Старонка 70
◀ / 321 ▶
ДАЦЬ (задаць) БАНІ каму. Паграж., незадав. Набіць, пакараць каго. Учоро аднаму хлопцу з Галавенчыц ото далі бані. Гор., Стаўб. р. Яшчэ й ён лезе. Ото дам бані, пойдзяш як міленькі, лепш адыдзіся. Кунц., Кл. р. Што ш вы гуляяця ў калхознай пшаніцы! Выласьця, бо як улаўлю катораго, то бані дам, скарэй выласьця! Зал., Стаўб. р. Я кап увідзяла, дала б баню, разьве можна дзяцёнка сямімесячнага паткідаць вышай сябе? Ляўк., Арш. р. Сяргей, ідзі онь туды г' дзіцям гуляць, а не ля бальшых трэсься. Вот зарас матулька (маці хросная) бані задасьць! Там жа. ДАЦЬ БУСІ каму. Ласкальн., пяшчотл. Пацалаваць каго (звычайна пры гутарцы з дзецьмі). Я кажу: «Наташка, дай бусі цёці!» А тая Наташка як гляня рубам на тую цёцю, баіцца нават падысьці, ведамо, ніколі ні бачыла тую цёцю. Жац., Стаўб. р. Вучу ўнукаў, як трэба абрашчацца. Калі прыйдзя цёця ці дзядзё, трэба, кажу, бусі даць. А Мішка сьмяецца, яму гэто нівядомо, ні ведая, ці можа саромяяцца хлопяц. Сав., Стаўб. р. ДАЦЬ ВЕРЫ. Паверыць. Некалі зьберымосё на вячоркі, прадзём кудзельку, усякія там каскі расказваям пра страхі, а Ігнат-пакойнік, што ў канцы вёскі жыў, не дае веры, але слухая. Веч., Стаўб. р. Цехніка цяпер здораво спасая. Гэдако цяпер натрэнтно (капрызнае, зменлівае) лето было, запозьняно, і, дасьце веры, бабы летам гулялі. Сав., Стаўб. р. Ці дасі веры: ранічкай пабегла ў гаёк і цэлы кошык масьлячкоў прынесла, і ўсе харошанькія, маладзенячкія. Веч., Стаўб. р. Нек расказваю дома пра гэто здарэнё, а мае веры не даюць, паціскаюць плячыма, пасьмейваюцца, пакепліваюць зь міне. Там жа. ДАЦЬ ГАНЬБУ каму, чаму. Гл. ДАВАЦЬ (даць) ГАНЬБУ каму, чаму. ДАЦЬ ГРУДЗІ (грудзей) каму. Пакарміць грудзьмі (дзіця). Як яны гадаваліся, божа! Бывало, жнеш-жнеш, дасі грудзей і йзноў у снапэ, прыкрыю трохі, й ляжыць. Сав., Стаўб. р. Хлопчык мой захварэў, даю грудзі, а ён ні бярэ, плача й плача. Жац., Стаўб. р. ДАЦЬ ДОБРЫ ДЗЕНЬ каму. Гл. ДАВАЦЬ (даць) ЗДАРОЎЯ (добры дзень, дзень добры, здрастуйце) каму. ДАЦЬ ДЗЕНЬ ДОБРЫ каму. Гл. ДАВАЦЬ (даць) ЗДАРОЎЯ (добры дзень, дзень добры, здрастуйце) каму.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁
◀ / 321 ▶