КЛЁПКІ мн. Кулін. Звараная палавінкамі бульба ў мундзірах. Бульбу памыць чысцінька, парэзаць на палавінкі, з лупінай, пасаліць і адварыць. Гэта клёпкі называюцца. Саланая Валож.
КЛЁЦ м. Ганч. Кавалак добра вымешанай гліны на адзін выраб. Ганчары раздзяляюць гліну на асобныя камкі аднолькавай вагі — клёцы. Ад велічыні клёца залежыць і велічыня выраба. Івянец Валож.
КЛЁЦКІ мн.; адз. клёцка ж. О Клёцкі з душамі — клёцкі з начынкай. А клёцкі з душамі! Калопні патруць з цыбуляю ці з чоснакам і бульбы таксама надзяруць на драчку, адцэдзяць яе ды і клёцкі робяць, а ў сярэдзіну тую кашу з калапень кладуць, а тады ў вар кідаюць. А тады ды тыя клёцкі падсмажаць, то вельмі смачна было! Жартайка Барыс. Клёцкі з душой — тое, што і галдуны. Эта ў нас калдуны, дак кладуць начынку, або гэта клёцкі з душой. Пагост Віл.
КЛЁШ м. Блюда, на якім падаецца торт. Такі ш вялікі торт мне сын зь нявесткаю прывезьлі, дзе пад яго і клёш знайсьці. Чабаі Валож.
КЛІКАЦЦА незак. Запрашаць узаемна адзін аднаго. Яны нейкія нашы далёкія сваякі, але йшчэ клічымся ў госьці. Мікольцы Мядз.
КЛІН м. Клінападобная планка, якой злучаюцца, змацоўваюцца дошкі. Замацаваў дошкі клінам, а яны ўзялі ды разьехаліся. Вецярэвічы Пух.
КЛІНОК м. Тое, што і касынак. Зьвязала сабе клінок зь нітак розных, а даццы купіла ў магазіне. Клінок у нас яшчэ завуць трохкутнікам. Саланая Валож.
КЛОНБЫ мн. Абутак на драўлянай падэшве. Пасьля вайны ў мяне яшчэ засталіся клонбы, дак я насіла. Ваўкалатка Віл.
КЛОПАЛКА ж. Кураводка. Раней ня было часу глядзець за клопалкай, кінеш яе, дык палавіны куранят і няма. Рудня Чэрв.
КЛУБІСТКА ж. Загадчыца клуба. Кажуць, клубістка новая прыехала ў наш клуб. Яршэвічы Валож.
КЛУБНІЦЫ мн.; адз. клубніца ж. Пахучыя і салодкія чырвоныя ягады садовых суніц. Зьела глыбокую талерку клубніц. Забалоцце Смал. Каля тых дзвюх маладзеньскіх яблынь сабрала цэлы кош клубніцы. Рудня Чэрв.
КЛУБОК м. Прадмет шарападобнай формы. Рой у клубок зьвіўся. Вецярэвічы Пух.
КЛУМБЫ, КЛУМНЫ, КЛУМПЫ мн. Тое, што і клонбы. Клумбы дажа й складныя былі, як хто акуратна рабіў. Чабаі Валож. У вайну насілі клумбы, бо абутку ня было, а цяпер жа хватая, але маладзёш усё роўна нося нейкія драўляныя туфлі. Баяры Маладз. Я лепій любіў клумпы, сам іх рабіў: с старой халявы верх, дзераўляная падошва. І нага сухая, і добра. Бяларучы Лаг. Я помню, мой дзет насіў клумны. Вішнёва Валож.
КЛУСТАСЦЬ ж. Тлушч, сала. Сядайця разам зь дзецьмі бліны с клустасьцю есьці. Нарач Віл. Я свае валасы клустасьцю змазала. Забрэжжа Валож.
КЛУСТЫ прым. Тлусты. Бывала, капусты наварым, мяса бараніны клустай паложым. Смашна. Баяры Маладз. Клустага мяса не магу есьці. Цялякава Уздз.
КЛУША ж. Тое, што і дзетаводуха. Клуша павяла куранят на грады, а ты куды глядзіш? Дукора Пух.
КЛЫГАЦЬ незак. Рыхліць. Учоро папрасіла суседа соткі пабаранаваць, то прыехаў с канём, клыгаў там збольшага. От, абы грудаў ні было. Савоні Стаўб.
КЛЫГУНІХА ж. Неадабр. Тое, што і квактуха. Яна сколькі жыве, столькі ўсё стогне, клыгуніха гэта, а ў другіх бывае ня лепш, але маўчаць. Бясяды Лаг.
КЛЫНДА ж. Кулін. Мачанка, прыгатаваная з тоўчанага льнянога семя. Уперат я любіла гэтую клынду, а ціпер нешта ні хочацца яе есьці. Кукалеўка Чэрв. Жанкі с апяцітам елі клынду. Турэц Чэрв.
КЛЫНДЗЮК м. 1. анат. Мачавы пузыр. Нешта, мабыць, нездаровілася нашаму кабанчыку, глянь, які чырвоны клындзюк. Палессе Мядз. 2. кулін. Салтасона. У міне клындзюк цёмгля добры, смачны. Дачка ў Мінск брала, дык і там клындзюк панаравіўся. Чабаі Валож.
КЛЫНДЫ мн. Экспр. Ногі. Нахадзілася за дзень, клынды ледзь цягаю. Рудня Лаг. Стаміўся, чуць прыцёх клынды. Рудня Чэрв.
КЛЫЧОК м. Асобныя цыбуліны ў карчы. Цыбуля ўрадзіла: па чатэры — па сем клычкоў ў карчы. Адламі пару клычкоў і нясі сюды. Хожава Маладз.
КЛЫЧЫЦЬ незак. Экспр. Мучыць, здзекавацца. І трэба ж гэдак клычыць свайго чалавека гэтымі рэўнасьцямі! Рудня Чэрв.
КЛЫШКА ж. Замочак. У мяне яно-та нічога і няма ў ім: палатна ё скрутачак і паркаль белінькі ляжыць, дык я й павесіла клышку, а то дзеці вымажуць рукамі. Рудня Лаг. Бывала, маці хавала ключы ат куфра, ніяк нельга адамкнуць клышку. Рудня Чэрв.
КЛЮБА ж. Прылада для вымярэння таўшчыні цёсу. Ні ведаю, як яшчэ назваць гэто, а мы завём клюба, вымяраем клюбай. Мікалаеўшчына Стаўб.; параўн. польск. kluba < ням. Klobe 'блок, клямар; ціскі, прэс'.
КЛЮСКІ мн. Кулін. Клёцкі. Якія варыш клюскі — бульбяныя ці мучныя? Палачаны Маладз.; параўн. польск. kluski 'тс'.
КЛЮЧ м. Бабка лёну. Як была маладая, дык дваццаць ключоў льну магла паставіць
87 👁