ло восім сыноў і тры дачкі, а ў меньшага — шэсць дачок і адзін сын. І ўсе жылі ў адной хаце, усе месьціліся. Ільля Віл.
МЕСЯЦ м. ◊ Як малады месяц — пра чалавека, якога чакалі, але ён не прыйшоў своечасова (параўнанне з маладым месяцам, маладзіком, які, з'явіўшыся на гарызонце, хутка заходзіць). Ідзі адзявай рубашку няйлонавую да пойдзем на баль, а то позно. Мужыка ня выцягнуць, і Шура тожа, як малады месяц. Сказала, што прыдзе, а самой няма. Валеўка Навагр.
МЕТРА ж. Метр. Як ужо летась да сьняге былі, усюды набіла: і ў хлеў, і ў студню, на цэлую метру ляжаў. Пруды Стаўб.
МЕХ м. ◊ Што ў мяху (у мяшочку) вісіць — пахмурна. Сёня, мусіць, пагода будзя порціцца, цэлу раніцу што ў мяху вісіць. Што ў мяху! На сэрцы нек млосно. І гусянята пад крыло хаваюцца. Усё вісіць як у мяшочку, невядомо, ці распагодзіцца. Мусіць, дошч будзя. Цяпер трэба пагоды месяцаў два, каб уваbraць усё, а тут вісіць і вісіць як у мяху. Валеўка Навагр.
МЕХАНОША м. Уст. Чалавек, які насіў мех валачобнікаў. Механоша насіў вялікую торбу, у якую складалі яйкі і ўсё, што давалі валачобнікам. Забалоцце Смал.
МЕЦЬ незак. ◊ Мець галаву — быць разумным, кемлівым. А цяпер што? Маеш галаву — вучыся, табе памагаюць, плацяць, шчэ і бацьку благадараць. Мікольцы Мядз. Мець ганьбу — мець які-н. недахоп, загану. Во ў сусеткі была пляменьніца. Хоць, праўда, і ганьбу невялічкую мела, але найшла такога мальца, што цяпер жывець і гора ні знаець. Ігрушка Круп.
МЕШАНІНА ж. С.-г. Віка-аўсяная сумесь. Учора ўжо кончылі касіць мішаніну на сілас. Трыгузі Віл.
МЕШАНКА і МЯШАНКА ж. Тое, што і мешаніна. Пара жаць мешанку ды даваць каровам. Палачаны Маладз. Бяжы пагані хучэй керовы, бо яны ўжо на мяшанку узлезьлі. Ляшчынск Мядз.
МЕШАНЫ прым. Разнародны. У нас усякіх слоў хапаіць, дарагія мае, у нашай меснасьці язык мешаны. Жызнава Віл.
МЁДЗЕЦ м. ▽ У вочы зь мёццам, за вочы — с перцам. Кроква Лаг.
МЁТКА ж. Нізка рыбы на дубчыку. Калі на дупчык нанізваюць рыбу, то завецца мётка. Вецярэвічы Пух.
МЖАКА ж. Тое, што і мга. Нейкая мжака ідзе сёньня, а я ж у цэнтр зьбіралася ехаць. Забалоцце Смал.
МІЖЛЁССЕ н. Вузкая палоса лесу паміж асноўнымі ляснымі масівамі. Як пройдзеця гэта міжлесьсе, там бор пачынаяцца, дзе ягодных мясьцін многа. Мікалаеўшчына Стаўб.
МІЖЫПАРНІЦА ж. Нарыў паміж пальцаў. У міне была калісь міжыпарніца між пальцаў на левуй руцэ. Намучылася. Цялякава Уздз.
МІЗ прыназ. з родн. Між, паміж. На адзін бок і другі — балота, а пасярот сухая сьцежачка, міз балота гэта сьцежачка. Плецівішча Чэрв.
МІЗГРА ж. Хвароба пладовага дрэва, адпарваецца кара. Калі ў сакавіку месяцы прыпёк, сонца адагрэе кару, а ноччу прыхопіць мароз, такая кара адмярзае. Засыхае потым дрэўца. Калі атпарваецца кара — гэта і ёсьць мізгра. Паплавы Бярэз.
МІКОЛА м. Рэлігійнае свята 9 мая і 6 снежня ст. ст. ▽ На гаду два Міколы: адзін галонны, другі халонны. Вецярэвічы Пух. Прыйшоў Мікола, не пытай ні ў кога, а бяры сявеньку і сей памаленьку. Да Міколы ня будзя зімы ніколі. Хожава Маладз.
МІЛАНОВЫ прым. Нейлонавы. Глядзіця, кляёнка празрыстая, як мілановыя рубашкі, красівая. Вялікая Вуса Уздз.
МІЛЕЦ м. Бат. Крываўнік (Achillea L.). На ніскіх паплавах трапляецца мілец. Вецярэвічы Пух.
МІЛУВАЦЬ незак. Спачуваць. Я дак заўсёды шкадавала людзей, мілувала. Дрычын Пух.
МІЛЬГАЦЦА незак. Мітусіцца. Яна мільгаяцца туды і сюды, а нічога не зрабіла. Дукора Пух.
МІЛЬТА ж. Кулін. Тое, што і мёлта. Авёс паруць у печы, а потым сушуць на печы, аптаўкаюць у ступі і робяцца зернюшкі сушоныя. Патом вязуць у прут і мелюць гэтыя зернюшкі на муку. Яе сеюць, каб ні было касьцюлкі з аўса. Муку комшуць і ядуць гэту мільту. Ратуцічы Барыс.
МІНОРАЧКІ мн. Парода курэй. Куры траякія на выстаўца: былі шарыя, і белыя былі адны вялікія, а другія былі маленькія некія, такія мінорачкі. Калініна Дзярж.
МІНУТНІК м. Мінутная стрэлка гадзінніка. Стрэлкі як дзьве, тады мінутнік адлічвае мінуты, а сякунды — сякунднік. Саланая Валож.
МІР м. Уст. Навакольныя вёскі. Даўней пачышчай гулялі, як ціпер. Як найдзя с усяго міру хлопцаў да дзевак, гуляюць чатыры ньні. Ялча Чэрв.
МІРАЛЮБІВЫ прым. Таварыскі. Міралюбівы — як наш прэтсядацель сельсавета, с кожным пагаворыць, дась савет. Вецярэвічы Пух.
МІРМАТАЦЬ незак. Мармытаць. А ён мірмоча нешта і ўсё б'е па кані, і ўсё б'е па кані! Пудзіцк Пух.
МІРОЖЫ мн. Рыб. Сетка для зімняга лову. Відаць, у мірожы заплыў вялікі шчупак, а яны старэнькія былі, парваў і вырваўся. Пры
88 👁