Старонка 245
◀ / 290 ▶
пяньковых вяровачак. А йшчэ вілі сь пянькі вяровачкі і рабілі тожа такія лапці зь вяровачак, натовікі гэта ўжо лічыліся. Вязынка Маладз. НАТОПКАЦЦА зак. Экспр. Нахадзіцца. Вот гэты стары, які зь яго чалавек ужо! К прымеру, і я. Як натопкаюся за дзень, прылехчы хочыцца, нічога ні на ўме. Баяры Маладз. НАТРЫВОЖЫЦЦА зак. Натурбавацца. Ён тады так нахваляваўся, натрывожыўся, што з твару ажно змяніўся. Турэц Чэрв. НАТРЭТНЫ прым. Капрызны, надакучлівы. Цехніка цяпер здорава спасая. Гэтако цяпер натрэтно лето было, запозьняно, і ўсё прыбралі — бабы летам гулялі. Савоні Стаўб.; параўн. польск. natrętny 'тс'. НАТУР м. Прадукты. І авечкі прадаў, і цялушку прадаў — вясельля ш трэба рабіць! Грошы шваґер аддоў, але ш і натура якога трэба трошка купіць. Забар'е Віл. НАТУШКА ж. Верхняя кароткая вопратка з тоўстай тканіны. Ужо цёпла, можна і ў натусцы ісьці. Сырмеж Мядз. НАТШЫ займ. Іншы, інакшы. Во тут памідоры некія натшыя, бальшыя, бяры тут. Заямнае Стаўб. НАТЫКАЦЬ зак. Пасадзіць. Картошку мы самі натыкалі, ён толькі пабаранаваў. Пудзіцк Пух. НАЎБОЧУ прысл. Збоку. Што ш ты, Яначка, села наўбочу? Патсовайся. Савоні Стаўб. НАЎДАГОН прысл. Наўздагон. А яна яшчэ кінула яму наўдагон некалькі злосных слоў. Скамарошкі Стаўб. НАЎЕЧКА ж. Сукенка, якую надзявае дружка на вяселле. Прышлі дзеўкі на вясельля ўсе ў наўечках, а я адна ў спадніцы ды ў катанцы. Жораўка Пух. НАЎЗА ж. Пчал. Рамка для вашчыны ў калодачным вулеі. Сёньня хацеў наўзу паставіць, дый так і не сабраўся. Рабунь Віл. НАЎЗАВАДЫ прысл. Ва ўсю сілу. Наўзавады каня пусьціць, прама с чатырох нох конь скача. Вязынка Маладз. НАЎЗЛЁТ прысл. На вока, не мераўшы. Прышлі, наўзлёт скідалі — і ўсё, самі і пашлі. Ляшчынск Мядз. НАЎЗНІЧ прысл. Дагары, тварам угору. Не лажыся наўзьніч, бо доўга ня паляжыш. Дукора Пух. НАЎЛЕЧКА ж. Навалачка. Белыя наўлечкі сталі шыць нядаўна і надзяваць на насыпку. Некалі спалі на адной насыпцы, без наўлечкі. Бясяды Лаг.; параўн. польск. nawleczka 'тс'. НАЎМАНЫ прысл. Наўгад. Зусім асьлепла, іголку наўманы ўводжу ўжо. Чабаі Валож. НАЎНЕТ прысл. Тое, што і нанет. Наўнет вымерзла картопля. Грыцкаўшчына Валож. НАЎПЕРАД прысл. У будучым. Жыў цар. І быў які-та мудры Саламон. Цар пачуў пра яго, што ён ізьвяшчаіць што-та такое наўперат, што будзіць некалі (з казкі). Даўгінава Віл. НАЎПЕРАДЗЕ прысл. Наперадзе, спераду. Квят на галаве не было, а была фата, як гэтыя модніцы цяперака адзяваюць, наўперадзе кружочык нейкі. Язні Віл. НАЎРЭЦЦА зак. Напаткацца, нарвацца. Думала, бабачкі, не дайду — такая цемень. Добра, што хлопец Гэльчын наўрэўся, дык батарэйкай сьвяціў. Слабодка Стаўб. НАЎСКІТКУ прысл. Страляць не выцэльваючыся. Іван вучыў мяне, як страляць наўскітку. Вялікая Вуса Уздз. НАЎСКОЧКУ прысл. Навыперадкі, стараючыся выперадзіць іншых. Уставалі ўдосьвіта і скарэй беглі на свой шмат. Жалі наўскочку, хто скарэй сажне свой шмат. Нядаль Барыс. НАЎСУСТРЭЧУ прысл. Насустрач. Мой сынок ідзе наўсустрэчу, вядзе гэту кароўку ды кажа: „Мамка, ня йдзі, там многа вельма немцаў. Мамачка, ня йдзі туды!" Чырвоны Пасёлак Пух. НАЎСЯГДЫ прысл. Назаўсёды. Наўсягды застоўся тут жыць, ды й ехаў сюды с такім намярэньнем. Сядзіца Віл. НАЎЧЫЦЕЛЬКА ж. Настаўніца. Толькі пішы добра, без блэндаў, старайся, а то наўчыцелька не пахваліць. Чараўкі Мядз.; параўн. польск. nauczycielka 'тс'. НАЎЧЫЦЦА зак. Набыць навыкі, уменне рабіць што. Захварэў брат, а ні было каму касіць. Я папрасіла аднаго чалавека, дык ён мяне вучыў касіць. Дык я наўчылася касіць. Ластаянцы Віл. НАФРЫЗАВАЦЬ гл. напрызаваць НАФТА ж. Газа. Я нафты наліла ў сяргач, кап хваціла, а вы ўжо самі запаліце, калі картоплі абрэжаце. Літва Стаўб.; параўн. польск. nafta 'тс'. НАФУНДАВАЦЬ зак. Напакаваць, накласці. І грыбэ як пачнуцца, то адно на базары й сядзяць. Карзіны пудовыя нафундуюць і на базар. Арцюхі Стаўб. НАФУФЫРЫЦЦА зак. Неадабр. Прыбрацца так, каб кідалася ўсім у вочы. Ну і нафуфырылася ты сёньні! Увесь дзень сядзела, мабыць, прад люстрам. Скамарошкі Стаўб. НАХАПУ прысл. На скорую руку, наспех. Яна вечна нахапу ўсё робіць, быццам часу не хапае. Касцюкі Барыс. НАХВОЦІЦЦА зак. Здаволіцца, сагнаць ахвоту. Я ні нахвоцілася з работы, пака і старась мяне агарнула, так давольна была рабоце, што яна ніколі ні надаядала мне. Кукшавічы Дзярж. НАЦЕРАБІЦЦА зак. Тое, што і наву-
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
◀ / 290 ▶