Старонка 194
◀ / 290 ▶
КІХА і КІХА ж. Камера веласіпедная і аўтамабільная. Праткнуў кіху ўчора, цяпер сядзі цэлы дзень дома. Узялі кіхі да на стаў пайшлі. Рубяжэвічы Стаўб. Бацька, ты п што зрабіў. У Алеся кіха лопнула ў веласіпедзі. Нарач Віл.; параўн. польск. kicha 'тс'. КІШАНЯ ж. Тое, што і кашаня. Такі злодзей быў, што не праміне ніводнай кішані. Ваўкалатка Віл. ◊ Голымі кішанямі трасці — без грошай (быць). А мне, здаецца, рабі як трэба, дык ня будзіш голымі кішанямі трасьці. Язні Віл. Кішаня парвалася з чыйго боку — цішком свядома нашкодзіць. Мне й цюкнула, што гэта зь яе боку кішаня парвалася, але нічога не кажу. Гранічы Маладз. КІШКА ж. Кулін. Кішка, начыненая масай з дранай бульбы, крыві, кусочкаў мяса і сала. Кішку раблю, як заколім парсюка. Надзяру дранкі, накладу ў кішкі і запякаю ў печы са скваркамі. Калодкі Віл.; параўн. польск. kiszka 'тс'. КІШКАНУЦЬ зак. Штурхнуць. Мяне Міхал Ягораў як кішкануў, дык я чуць з зэдлю не зьляцеў. Літва Стаўб. КІШКІ мн. Гарбузовая мязга. У гэтым гарбузе многа кішак. Во, як наступіў, усе кішкі і павылазілі. Нізок Уздз. КІШКУН м. Тое, што і кілун. Як с адным яйцом кабан, дык кажуць кішкун. Вецярэвічы Пух. КІШЭЦЬ незак. ◊ Кішма кішэць — надта многа. Я рас да дачкі ў Мінска паехала, дык саўсём не ўпадабалася мне там. Што ш там люццаў гэных — кішма кішыць! Язні Віл. КІШЭЧНЫ ЖЫР. Ператоплены тлушч. С кішак жыр абабрала, ператапіла, у банкі паналівала — вот і кішэчны жыр гатоў. Кукалеўка Чэрв. Кішэчны жыр у нас ніхто ні есь, сьвіньням аддаём. Вецярэвічы Пух. КІЯНКА ж. Палка з тоўстым канцом накшталт доўбні. Кіянка меншая за доўбню, ёю паганяюць долата. Вязынка Маладз. КІЯХ м. Тое, што і кій. Кукурузы сеюць многа каровам на сілас, а сьвіням кіяхі дастаюцца. Баяры Маладз. КІЯШ м. Бат. Насенная шышка рагозу. Кіяшы ўсю зіму могуць у хаце стаяць. Вецярэвічы Пух. КІЯШНІК м. Бат. Рагоз (Typha). Кіяшніку шмат у балоце, чорныя шышкі на ём. Вецярэвічы Пух. КЛАДАЎЁ н. Могільнік, могілкі. У нас кладаўё ў лесі, ціха там, прыгожа. Рудня Чэрв. КЛАДБІШЧА н. Тое, што і кладаўё. Тады мы за гэтым дымам, дымам на кладбішча, паміж магілак паўзьлі, паўзьлі, нашлі ямачку такую, што бульбу хавалі. Мы ў гэту ямачку схаваліся. Новікі Мядз.; параўн. рус. кладбище 'тс'. КЛАДЗЕЙ м. Пастух. Кладзей — гэта ня проста пастух, а галоўны пастух. Вецярэвічы Пух. КЛАДЗІШЧА н. Тое, што і кладаўё. Пашла на кладзішча і плакала па сыну. А назаўтра і віжу ў сьне, што прышоў Сяргей. Ігрушка Круп. КЛАДЗЬ ж. Будаўн. Тоўстая жэрдка, якая кладзецца на кроквы ўверсе ўздоўж дома. На балькі ставяць страпіла, на якія кладуць доўгую жэртку — клаць. Потым прымацоўваюць латы адным канцом да кладзі, другім — да сьцяны. Дукора Пух. КЛАДНЯ ж. Касцёр. Паб'ю, паб'ю дрова, а тады злажу ў кладню. Грышкавічы Віл. КЛАПАТАЦЬ незак. Хадайнічаць. Выпісалі дрэва на хату, чатыры тысячы мне далі дапамогі, я б магла пабудавацца. Дак я паехала клапатаць. Пагост Віл. КЛАПАТУХА ж. Курыца, якая сядзіць на яйках. Мая клапатуха ўжо трэці тыдзінь сядзіць. Турэц Чэрв. КЛАСЦІ незак. ◊ Класці ў мыла — купаць. П'ём, гуляем, ну, а тады ш нада і ў мыла класьці тое дзяцё. Кладуць і пяюць: „Бабуля, бабуля, у мыла кладець, А ўнучка, а ўнучка падарак нясець". Бубны Віл. КЛАЧАНКА ж. Коўдра з пачаскавага валакна. Хуцянька кладзіся і накрывайся клачанкай, уставаць жа рана трэба. Ганчароўка Смал. КЛЕВЯРЫШЧА н. Канюшынішча. Клевярышча ў другой брыгадзе добрая. Кажуць, кароў туды пагоняць. Асіпавічы Віл. КЛЕВЯТАЧКА ж. Пляткарка. Клевятачка адна баба была, зь якой я паехала да прафесара, усім расказала. Саланая Валож. КЛЕІЦЦА незак. (звычайна з адмоўем). Атрымліваецца, ладзіцца. Гаворка ня клеіцца. Петрашунцы Валож. КЛЕЙНА ж. Плыт. Плыт з дзесяці бярвенняў, звяно. За гэту ноч насабіралася гэтулькі клейнаў, што атрымалася цэлая застава. Кукалеўка Чэрв. КЛЕНІЧЫ мн. Праклёны, кляцьба. Ні памагаюць твае кленічы: ты яго клянеш, а ён таўсьцея. Цялякава Уздз. КЛЕЦІШЧА н. Свіран. Колькі жыве чалавек, дык усё клопаты і клопаты: то клецішча развалілася, няма, дзе зярно ставіць, то калодзеж развалійся. Кукалеўка Чэрв. КЛЕШНІ мн. Экспр. Ногі. Такія клешні доўгія, ці я ўганюся за ім. Вецярэвічы Пух. КЛЁМБА ж. Клумба. Каля хаты клёмбу добра зрабіць, кветкі пасеяць. Потым прыгожа яны цьвітуць і пахнуць. Ляшчынск Мядз. КЛЁН м. Абрад. Першая зелень лісцевых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху. Мы клён ламаям толькі к тройцы. Вецярэвічы Пух.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁
◀ / 290 ▶