навозу хватае, вывозім і на зіму і вясной. Бытча Барыс.
НАВОЗАМ прысл. Загуменнем, задамі, сцяжынкай за вёскай. Навозам пойдам, бо ў вёсцы ня вылясьці, а навозам гэдак элеганцко йсьце, канюшынка расьце. Савоні Стаўб.
НАВОТКА ж. Бат. Наготка (Calendula). Навоткі вельмі хораша пахнуць. Вялікая Вуса Уздз.
НАВОТЛЯ прысл. З размаху, наводмаш. Ён дак стукнуў яму пара рас навотля, дык ён, бедны, і паваліўся. Заямнае Стаўб.
НАВУЗА ж. Пчал. Закрытая вашчына, без мёду. Пчолы з воску робяць соты і навузы. Хожава Маладз.
НАВУЙ м. Ткац. Навой. А тады навіваем ніткі на навуй, зь дзерава зроблены навуй. Пудзіцк Пух.
НАВУРЫЦЦА зак. Экспр. Наесціся. Я так навурылася рулёў, што і ўстаць не магу. Мядзел Мядз.
НАВЫГАНКІ прысл. Навыперадкі. Дзеці беглі навыганкі: хто хутчэй, таго і пахваляць. Узгурск Чэрв.
НАВЯРНУЦЬ зак. Прымусіць ісці, павярнуць. Тагды маладых пагналі на Сваткі, а нас, старых, навярнулі с пулямётам у вёску ув адно дварышча. Сваткі Мядз.
НАВЯРНУЦЬ зак. Неадабр. Уліць. Яе хоць не допускай к слоіку з млекам, а то наверне, як каню. // перан. Раптам як навярнуў дождж, усе буракі палажыў! Літва Стаўб.
НАГА ж. ◊ З усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы. Толькі празьвініць званок, як яны с усіх нох на коўзанкі бягуць. Бясяды Лаг. Паліцай заўважыў хлопца і пачаў страляць па ём, а той з усіх нох кінуўся ўцякаць. Каменка Уздз. Каму нага, каму галава — абы-як. Зрабіла каму нага, каму галава, але скончыла палоць. Кіркаўшчына Нясв. Кідаць пад ногі — закідаць, занядбаць. Унучка мая да школы ходзіць, а тады навуку пад ногі кідае, давай любоў заводзіць — конча, каб пажаніцца. Савоні Стаўб. На нагах — у руху, у гаспадарчых клопатах. Я яшчэ ў лошку, а яна ўжо на нагах. Савоні Стаўб. У нагах — каля ног, у тым месцы, дзе ногі. Падушкі ложаць у галавах, а не ў нагах. Пруды Стаўб. Утраёх палеглі спаць: душно, цесно. Тады я ўстала — буду спаць у нагах, і легла ў нагах і заснула. Валеўка Навагр. Устаць не з той нагі — быць у дрэнным настроі. Ты што? Мусіць, ні с той нагі ўстала?! Ходзіш увесь дзень надутая. Валеўка Навагр.
НАГАВІЦЫ толькі мн. Штаны споднія, споднікі мужчынскія. Свайму старому сашыла дзьве пары нагавіц, а то ўжо быў абнасіўся. Рудня Валож. Панталоны жаночыя. Даўней паняцьця [жанкі] ня мелі, кап класьці на сябе яшчэ і нагавіцы. Літва Стаўб. Калготы. Купіла новыя нагавіцы, бо гэтыя парваліся, пальцы відаць. Мядзел Мядз.
НАГАЛА прысл. Да голага цела, дагала. Разьдзяесься, брат, нагала, скідаеш гэту саматканую адзежу на траву, лезяш голы ў сена, хаця п трохі паляжаць спакойна ад блох. Мікольцы Мядз.
НАГАЛА прысл. Нагала, не пакінуўшы валасоў. Раньша во як было: ув армію пойдзіш, нагала астрыгуць. Лічылася, што калі валасы ёсь, то нейкі начальнік. Бяларучы Лаг.
НАГАМАНІЦЬ зак. Нагаварыць, нарасказваць. Пайду я, дзеткі, нагаманіла вам ужо вельмі многа; ніхто, мабыць, столькі і не гаварыў. Пудзіцк Пух.
НАГАМАЦЦА зак. Экспр. Тое, што і навурыцца. Ужо не хачу ні сала, ні мяса, я нагамаўся крупніку. Мікалаеўшчына Стаўб.
НАГАНАШЫЦЬ зак. Нарваць. Травы наганашыла на цэлую нядзелю. Дукора Пух.
НАГДОЕЧА прысл. Днямі. Нагдоеча прыехаў мой дзяцька з горада. Грыцкавічы Нясв.
НАГДОЁ прысл. Тое, што і нагдоеча. Нагдоё ў краме была, ты ведаеш, сумку купіла. Панюцічы Нясв.
НАГДЫ прысл. Іншы раз. Нагды дошч ідзе вялікі, а нагды — маленькі. Так праз усё лета. Юшкаўка Віл.
НАГІТКА ж. Бат. Тое, што і навотка. Мы з мамай любім кветкі, нагіткі садзім, жоўцінькія такія. Мацевічы Бярэз.
НАГЛЫ прым. Нахабны. Вот дзе наглы чалавек! Ты яго праганяяш, а ён лезя, як тая кароста, прыстае. Цялякава Уздз.
НАГЛЫТАЦЦА зак. Экспр. Перанесці, перажыць. Многа гора і бяды наглытаўся народ у вайну. Пудзіцк Пух.
НАГНЯСЦІ зак. Набіць. Бывала, як прыдом с кірмашу, то так нагняцеш ногі, што нельга стаяць, адразу і лажысься. Рудня Чэрв.
НАГРАДЖОНЫ дзеепрым. Узнагароджаны. Вы не глядзеця, дзяўчаткі, што мужык мой не вельмі цікавы, ён у мяне награджоны. Пудзіцк Пух.
НАГРУДНІК м. Безрукаўка, жылетка. Кап цяплей было, нагруднік паддзень пат пінжак. Скамарошкі Стаўб.
НАГУТАРЫЦЦА зак. Нагаварыцца. Мы зь імі ўжо так нагутарыліся за цэлы дзень, што я нічога больш і не зрабіла. Завішына Лаг.
НАДАБРАЦЬ зак. Узяць частку ад патрэбнай колькасці. Узяла надабрала мукі, пасыпала солі, а тады зноў мукі. Дукора Пух.
НАДАВАЦЬ зак. ◊ Надаваць па мурзаках — набіць па твары. Зараз як надаю па мурзаках, то другі раз будзеш ведаць, як рабіць абы-што. Бясяды Лаг.
НАДАЛБЕНЬ м. Груб. Дурны. Гэта ж ні хлопіц, а надалбень! Ніякай карысьці, хоць і дзевяць класаў кончыў. Зазерка Пух.
84 👁