сёньня лавілі жабіны карыццы, а многа-многа іх там. Ляшчынск Мядз.
ЖАБІЦЦА незак. Карабаціцца на перагібе або ў іншым месцы. Многія доскі жабяцца, дык ты буць асьцярожны. Саланая Валож. Вяз жабіцца, калі зь яго гнуць дугу, палазы ў сані. Забалоцце Смал.
ЖАБКА ж. Невялікая жаба. Жапкі вырасьлі з апалонікаў. Хвосьцік атпаў і асталася жапка. Бяларучы Лаг. Ня лаві жабак. Забалоцце Смал.
ЖАБКА ж. Мед. Запаленне слізістай абалонкі рота ў груднога дзіцяці. Напала жапка на дзіця. Саланая Валож.
ЖАБКА ж. Калодачка з дзіркай пры верхнім жарнаку, у якую ўстаўляецца ніжні канец млёна. І трэба ж было, каб жапка лопнула! Саланая Валож.
ЖАБКАЮ прысл. Прысядаючы і папераменна выкідваючы ногі (танцаваць). Барыня танцуецца ўпрысяткі або жапкаю, на жываце, дьі з прытопам. Дукора Пух.
ЖАБНІК м. Бат. Жабнік (Hydrocharis). У жабніка цьвяточкі цьвітуць, а посьля як лапкі ў жабы зробяцца. Рудня Лаг. Жабнік расьце на полі кусьцікамі, кусьцік сівінькі, як мох. Мікалаеўшчына Стаўб.
ЖАБНІК м. Бат. Дуброўка серабрыстая (Potentilla argentea). Жабнік — такая мякінькая травіца, расьце на лугах, уздоўж дарог. Жабнік цьвіце жоўтым або белым цьветам. Мікалаеўшчына Стаўб.
ЖАБРЭЦ м. Бат. Цяцюшнік (Euphrasia L.). Кветачкі на жабрацу блакітным колерам цьвітуць, расьце жабрэц на пяску. Хожава Маладз.
ЖАБУР м. Бат. Раска (Lemna). Глядзі, ня лесь у жабур, а то ногі будуць часацца. Скамарошкі Стаўб.
ЖАБУРЭННЕ н. Тое, што і жабарыннік. Вой, колькі ў сажалца жабурэньня многа! Аж вада зялёная! Дукора Пух.
ЖАБ'Я ІКРА. Тое, што і жабарыннік. Жаб'я ікра ляжыць у вадзе на мелкім месцы, дзе сонца больш сьвеціць. Бясяды Лаг. Гэта ж жаб'яй ікры выводзяцца жабы. Саланая Валож.
ЖАВАЙКА, ЖВАЙКА, ЖВАКА, ЖУВАЙКА, ЖУЙКА ж. Ежа, якая паўторна перажоўваецца. Як карова ня жуе жавайку, так і ведай — хвора. Мікалаеўшчына Стаўб. Карова як ляжа, то адразу й пачынае жвайку жаваць. Грабёнкаўшчына Стаўб. Карова пад'ела, лягла і жваку жвакуе. Ляхавічы Дзярж. Мы дык сваю да віцінара вадзілі карову, як яна жваку згубіла. Рудня Лаг. Жуе й жуе карова жувайку. Як жувайкі ня жуе, дык бальная. Ужэ як згубіць жувайку, тады бакі ёй уздувая. Нізок Уздз. Нешта карова жуйку перастала жаваць. Мо захварэла? Ляхавічы Дзярж. Карова жуе жуйку. Вялікая Вуса Уздз.
ЖАВАРАНКА, ЖАЎРАНКА ж. Заал. Жаваранак (Alaudidae). Гэта як вясна, дык першая птушка, што пачынае пець,— жаваранка. Вялікая Вуса Уздз. Жаўранка прылятае на Казіміра [рэлігійнае свята ў католікаў]. Ляшчынск Мядз. Жаваранка як уверх падымаяцца, дык на пагоду. Вецярэвічы Пух.
ЖАВІНЫ мн. Бат. Ягады ажыны. Тут і грыбы, і ягады ўсякія: і брусьніцы, і буякі, і чарніцы, і журавіны, а па баках, на сухом месьці, маліны ё і жавіны. Плецівішча Чэрв. Гэты год жавін у лесі многа, да вялікія, чорныя. Паплавы Бярэз.
ЖАВІННІК м. Тое, што і ежавіннік. Жавіньнік такі густы, што не прайсьці. Паплавы Бярэз.
ЖАДАЦЬ незак. ◊ Што табе душа жадае — пра багаты выбар тавараў. Абы былі ў цябе грошы, што хочаш купіш, што табе душа жадае. Пагост Віл.
ЖАДНАСЦЬ ж. Прагнасць, сквапнасць. І варта яму! Жаднасць ніколі да дабра ні даводзіць. Лешня Маладз. Жаднасць яго зрабіла такім. Мікалаеўшчына Стаўб.
ЖАДНЫ прым. Прагны. Ён раней ня быў такі жадны. Мікалаеўшчына Стаўб. Я ж яму ў вочы казала: ня будзь такі жадны. Рудня Чэрв. Што ня ўбачыць, усе сабе цягня, — такі жадны. Вецярэвічы Пух.
ЖАДОБА м. Хвівец, скнара. Ён такі жадоба, што і зімой сьнегу ні дась. Бытча Барыс. Ня ведала, што ты такі скупы, жадоба ты. Ляшчынск Мядз.
ЖАКЕТ, ЖЫКЕТ м. Пінжак. А гэты во жакет Коля аддаў бацьку, яму шчэ добра будзе каля хаты насіць. Рудня Чэрв. Скінь жыкет: горача. Апенькі Віл.; параўн. польск. żakiet < фр. jaquette 'тс'.
ЖАКЕТКА ж. 1. Тое, што і жакет. Зваляць сукно, а тады ўжо трэба высушыць і пасьля ўжо шылі жакеткі з гэнага сукна. Гэта ўжо для мужчын. Але і бабы шылі навіт. Вязынка Маладз. Каля работы, там ужо жакетку якую адзеня і пашоў. Там жа. 2. Кароткая жаночая верхняя вопратка. Прывязьлі ў магазін жакетак сівых жаночых. Мікалаеўшчына Стаўб. Купіла жакетку картовую ў магазіне, а яна цесная ў плячах, малая мне, злажыць няма чаго. Вецярэвічы Пух.
ЖАЛА н. і ж. 1. Джала (пчалы). Пчала ўкусіла мяне, і засталося жала сядзець. Ігрушка Круп. Мне як дасьць пчала жала, то тры дні хаджу апухшы. Дукора Пух. Пчала як дасьць жала, дак і памірая. Цялякава Уздз. Як дасьць жалу пчала, аш цела ўспухня. Майму ўнуку пчала жала дала, вока запухла. Мікалаеўшчына Стаўб. 2. Адцягнутае пры кляпанні вастрыё касы. Кляпаць ні ўмея, усё жала карабатая. Як такой косой касіць? Рудня Чэрв.
82 👁