тачка. Паехаў у горат, бо трэба ш было зрабіць добрыя зд'енці. Аколава Стаўб.; параўн. польск. zdjęcie 'тс'.
ЗДРАМНУЦЬ зак. Задрамаць. Вы, унучкі, гуляйце ціхінька, а я прылягу ды здрамну мінутачку. Гілікі Валож.
ЗДРАПАЧЫЦЬ зак. Экспр. Станцаваць. Помню, за вечар як здрапачу полек зь дзесяць, дык ноччу нох ня чую. Жораўка Пух.
ЗДРАПЕЖЫЦЬ зак. Здратаваць, выбіць, вытаптаць. Добра, што кароў перасталі ганяць па вуліцы, а то здрапежаць усю вуліцу. Бытча Барыс.
ЗДРОГНУЦЦА зак. Атрымаць зрушэнне ўнутраных органаў (у выніку падзення, удару). Зваліўся з машыны і, мусіць, здрогнуўся моцна — і памёр. Цялякава Уздз.
ЗДРОК м. Заал. Авадзень (Oestridae). Здрок — жоўтая муха такая, завуць авадзень некаторыя, падляціць пат карову, каня, кусая, яе скаціна баіцца. Вецярэвічы Пух. Здрок каня кусая. Нізок Уздз.
ЗДУБАЛЬТАВАЦЬ зак. Выстраліць з двух ствалоў адначасова. Я здубальтаваў па ваўку. Пруды Стаўб.
ЗДУБАСІЦЬ зак. Экспр. Збіць. А ён пугай так карову здубасіў, што ўся і цяпер у рупцах ходзіць. Волма Чэрв.
ЗДУЖАЦЬ зак. Адолець, асіліць, перамагчы. Той слабейшы, дык, канешня ш, яго здужаюць. Забалоцце Смал.
ЗДУМАЦЬ зак. Выдумаць, прыдумаць. Нанешта ш вот здумалі пісаць! Юшкаўка Віл.
ЗДУРНЕЦЬ зак. Страціць розум, зрабіцца дурным. Усякія думкі лезуць у галаву, здурнець можна. Савоні Стаўб.
ЗДЫМКА ж. Тое, што і зд'енце. Нікога ўжэ німа, толькі во гэта здымка засталася на памяць. Баяры Віл.
ЗДЫРДЗІЦЦА зак. Груб. Памерці; здохнуць. Німа на яго канца, ні здырдзіцца ніяк. Баяры Маладз. Тая наша кошка даўно здырдзілася, а гэты каток яшчэ малады. Дукора Пух.
ЗДЫХАЦЬ незак. Груб. Прагнуць. А сьвякрыві ўсё мала зямлі было, аж здыхала, каб болій купіць. Ого, даўней фальварк мець, зямлі апшар! Шыпкі Віл.
ЗДЫХЛЯК м. Экспр. Пра слабога, худога, хваравітага чалавека. Здыхляк гэты, нічога ня хоча есьці. Баяры Віл.
ЗДЭСЯ пабочн. Тое, што і здаецца. Здэся, яна тут была. Лyшчынск Мядз.
ЗДЭЦЦА пабочн. Тое, што і здаецца. За што ён так на мяне крычыць? Я ш, здэцца, нічога яму ні зрабіла. Цялякава Уздз.
ЗДЭШНЫ прым. Тутэйшы, мясцовы. Яна ні здэшная, с-пад Магілёва, а сюды замуш вышла. Каменка Уздз.
ЗЕБЛІЦЬ незак. Зябліць. Пасьля лета зебляць жытнішча. Рудня Валож.
З'ЕДКІ толькі мн. Недаедкі, аб'едкі. Усё лепшая гасьцям паставілі, а дзецям — зьеткі. Цялякава Уздз.
З'ЕЗД м. Камплект колаў. У яго ёсь гатовы зьест калёс — перат і зат — чатыры колы, рабіў на закас. Пруды Стаўб. Некалі па васімнаццаць зьездаў калёс рабілі. Цялякава Уздз.
ЗЕКРЫ мн. Экспр. Вочы. Мама, скажы, каб яна не глядзела сваімі зекрамі на мяне, уставіцца і глядзіць, мяшая мне ўрокі рабіць. Мікалаеўшчына Стаўб.
ЗЕЛЛЕ н. Настой з зёлак, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Доктар уліў некага салоткага зельля, я выпіла, зьела скварку, малака напілася — і цяпер жыву. Ігрушка Круп. Бат. Водарасці (Algae). Раней рэчка чыстая была, а цяперака зарасла зельлем. Вялікая Вуса Уздз.
ЗЕЛЬНІЦА ж. Рэліг. Спас. На зельніцу насілі яблыкі і жыта сьвяньціць. Пруды Стаўб.
ЗЕЛЯЗНІК м. Чыгун. На прыпечку стаіць зелязьнік. Юшкаўка Віл.
ЗЕЛЯЗНЯК м. Рыдлёўка. Трэба асадзіць зелязьняк, зламалася дзяржаньня. Дукора Пух.
ЗЕЛЯНІЦА ж. Бат. Зялёнка (Tricholoma flavovirens). Зеляніцы — гэта асеньнія грыбы. Прудкі Лаг.
ЗЕЛЯНУХА ж. Кулін. Гарбузовая каша (з няспелага гарбуза). Ня еш гэту зелянуху: жывот забалі.ь. Палянь — зярняты нават не адсталі ад мякаці, а яна зьбіраецца варыць зелянуху. Узгурск Чэрв.
ЗЕЛЯНУШКА ж. Заал. Цыркушка лугавая (Glareolidae pratincola). Зелянушкі — яны дзе рэкі жывуць, зялёнінькія такія, лётаюць над вадой і ловяць мошак, як ластаўкі. Бясяды Лаг.
ЗЕМЛЯНІЧНІК м. Сунічнік. Каровы патапталі шмат землянічніку, паглумілі зра. Бяларучы Лаг.
ЗЕМНЯК м. Бульбіна. Зімнякі добра растуць у нас. Сасноўшчына Віл.; параўн. польск. ziemniak 'тс'.
ЗЕНКІ мн. Тое, што і зекры. Вытарашчыла свае зенкі, гадзіна такая. Кухцічы Уздз.
ЗЕРНЕ н. ◊ На макава зерне — ні капелькі, ніяк (не даць). Кап толькі яму ўсё давалі, а ён — нікому на макава зерне нічога. Турын Пух.
ЗЕЎ м. Спец. Прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок. Калі панажы апускаюцца ўніс, тады зеў вялікі, а калі ўверх, тады зеў малы. Рудня Лаг. Тое, што і гваздадзёр. Усе цвікі з дошкі выцягнуў зевам. Прудкі Лаг.
ЗЁЛКІ мн. Лекавыя травы і настоі з іх. Мама паклала зёлкі ў куфар. Палачаны Маладз.
86 👁