ШКАДАЎЛІВЫ прым. Спачувальны. Шкадаўлівы, усіх шкода яму. Міратычы Карэл.
ШКАДЛІВЫ прым. 1. Тое ж, што і шкадаўлівы. Шкадлівыя дзеці такія. Рудня Астравітая Чэрв. 2. Збродлівы. Кот шкадлівы, памаўзлівы. Мярэцкія Глыб. Такая шкадлівая кошка — сыра, масла паспрабуе. Паляцкішкі Воран. Кот наш ні шкадлівы. Пасека Ст.-Дар. Шкадлівая карова, толькі глядзіць, каб у шкоду папасць. Буды В.-Дзв. 3. Зайздросны, нядобры. Некалі казалі: «У каго вочы шкадлівыя, як глянуў — жывёла мусіць адхварэць». Ёдупка Шальч. Шкадлівыя вочы. Вострава Маст.
ШКАДНЕЙ прысл. Больш шкода, намнога. Ты, мамачка, не абіжайся, мне Піліпа шкадней, як цябе. Кураполле Паст.
ШКАП гл. ШКАФ
ШКАПЕЦ м. Кастрыраваны, пакладаны баран. Шкапец — вылехчаны баран. Кураполле Паст.; параўн. літ. skãpas 'тж'.
ШКАПЛЕРЫ мн. 1. царк. Ладанка. Ружанец на шыі насілі, шкаплеры былі, іконачка маленькая, палатняная, атпечатаны святой на ланцужку. Месянцы Брасл. Шкаплеры — шнурок і хрэст нарысавана, цяпер — медалік металічны. Навікі Лудз. Тэй, хто носіць шкаплеры на шнурку, за яе моліцца. Шкаплеры — шарсцяная суконачка, вышыта на ёй нешта, багародзіца. Ухвала Круп.; параўн. польск. szkaplerz 'тж'. 2. перан. Перавіцце ў кошыку на месцы перакрыжавання ручкі і вобада. Душкі загнуў, заплёў шкаплеры, уставіў скапкі і дупцамі пераплітаіць. Кураполле Паст. Дзе перакрыжоўваюцца душкі кошыка і пераплятаюць, называлі шкаплеры. Шкаплеры — як пляцеш кош. то заплятаюцца клеткі. Саланое Віл.
ШКАРАТНЫ прым. Брыдкі, агідны. Шкаратная баба, не вадзіся з ёй. Ахрэмаўцы Брасл.; параўн. польск. szkaradny 'тж'.
ШКАРАЦЬ ж. лаянк. Дрэнь, брыда. Шкараць ты, паскуда! Ахрэмаўцы Брасл.
ШКАРЛАТ м. мед. Шкарлятына. Восім дзецей шкарлатом болелі. Малыя Аўцюкі Калінк.
ШКАРЛАТЫНА ж. Тое ж, што і шкарлат. На шкарлатыну сын хварэў. Кураполле Паст. Раній, бувало, половына люды рабых було. Всё такійі страшныі хваробы: вудра, шкарлатына, вуспа. Залессе Кам. Шкарлатына прыляціць, выкаціць усіх рабят. Мельнікі Лудз.
ШКАРЛАЦІН м. Тое ж, што і шкарлат. Як малыя былі, шкарлацін быў. Замошша Брасл.
ШКАРЛУПА ж. Вонкавая абалонка клубняў цыбулі. Чэрві за шкарлупаю, чэрві ў цыбулі. Вецярэвічы Пух.
ШКАРЛУПІНА ж. Тое ж, што і шалупайка. Шкарлупіна ад яйца. Навасёлкі Свісл.
ШКАРЛУПКА ж. Тое ж, што і шалупайка. Шкарлупку з бульбы здзерыш, а там — крахмал. Вялікае Сяло В.-Дзв.
83 👁