Старонка 228
◀ / 290 ▶
падысподам плевачкай зацятая, сьлізінькай такой белінькай. Нядаль Барыс. МАСЛЯНКА ж. Маслёнка. У нашай сям'і ніхто масьлянку ня есьць, я кабану ўсю выліваю. Баяры Маладз. Масьлянка і да бульбы добра, добра і выпіць масьлянкі ў гарачы дзень. Муляры Віл. МАСТЫГАВАЦЦА незак. Дурэць, сваволіць. Ну што ты мастыгуясься, як малая?! Вішнева Валож. МАСЦЕРАВЫ прым. Майстравы. Алесь масьцеравы, рабіў слесарам па пятаму разраду. Савоні Стаўб. МАСЦЬ ж. Мазь. На два рублі масьці купіла, нага баліць, дак націраць буду. Дукора Пух. МАСЦЯРКА ж. Работніца, майстар сваёй справы. Бывала, калі ў сям'і было шмат дзяўчат, трэ было маці быць добрай масьцяркай, каб навучыць дачок усякаму труду. Вялікая Вуса Уздз. МАСЯ м. Абразл., зневаж. Неахайная жанчына. Чаго ты раскрычалася? Памыйся лепш схадзі, мася ты! Ціханава Слабада Стаўб. МАТАПЕД м. Лёгкі матацыкл з педальным прыводам. Тамара, дай мне тваіх каблукоў адзець, а то ў мяне біс каблукоў нага нікрасівая. – Шчэ ты мне што прыдумай! – Ну й ланна, я й без іх на матапедзі дамоў прыеду. Бяларучы Лаг. МАТАРЗАК м. Тонкая вяроўка. Прынёс Васіль матарзак, дык вот жа ліха якое, – кароткі. Прыйшлося прывязаць і такім. Баяры Маладз. МАТАРКА ж. Маці. Калі тыя хлопцы прыдуць с арміі, то матарка ляпій знае, чым мы. Дрычын Пух. МАТАРОЛІК м. Тое, што і матапед. Сын усё хадзіў за мной, усё хадзіў, прасіў. Я і купіла яму матаролік, хай ездзіць. Сасноўшчына Віл. МАТАЦЬ незак. Экспр. Ісці подбегам, крочыць шпарка. Думала, у Вялейцы яго ўвіжу, аж матаіць сам, а страшны-страшны! Малмыгі Віл. МАТКА ж. Ласкавы зварот да жанчыны. У нас гаспадар ласкавы, да ўсіх жанчын зьвяртаецца: „Матка ты мая”. Кузьмічы Мін. МАТЛАХОН м. Абразл. Непаседлівы чалавек. Ніколі не застаніш дома твайго матлахона. Краснае Лаг. МАТРОСКА ж. Блузка. Матроска пашыта с капрону, спаднічка чорнінькая. Палессе Мядз. МАТУЗ м. Вузел. Навязала сто матузоў, а цяпер папробуй разьвяжы! Заямнае Стаўб. Нашто ты матузы на хусцы навязала? Разьвяжы! Рубяжэвічы Стаўб. МАТУЛЬКА ж. Ласк. Матуля. Ён [старац] за гэту карзіну і панёс. Прынёс гэтым старым і кажа: „Матулька, татулька, наце вам гасьцінца”. А сам пашоў. Малое Стахава Барыс. МАТУЛЯ ж. Хрышчоная маці. Мама – гэта родна, а матуля – хросная. Бытча Барыс. Трэба было б да матулі схадзіць, а да браценьніка ўжо заўтра. Суднікі Мядз. МАТУЛЯЦЦА незак. Матляцца (пра валасы). Прыехаў унук з города, валасы матуляюцца, а яму хоць бы што. Дрычын Пух. МАТУНЯ ж. Мама. Тады й трэцьця сьвята настала. Іна зноў бядуе: „От у нас усё ёсь, а ў татуні, матуні нічога німа”. Малое Стахава Барыс. МАТУСЯ ж. Тое, што і матуля. Вунь мая матуся ідзе, яна мяне хрысьціла. Ігрушка Круп. МАТЫКАВАЦЬ незак. Матычыць, рыхліць матыкай. Ганна столькі бульбы ў гародзе насадзіла, што з дачкой ужо трэці дзень матыкуюць і канца яшчэ ня відно. Малмыгі Віл. МАТЫЛІЦА ж. Мед. Захворванне авечак і коз, выкліканае лічынкамі стужачных глістоў. Вельмі цяшкая хвароба гэта матыліца. Бывае і дохнуць авечкі. Вецярэвічы Пух. Матыліцы ў авечак. Пудзіцк Пух. МАТЫЧКА ж. Памянш. Матыка. Я перш матычкай б'ю, а пасьля рукамі траву выбіраю. Ляшчынск Мядз. МАТЭРЫЯ ж. Гной з нарыва. Колькі ў цябе матэрыі сабралася ў ране! Ні трэба ж было да гэтага дапускаць. Гілікі Валож.; параўн. польск. materia 'тс'. МАЎМЫРА м. Тое, што і мармуль. Соваіцца, соваіцца, нічога не кажучы. Вот дык маўмыра! Паплавы Бярэз. МАЎЧАНІШЧА м. Асудж. Тое, што і мармуль. Маўчанішча, як цялё божае, ні гаворкі зь яго, ні гамонкі. Турын Пух. МАЎЧЛІВЫ прым. Негаваркі, маўклівы. Яна такая маўчлівая, усё маўчыць, усё маўчыць. Язні Віл. МАХ м. Веліч (пра высокага чалавека). Брыгадзір наш онь які мах, а важыць усяго пійсят тры кілі. Савоні Стаўб. МАХ выкл. Ужываецца для абазначэння хуткага руху (ад дзеясл. махнуць). Карова ў калідоры стаяла прывязана. Яны пайшлі ў хату і тупацяць там, каб ні чутно было, а я прывязь мах і вон. Бяларучы Лаг. МАХАЦЬ незак. ◊ Хоць махалам махай – занадта многа. У нас пацукоў летась у склепе было хоць махалам махай. Як выбягуць да каровы – тая на сьцену дзярэцца. Баяры Маладз. МАХЛАК м. Асудж. Неахайны чалавек. А гэтыя нейкія махлакі, у падраных гразных рубашках ходзяць, гадасьць. Зазерка Пух. МАХЛЯР м. Асудж. Тое, што і манцюль. Ня слухай гэтага махляра; ён сем карабоў нагаварыць можа. Суднікі Мядз.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
◀ / 290 ▶