Старонка 216
◀ / 290 ▶
ЛЁТАМ прысл. Бягом. Вечна ўсё лётам ды лётам, няма калі пасядзець ні мінуты. Бясяды Лаг. ЛЁТАЧКА ж. Памянш., пчал. Ляток (у вулеі). Стары добра даглядаў пчолак. На зіму абложа пчол картаплянікам, сенам, пакіне аткрытай лётачку, каб дыхаць ім можна было. Бясяды Лаг. ЛЁТВА ж. Ляток (у вулеі). Штосьці пчолы праз верхнюю лётву не вылазяць. Ляхавічы Дзярж. ЛЁТКА ж. Тое, што і лётва. Вось гэта завуць лётка, пчолкі сюдой вылазяць. Саланая Валож. Верхняя лётка меншая за ніжнюю. Ваўкалатка Віл. ЛЁТНІК м. Лётчык. Можна аўтобусам ехаць, а можна білет на самалёт узяць, лётнік замчыць у Мінск. Хожава Маладз.; параўн. польск. lotnik 'тс'. ЛЁХА ж. Адтуліна ў падмуроўцы. Лёхі на зіму затыкаюць, кап пол не настываў. Брадок Лаг.; параўн. польск. loch, ням. Loch 'падземны ход'. ЛІБІДЗІЦЬ незак. Лавіць. У нас ракаў многа, і толькі чуеш: „Пайду ракі лібідзіць". Рудня Чэрв. ЛІБІЗАВАЦЬ незак. Чытаць па складах. Ён толькі лібізаваць вучыцца, калі яшчэ тое будзе. Каляды Віл. ЛІВАР м. Лейка. Вазьмі лівар, вунь за табой стаіць, ды ідзі грады палі. Ляшчынск Мядз.; параўн. польск. lewar, liwar 'трубка для пералівання вадкасці з пасудзіны'. ЛІДАІК м. Моташнасць. Гэта ні трэба так многа калыхацца... Прышоў ды й гаворыць: „Мама, мне вельмі нядобра: лідаік верне". Рудня Чэрв. Цэлы дзень лідаік мучыў. Паплавы Бярэз. ЛІДРОЎКА ж. Рыдлёўка. Прынясі, дачушка, лідроўку з агароду, хай не валяяцца там. Мікалаеўшчына Стаўб. ЛІЗІКІ мн. Экспр. Прысмакі, ласункі. Лізікамі ня будзіш сыты, зьеш хлеба с скваркаю. Рубанікі Мядз. Мая большая толькі на лізіках і жыве. Заямнае Стаўб. ЛІН м. Заал. Лінь (Tinca tinca). Ліны ў гліністых, граскіх містах жывуць. Бытча Барыс. ЛІПАВАЧКА ж. Памянш.-ласк. Невялікая каробка з ліпавага луцця для бытавых мэт. За памол ґарніц плацілі, гэта, як цяпер, два кіло. Ліпавачка такая была на два ґарцы, і тую ліпавачку насыпалі мукі. Ігрушка Круп. ЛІПАЎКА ж. Невялікая бочка, выдзеўбаная з кругляка ліпы. Цяпер ліпаўкі ніхто ні робя, у кага і ё ліпаўка, дык даўнішняя. Аздзяцічы Барыс. Цэлую ліпаўку скарміла мукі, а ліпаўка ў нас вялікая. Бытча Барыс. ЛІПЕНЬ м. Заал. Харыус (Thymallus). Ліпеня можна злавіць толькі на самых быстрых мястах. У ліпеня ёсь аццэначкі нейкія галубаватыя, яна ўся нейкая галубаватая. Саланая Валож. ЛІПЕЦ м. Ліпень. У ліпцы дзевяцьсот першага года я і нарадзілася тут, у Зуях, яны кіламетры тры ад Рубяжэвіч. Зуі Стаўб. ЛІПЕЦЬ незак. Ледзь-ледзь трымацца. Ґузік чуць ліпіць. Астравок Уздз. ЛІПКІ прым. Прыхільны. Яны абедзьве няліпкія да хлопцаў, то і жывуць адны. Дукора Пух. ЛІПНЕГ м. Сушанае лісце ліпы. Гэтага вы ня ведаіця, а мы і ліпнёх тожа елі з гора. Бясяды Лаг. ЛІПНІК м. Зб. Маладыя ліпавыя дрэўцы. Хадзілі на балота, вобаратнік зьбіралі, ліпнік ірвалі, дралі яго, таўклі, сеілі, праснакі пяклі. От угаравалі ў вайну! Ганцавічы Барыс. ЛІПНЯК м. Нясмачны, сыраваты, ліпкі хлеб. Хлеп ні ўдаўся, ліпняк палучыўся, — цеста ні выхадзілася. Кроква Лаг. ЛІПОВАЧКА ж. Місачка, выдзеўбаная з ліпы. Адзін дзяцька прадаваў пасуду і ліповачкі ладнянькія, латушкі, цёрліцы. Буцькавічы Стаўб. ЛІСАВЫ прым. Ласкавы, пяшчотны. Ён такі лісавы, усягды пагаворыць с чалавекам, пасьмяецца. Цярэшкі Барыс. ЛІСАЙЛІВЫ прым. Тое, што і лісавы. От ужо ў мяне адна ўнучка лісайлівая, у кага яна ўдалася? Зазерка Пух. ЛІСІЦА ж. Будаўн. Прыстасаванне для выпрамлення скрыўленай сцяны. Выпучылася сьцяна, на лісіцу трэба браць, нічога інакш тут не паможа. Лісіца бярэцца, калі сьцяна выпучваецца. Савоні Стаўб. ЛІСІЦА ж. Ткац. Калодачка з дзірачкамі, праз якую прадзяваюць шнуркі ад панажоў. Мой стары мне новую лісіцу зрабіў, бо старая зламалася. Гілікі Валож. ЛІСІЦА ж. Бат. Лісічка (Cantharellus cibarius). У нас гэты грыб называюць лісіцай, жоўценькі такі, а калі грыб малады, то лісічкай. Хожава Маладз. ЛІСТ м. Рабак. Лісты ета ў дзяцей бываюць. Іх яшчэ рабакі завуць. Вецярэвічы Пух. ЛІСТАНОШКА ж. Паштальён. Лістаношка газэты нясе, пачакаю яе і забяру. Забрэжжа Валож. ЛІСЦІНА ж. Ліст. Капуснай лісьціной масла прыкрыла, дольш будзе халоднае. Ляшчынск Мядз. ЛІСЯНКА ж. Тое, што і лісіца. У лесе скора ўжо і лісянкі паявяцца, пагода спрыяе. Рубяжэвічы Стаўб. ЛІТРА ж. Літр. За літру малака два кілаграмы сена даюць. Пудзіцк Пух. ЛІФІК м. Ліфчык. Ліфік надзівалі на сарочку. Даўней усе дзеўкі ды і бабы насілі такія ліфікі, а цяпер можа толькі старыя носюць. Аздзяцічы Барыс.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 290 ▶