў назаўтро, кішак ні выкінуў — і прапало мяса, затхлосё. Горкі Стаўб.
АХОДЖВАЦЬ незак. Клапатліва даглядаць. Карова мая хворая была, я так яе аходжвала. Вялікая Вуса Уздз.
АХОПАК м. Абярэмак. Вазьмі ты ў мяне ахопак сена, я ні шкадую. Бясяды Лаг.
АХ-ОХ выкл. Перадае спагаду, жаль да самой сябе з прычыны цяжкай работы. Ах-ох, многа нада было наткаць, патаму што ў нас куплёнага ні было за што купляць. Своё што выччам і своё толькі гэта во й насілі. Ракаў Валож.
АХРАПКА ж. Храпка. Мой самы малочшы Уладзь усё просіць: „Мама, абрэж мне ахрапку". Хацюхова Круп.
АХРЭН м. Бат. Хрэн (Armoracia). Да ўжо выпаліць печ [мама], выгарня качаргою попял гэты, да ўжо на лапату пасьцеля ахрэну або капуснага лісту і пасадзіць булку. Дрычын Пух.
134 👁