Старонка 227
◀ / 290 ▶
розам. Ёлка, дуб ат сільных марозаў лопаюцца, замярзаюць, марозабоямі становяцца. Мікалаеўшчына Стаўб. МАРОЗАВЫ прым. Пашкоджаны марозам. Холадна было ў гэтым годзе, дак многа ў нас марозавай бульбы. Сцебіракі Віл. МАРОЗІЦЬ незак. Экспр. Хлусіць. От дзе, таўкач ты гэтакі, але марозіць абы-што! Вялікая Вуса Уздз. МАРОНА ж. Бат. Маруна (Galium). У нас вунь каля плоту марона расьце. Пахне падобна рамонку, але мароны ніхто ня рве. І скаціна мароны ня есьць. Саланая Валож. МАРСЯНУЦЦА зак. Дацягнуцца. Якая ты ў мяне ўжо разумнінькая, вялікая, марсянулася аж да зэдліка. Вялікая Вуса Уздз. МАРТУШКІ мн. Рознакаляровыя ніткі. Хто як, а я мартушкамі ткала, палучаяцца пакрывала прыгожая. Дрычын Пух. Пакрывала, патканае такімі ніткамі. Ткалі і ў ніцікі, і ў мартушкі ткала. Пудзіцк Пух. МАРУДА ж. Неадабр. Хто робіць павольна. Маруда такая, што работа як мокрае гарыць. І ў каго толькі ўрадзілася такая?! Рубанікі Мядз.; параўн. польск. maruda 'тс'. МАРХОЎНІК гл. марго́ўнік МАРЦЫКЛЕТ м. Матацыкл. Цяпер многія ў нас марцыклеты займелі. І ў майго сына марцыклет ёсьць, купіў нядаўна. Мікалаеўшчына Стаўб. МАРЦЫПЛЯСЫ толькі мн. Нешта невыразнае, бясформеннае, розныя выкрутасы. Той раз як былі, Іра мне спорціла два канверты. Да гэткія харошыя канверты! Я думала ў Польшчу пісьмо пашлю ў гэтых канвертах, а яна ўзяла Дзеду Марозу бараду зялёную намалявала і яшчэ некіх марцыплясаў навешала. Савоні Стаўб. МАРШАЛАК м. Абрад. Удзельнік вясельнага рытуалу з боку жаніха. У яго маршалкі, а ў маладой закосьніцы. Маршалкаў абвязваюць ручнікамі. Бясяды Лаг. МАРШЧАТЫ прым. Маршчыністы. Цяпер яна старэй за мяне выглядая, маршчатая, худая. Цялякава Уздз. МАРШЧЫНА ж. Трэшчына. Старэюць яблыні, на ствалах маршчыны с кожным годам глыбеюць. Вішнева Валож. МАРЫНАВАЦЦА незак. Хвалявацца. Чаго ты, дурненькая, марынуясься; прыедзе ён пасьледняй электрычкай, а ты лепш беражы сябе і дзіця. Баяры Маладз. МАРЫНАРКА ж. Пінжак. Падляці ў краму, там файныя марынаркі прывязьлі. Кажуць, зраньня і ясёнкі былі. Забалоцце Смал. Фуфайка. Памерала марынарку, натта доўгія рукавы, і не купіла. Палачаны Маладз.; параўн. польск. marynarka 'тс'. МАРЫНДАТАЧКА ж. Пінжачок. Надзеў марындатачку, сярмягу, узяў кій у рукі і пашоў кульгаючы. Прайшоў! Немцы не зачапілі. Логавіны Мядз. МАРЫЦЦА незак. Мучыцца, таміцца. Чымся марыцца так, лепі паліжоў, хоць ня ўежна, так улежна. Бяларучы Лаг. МАСА ж. Кантора. Стары мой браў у масе етую бумагу, і вам нада схадзіць у масу. Дрычын Пух. МАСАРНЯ ж. Кілбасная. Ён мо ш чатырнаццаці гадоў у масарні робіць. Савоні Стаўб.; параўн. польск. masarnia 'тс'. МАСКА ж. Тоненькі лісточак пад карой на ліпе. А маска на ліпе якая смачная, белінькая, салодзінькая. Ігрушка Круп. МАСЛЕНІК м. Бат. Масляк (Suillus luteus). Масьленікі натта ш смачныя грыбы, асабліва мочаныя ды са сьмятанай. А я ўжо цяпер ведаю, дзе масьленікі растуць. Дрычын Пух. МАСЛЁНКА ж. Бойка. Масьлёнка — гэта такая высокая дзежачка с крышкай і бойцам. Якімаўка Круп. МАСЛЁНКІ мн. Кулін. Тоўчанае льняное семя з соллю. Навару шаймораў поўны чыгун, высыплю на стол, дзеці макалі імі ў масьлёнкі і елі. Бясяды Лаг. МАСЛІНОК м. Бацістовая хустка. Унучка прывезла мне масьлінок, дак я яго адразу завязала на галаву. Рудня Чэрв. МАСЛІНОЎКА ж. Фабрычнага вырабу шарсцяная хустка ў кветкі. У цёткі Марылі ёсьць даўнішняя масьліноўка, на тэй цьвяты як жывыя, заглядзеньне. Аздзяцічы Барыс. МАСЛЮК м. Тое, што і масленік. Масьлюкоў як назьбіраяш, намарынуяш, тады з бульбай, салам так добра есьці. Скамарошкі Стаўб. МАСЛЯК м. Заал. Слімак з ракавінай. Масьляк, пакажы рошкі, дам табе на пірошкі. Вецярэвічы Пух. МАСЛЯК м. Кулін. Тое, што і калапняное малако. Елі постам кісель з аўса, мак цёрлі, боп варылі, гарох. С канапель масьляк таўклі ў ступя. Глушка Пух. А дзе прадзём, назносім калапень і масьляк таўчом, грыбоў сушоных прынясём і друцу кіслаю варым. Альсевічы Мядз. МАСЛЯК м. Кулін. Бульбяная каша, запраўленая тоўчаным канапляным семем з цыбуляй. Калі тоўчаную бульбу заправіць не толькі канапляным семям, а трошкі і цыбулькі дабавіць, то смак масьляк другі маіць. Калодкі Віл. МАСЛЯКІ мн. Кулін. Мачанне з канапель і цыбулі. Узяць канаплю с цыбуляй, патаўчы ў ступцы жалезным болцікам, вот табе і масьлякі. Масьлякамі запраўлялі капусту. Баяры Маладз. МАСЛЯН м. Бат. Тое, што і масленік. Смашны дужа грып масьлян, казяком завуць шчэ яго. Як малінькі масьлян, дык шапачка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 290 ▶