ДАЦЬ ПА ГУБАХ (па грыбах, па зубах) каму. Паграж. Набіць каго, надаваць каму, пабіцца з кім. Пагавары шчэ сь цёткаю так, брахун, дык дам па грыбах, ото дам, век помніць будзеш. Раўч., Пух. р. Калі будзяш гаварыць лішняё, то дам па губах, от паглядзіш дам, паскавычаш тады. Гор., Стаўб. р. Адыдзіся, як дам па зубах зарас, то атскочысься, разумны знайшоўся вельмо. Сав., Стаўб. р. Дзе там біліся! Ты бачыў вельмо? От, далі па губах трохі, кап ні брахаў, і ўсё. А ты кажаш — біліся. Там жа.
ДАЦЬ ПАД (у) БОРАДУ каму. Пакараць. Як застаня дарэктар саўхоза каровы ў канюшыні, дасьць у бораду, будзя нямала пастуху. Пр., Стаўб. р. Да арміі дак ашчэ слухае трохі мацяру, а прыдзя з арміі, гатоў і пад бораду даць, як ні ўгодзіш, як ні ўнаровіш. Гр., Слуц. р.
ДАЦЬ ПАД ХВОСТ каму. Пакараць, надаваць, усыпаць каму, тут: разбіць каго. Сабралі нашы сілы й тады калі далі ім пат хвост, этым немцам! За ноч дзе іх зьмяло, нідзе нікого ўжо ні было. Аляхн., Маладз. р.
ДАЦЬ ПА ЗУБАХ каму. Гл. ДАЦЬ ПА ГУБАХ (па грыбах, па зубах) каму.
ДАЦЬ ПАРАДЫ каму. Гл. ПАРАДЫ ДАВАЦЬ каму.
ДАЦЬ ПАТОЛЮ каму. Гл. ДАВАЦЬ (даць) ПАТОЛЮ (роспуст) каму.
ДАЦЬ ПА ШАПЦЫ каму. 1. Іран., непав. Выгнаць, прагнаць, зняць з пасады каго. А потым ні стала паноў, народ ім даў па шапцы. Настала новае жыцьцё, бес паноў і царквы. Каз., Слонім. р. Сьпірыдонаву далі па шапцы, зьнялі з работы за крадзеш. Гор., Стаўб. р. 2. Набіць, надаваць каму. Ніхто там ні біўсё, ні сварыўсё. Бронісяваго гэтаго дурня выклікалі на двор і на вуліцы трохі далі па шапцы. Але нічого. Адразу ўцёк некуды, ні паказваўсё больш у клубі. Зал., Стаўб. р.
ДАЦЬ ПЕРЦУ (пытлю, тарганцу) каму. Пакараць фізічна, у рэзкай форме выгаворваць каму. Пашоў, войчае мяса, кармі яго толькі, а ён як ніжывы ўсё роўно. Вот як дам перцу — пабяжыш. Шаш., Стаўб. р. Вы каб ні лезьлі ў агарот, а то дам перцу. Усе гуркі патапталі, свавольнікі гэтыя. Жац., Стаўб. р. Пратсядацяль сабраў на праўлені ўсіх, хто не паехаў, сварыўсё, даў пытлю. Гал., Стаўб. р. Хай адно не памыеш падлогі, то дам тарганцу, аш вушы будуць гарэць. Кунц., Кл. р.
91 👁