Старонка 236
◀ / 290 ▶
Меншы, малодшы. У яе ж двоя дзяцей мяншэйшых. Дукора Пух. МЯРЗЛЯК м. Лядзяк, лядзяш. Бывая, як сьцяплея ды цячэ, а потым падмерзьня, мерзьлякі на стрэхах панамярзаюць. Пруды Стаўб. МЯРНІЧЫ м. Землямер, каморнік. Замер зямлі мярнічы рабіў, трэба было плаціць. Савоні Стаўб.; параўн. польск. mierniczy 'тс'. МЯРОЖА ж. Рыб. Мярэжа. У мярожы два кулі, рыба пападаіць у гэтыя кулі, а назат ня вылязіць. Ёсьць мярожа на шчупака, яна доўгая, вуская, хвост у яе на абручах. Мікольцы Мядз. МЯРСЕЦЬ незак. Імжэць, падаць вельмі дробнымі частымі каплямі (пра дождж). Ну, а патом дожджык мярсіць, а вёска гарыць, а каровы ходзяць каля вёскі, равуць, каб у хлеў, а хлеў гарыць. Новікі Мядз. МЯРЦВІК м. Нябожчык. І чаму ён гэткі белы, што мярцьвік? Хіба мо хворы? Рудня Стаўб. МЯРЦВЕЦ м. Тое, што і мярцвік. Мярцвец ляжыць, пакрывалам пакрыты. Дрычын Пух. МЯСА н. 1. Абалонь, гладкі ствол. Буйныя і дробныя сукі апсякаюць да мяса, каб глаткі ствол быў. Ляхавічы Дзярж. 2. Мясістая абалонка гарбуза, мякаць. З мяса ў нас вараць кашу. Рудня Чэрв. 3. Тое, што і мазгі. Як выбіраяш гарбузэ, дык трэба чысьцянька выбіраць, без мяса. Мікалаеўшчына Стаўб. МЯСТЭЧКА н. Цэнтральная частка сяла. На мястэчку ў нас усе сходы праходзяць, хлопцы і дзяўчаты зьбіраюцца, як захочуць пагуляць і папець. Жораўка Пух. МЯТАЦЦА незак. Мільгаць. Толькі гляну ў цілівізар, дык мне ўсё мятаецца перад вачамі. Пярэжыр Пух. МЯТЛА ж. Пад мятлу – начыста, без астатку. Вельмі цяшка было, як вярнуліся на сваё котлішча: усё пад мятлу забралі немцы. Разжываліся на голум камяні. Дукора Пух. МЯТЛІК м. Падарунак. Цалавала, цалавала мяне ўнучка, дужа ш упанаравіла іна мятлік, што прынісла на хрэсьбіны. А я ш за мятлік гэты зашмат грошы аддала. Якімаўка Круп. МЯТРОЎКА ж. 1. Каза, сажань. У нашага агранома ёсь мятроўка, вясной соткі намяраюць у полі. Бытча Барыс. 2. Тое, што і дзесятка. Маруся казала, што ў іх ест каса мэтар дваццаць. Ну, мабыць, ілжэ яна, такой касы няма. Ест каса мятроўка, на жыта гэта каса, вялікая, а на мэтар дваццаць ні бывая каса. Арцюхі Стаўб. МЯТУШЫЦЦА незак. Мітусіцца. Эта ж я ні магу глядзець узат, тады мне ў вачах мятушыцца, мятушыцца. Я як еду куды, абізацельна, каб глядзець упярот. Савоні Стаўб. МЯЧКА ж. Тое, што і вымінака. Мячкі мнуць, толькі мяліцы дра-драх! Сколька там за дзень адна мячка намнець, трахтар – во? Бясяды Лаг. МЯЧЭЎНІК м. Бат. Рагоз (Typha). Ён вялікі, вялікі мячэўнік, метра паўтара. Плялі раней з рагозу хамуціны, каб ні муліўся конь. Рудня Чэрв. Н НА прыназ. I. з він. 1. Ужываецца пры ўказанні на від захворвання. На. Адпавядае беспрыназоўнікавай канструкцыі. Захварэў сын на шкарлятыну адзін. Прайшло дзён колька, усе мае дзеці пахварэлі на шкарлятыну. Калініна Дзярж. Хварэў на падучую балесь. Ластаянцы Валож. 2. Пры ўказанні на аб'ект, у бок якога накіраваны рух. На. Учора рана на Узду хадзіла. Каменка Уздз. 3. Пры абазначэнні мэты дзеяння. У. Сяньня на рыбу ён ні пойдзіць: у яго ахвоты няма. А мы п то пашлі на рыбу, каб былі таптухі. Рабунь Віл. 4. Ужываецца ў прыслоўных выразах. Нарасло сьліў усім на зьдзіў. Мікольцы Мядз. II. з месн. 1. Пры ўказанні на дзейнасць, якой хто-н. займаецца. Каторыя ў нас на штатах, тыя памногу зарабляюць. Пудзіцк Пух. 2. Пры абазначэнні абумоўленасці дзеяння. Адпавядае беспрыназоўнікавай канструкцыі. Дось на тым, што яна даўно замуш вышла. Сядзіца Віл. НААГРЫЗАЦЦА зак. Груба, злосна паспрачацца. Маладыя цяперака спаць любяць. Мой вонь тожа. Раніцай ледзь устурыш, яшчэ й наагрызаіцца. Вязынка Маладз. НАБАБЭНІЦЬ зак. Экспр. Накласці. От толькі ня хочацца, а то я залез ба і такі воз набабэніў ба, што ні пацягнулі б і коні. Бяларучы Лаг. НАБАВІЦЬ зак. Нагаварыць, нарасказваць, намалоць языком. Во набавіла вам усяга, толькі час у настаўніцы адабрала. Язні Віл. НАБАСЯКА прысл. Басанож. А летам увесь час набасяка хаджу, тут усе так звыклі, ды і нашто цяплом тыя боты? Узгурск Чэрв. НАБАХАЦЬ, НАБОХАЦЬ зак. Наліць звыш меры. Гэтулькі набахаў, як не чалавеку, а каню. Масцішча Барыс. Набохала такую вялікую місу, страх, дзе ж я з'ем?! Узгурск Чэрв. НАБГОМ прысл. У выразе: піць набгом – піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе; піць нахіліўшыся. П'е з збанка набгом. Дукора Пух. НАБГОМКА ж. Невялікая пасудзіна. Налі кату сырадою ў набгомку, хай паесьць крыху. Чэрвень Чэрв.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
◀ / 290 ▶