МЫША ж. Заал. Мыш палявая (Apodemus agrarius). Ай, мыша во! Ды ні дзяржы ты яе ў руках, яна ш цябе ўварве. Бяларучы Лаг.
МЫШАПОР м. Неадабр. Праныра. Нічога ні ўхаваіш за гэтым мышапорам. Краснае Лаг.
МЫШАТЫ прым. Мышасты, шэры. Мышаты конь на мыш колерам падобны. Наш конік мышаты так скора бяжыць, толькі іскры б'юць с-пад капыт. Ляхавічы Дзярж.
МЫШКА ж. Карацелька. Тут многа морквы, але мышкі ў мяне на другой градзе растуць. Вялікая Вуса Уздз. Сталовая морква – самая лепшая ў нас, такая доўгая чырвоная. Яе яшчэ мышкай завуць. Рабунь Віл.
МЭДЛІК м. Тое, што і мыдля. У мэдлік ставяць па дзесіць снапоў: дзевіць ставяць уніс камлём, а дзісятым накрываюць зьверху. Трыгузі Віл.
МЭЛЬНІЧАК м. Памянш. Тое, што і мыдля. Як пройдзе дошч, так і раскрываюцца мэльнічкі, сушаць снапы. Саланая Валож.
МЭНДАЛЬ м. Тое, што і мыдля. Мэндлі пасохнуць тры-чатыры дні і возяць у такі. Жыта ў мэндаль па дзесяць снапоў ставяць. Малмыгі Віл. // Пяць снапоў ячменю, аўса, састаўленых у кучку для прасушкі. Кабеты, якія жалі ячмень, ставілі яго ў мэндалі. Старына Дзярж.
МЭЦАЦЬ незак. Шукаць, мацаць навобмацак. Мне б толькі ў лес. Я каб і не бачыла ягат, дык хоць бы рукамі мэцала. Дрычын Пух.
МЭШТЫ мн. 1. Балеткі. Мішку на ўра падымалі: мэшты ў яго новыя, а ён нагамі дрыгае, дрыгае. Бяларучы Лаг. 2. Лапці з нітак. Плялі лапці кручком і звалі іх мэштамі. Вецярэвічы Пух.; параўн. польск. meszty 'тапкі пакаёвыя'.
МЯГНУЦЬ зак. 1. Гольцнуць. Сплю і чую, як кот мягае па сене. Чула, як мягнуў раніцай апошні раз і зьнік. Бясяды Лаг. 2. Ударыць, стукнуць. Ну, нашто ты гэтага малога мягнуў? Ён жа тут самы меншы, а ты вунь які! Тхарніца Лаг. 3. перан. Карпець. Нада было табе мягнуць, сядзець, робіць усё гэта? Ратуцічы Барыс.
МЯДЗВЕДЗІК м. Заал. Мядзведка (Gryllotalpidae). У мяне мядзьведзікі картошку патточваюць. Вецярэвічы Пух.
МЯДЗВЕДЗЬ м. Кулін. Бабка з цёртай бульбы. От я сёньня наелася смачна! Зьдзёрла бульбы, паставіла мядзьведзя на дзень, а раніцай наліла кішку з бульбы, добра ўжарыла ўжыры. Грышкавічы Віл.
МЯДНІЦА ж. Любы таз, не абавязкова медны. Нікуды ні хадзіця, дам мядніцу чыстую, мыйціся на здароўе. Ваўкалатка Віл.
МЯДОВЫ прым. Багаты мёдам. Сёлетні год будзе мядовым. Вецярэвічы Пух.
МЯДОЎКА ж. Салодкі гатунак яблык. Унучка мая толькі мядоўкі любіць. Скора пасьпеюць мядоўкі, можа, і вы пакаштуяце. Зазерка Пух.
МЯДУНКА ж. Бат. 1. Галоўка, кветка дзяцеліны. А як ні было хлеба, хадзілі ў мядункі, ірвалі казятнік, сушылі, таўклі і пяклі праснак. Весялова Круп. Як галеча была, мядункі шчыпалі і елі. Ігрушка Круп. 2. Люцэрна (Medicago L.). Сок пчолы бяруць зь мядункі, канюшынкі, с усякіх цьвяткоў. Ігрушка Круп.
МЯКІННІЦА ж. Уст. Мякіннік, кут у гумне для мякіны. У застаранцы адгароджваецца месца, мякіньніца на мякіну. Такарышкі Іўеў.
МЯКУШКА ж. Мякіш, кончык пальца. Патрэскаліся ад гразі мякушкі. Вецярэвічы Пух.
МЯКШЫЦЦА незак. Рабіцца мяккім (пра страву). Як у печ уставіш, мякшыцца і такая смачная робіцца. Ратуцічы Барыс.
МЯЛЕЦ м. Чалавек, які перапрацоўвае зерне на муку ў жорнах. Мужчына, што меліць, – мялец, бабы ня меляць, бо цяшка. Ігрушка Круп.
МЯЛІННЕ н. Кастрыца з-пад лёну або канапель. Нацягала мяліньня з-пад лёну на варыўню, уцяпліла трохі. Акалова Лаг.
МЯЛІСТЫ прым. Неглыбокі. Ехаў лоткай і папаў на мялістае мейсца, што аж лотка стала. Ляшчынск Мядз.
МЯЛІЦА ж. 1. Мялка, церніца. Мяліц цяпер няма ўжо, бо самі лён не мнём. А ў мяне недзе на чардаку мяліца старая захавалася, я вам пакажу. Зазерка Пух. 2. Экспр. Лапатун, балбатун. Мяліца ты, мяліца, дай другім хоць слоўца ўставіць! Рубяжэвічы Стаўб.
МЯЛІЦЬ незак. Церці. Не, не адразу. Спачатку лён пасушаць, а потым ужо мяляць. Вялікая Вуса Уздз.
МЯНІШКА ж. Сарочка мужчынская. Хоць бы ў нядзелю зьмяніў мянішку на чысьцейшую, у людзі ш пойдзіш. Літва Стаўб.
МЯНТАШКА ж. Экспр. Хто многа і без толку гаворыць, трапло. Баба яго такая мянташка, што хоць вушы затыкай. Цэлы дзень балбоча і балбоча. Вялікая Вуса Уздз.
МЯНЦІЦЬ незак. Экспр. Есці. Далі табе, дык і мянці на здароўе, не зявай! Пярэжыр Пух. ◊ Мянціць языком – гаварыць лухту, балбатаць. А ён усё мянціць языком, надаеў усім. Пудзіцк Пух.
МЯНШУХА ж. 1. Самая меншая з дзяцей. Анна падобна на матку, старэйшая, а мяншуха бацьку пасачыла, выліты бацюта. Язні Віл. 2. Жонка малодшага сына. Сьвёкар, бывала, ва ўсе дзялы залезіць, абгаварыў. „Мая ж мяншуха рабіць ня хочыць, азяў сын з-пад вазонаў, з-пад павільёнаў", – усё, бывала, гэдык казаў. Язні Віл.
МЯНШЭЙШЫ прым. Выш. ст. да малы.
81 👁