ДРЭЎКІ толькі мн. Смалякі, трэскі, якія служаць для падпалу. Трэба дрэвак насеч на патпалку, а то гэтыя паленьні мокрыя, не гараць. Пярэжыр Пух.
ДУБАВАЦЬ незак. Экспр. Лаяцца, скандаліць. Ёй не пашанцавала: муж так часта дубуе, брыткія словы гаворыць, аж біць пачынае. Ад бацькоў і дзеці сталі дубаваць. Бясяды Лаг.
ДУБАВІК м. Пасудзіна з дубу на мёд. Мы мёд у дубавікі складалі, а дубавік з дубу робяць. Гілікі Валож.
ДУБАЛЬТАК м. Спец. Дубовы брус, з якога атрымліваюцца дзве шпалы. Лапата — дубовая плашка, адна ачэсаная шпала; дубальтак — дзьве шпалы, іх потым разразаюць на дзьве ўздоўш; траяк — тры шпалы выходзіць. Такарышкі Іўеў.
ДУБАЛЬТОЎКА ж. Вялікая суконная хустка фабрычнага вырабу ў клетку. Каб дубальтоўку ўзяла, у плечы цяплей было п. Новы Двор Мін.
ДУБІЦА ж. Невялікая лодка, зробленая з суцэльнага куска драўніны. Узялі цішком ад бацькі дубіцу і паехалі вазіцца на возера. А быў моцны вецер, нашу дубіцу аднясло далёка ад берагу. Думалі, што перакулімся, спужаліся. Чараўкі Мядз.
ДУБОВАЧКА ж. 1. Невялікая дубовая кадушка. Я дубовачку пат капусту купіла на базары. Дукора Пух. 2. Тое, што і дубавік. Дубовачку з дубовага палена робяць. Ляшчынск Мядз.
ДУБОВІК м. Бат. Баравік дубовы (Boletus edulis Fr. f. quercicola). Дубовікі растуць на бару, харошыя цэнныя грыбы. Рудня Лаг.
ДУБОВЫ ГРЫБ. Тое, што і дубовік. Ета баравіке, пад дубам растуць, яны рудыя такія, называюцца дубовыя баравіке. Дукора Пух.
ДУБЭЛЬТ м. Тое, што і вылога. Дубэльты прышыты з другога матэрыялу ў фрэнчы. Саланая Валож.
ДУБЭЛЬТЫ толькі мн. Падвойныя аконныя рамы. Чакаю сына, паможа ўставіць дубэльты, а то халадэ надыходзяць. Савоні Стаўб. ◊ У дубэльты — узорам з геаметрычным малюнкам. Даўней я ёмка ў дубэльты посьцілкі ткала. Рудня Чэрв.
ДУБЭЛЬТКА ж. Паляўн. Двухстволка. Стрэльбы розныя ёсь — аднастволкі і дубэльткі. Саланая Валож. Стрэльбу двухстволку старыя людзі дубэльткай завуць. Язні Віл.
ДУБЯНЕЦЬ незак., безас. Захмарвацца. Вунь, бачыш, дубянея, зарас дошч будзя. Бытча Барыс.
ДУБЯНКА ж. Тое, што і дубавік. Праўда, раней мёд зьлівалі ў дубянкі, а цяпер німа іх. Цяпер зьліваюць у чыгун або вядро. Малмыгі Віл.
ДУГА ж. ◊ Каб цябе чорт у дугу сагнуў! — пажаданне зла, няшчасця каму. А што ты тут робіш? Што ты тут гнесься, кап цябе чорт у дугу сагнуў! Дукора Пух.
ДУДА ж. ◊ Скласці дуды ў мех — адкласці надалей, прыпыніць работу, справу. Думаў, к восіні ў новы дом пірабяруся, але много якіх матэр'ялаў ні хватаіць, прышлося скласці дуды ў мех. Заброддзе Віл.
ДУДАЧКА ж. Маленькая ножка, на якой трымаецца струк. Маленькая дудачка, а таўстая. Дудачкі ў нас выкідаюць. Хожава Маладз.
ДУДДЗЁ н. Зб. Збожжавыя расліны з неналітым коласам. Калі колас не наліўся добра, калі колас няпоўны, то кажуць, што выросла толькі адно дудзьдзё. Рудня Лаг.
ДУДКА ж. Бат. 1. Сцябліна, звычайна полая ўнутры. Дуткі некаторых квят зусім кароткія, а ў юргіні — доўгія. Палавікі Мядз. Гарбузовы дуткі таўстыя, гарбузовых дудак скаціна ня любя. Хожава Маладз. Квят ёсь і на высокай дуццы, а ёсь і на ніскай. Ляшчынск Мядз. 2. Карэньчык. У чашчавіка дутка натта тонкая. Юшкаўка Віл. ◊ У адну дудку [дуду] іграць — заадно, разам, сумесна. Мае суседкі сьпеліся, паладзілі, у адну дутку граюць. Горкі Стаўб. Німа там як нявесьце жыць: мужык і сьвякроў у адну дуду йграюць. Заброддзе Віл.
ДУЖАВАТЫ прым. Велікаваты. Яны былі ўжо дужаватыя хлопцы, але яшчэ нічога не панімалі. Вялікая Вуса Уздз.
ДУЖЫ прым. Вялікі. Тагды яе дочка меншая ўжо была дужая. Баяры Маладз.
ДУЖЭЙ прысл. Мацней. З вульля вылецелі пчолы, як накінуліся на міне, сталі жаліць. Я скінуў майку, начаў махаць, пчолы разазьліліся дужэй. От быў мне смашны мёд, чуць ні памёр. Бяларучы Лаг.
ДУЙКА ж. Завея, мяцеліца. Люццы разьдзяюцца, спаць лажуцца, а я адзяюся і іду ці дошч, ці дуйка: старажом работала. Ігрушка Круп.
ДУКАВАЦЦА незак. Прытварацца. Хопіць дукавацца, за работу бярыся. Вецярэвічы Пух.
ДУКРЫЦЬ незак. Тлумачыць, паясняць. Цэлы час дукрыў яго, як задачку рашаць, а ён усё роўна не зразу рашыў. Капачоўка Барыс.
ДУЛІНА ж. Бат. Ігруша. Гэная дуліна вельмі старая, яна яшчэ панская. Завішына Лаг.
ДУЛЬКА ж. 1. Пыл, які ўтвараецца пры трапанні лёну. Як трэпюць лён, дулькі многа палучаіцца. Хто дык задыхаіцца ад дулькі. Хожава Маладз. 2. Кастрыца, рэшткі льнавалакна. Дулька такая дробная, як ватачка. Бытча Барыс. Сабрала дулькі кош на патсьцёл. Вецярэвічы Пух.
83 👁