А каб на цібе немач якая, гэто ж ужо наплёў. Гор., Стаўб. р.
ПАВЯРНУЦЬ (паварочваць) АГЛОБЛІ. Незадав. Вяртацца назад; ісці зусім не туды, куды выпраўляюць. Выправіла Сашу ў магазін, кап хлеба купіў, а ён павярнуў аглоблі да к Колю. А хлеба німа, німа ш чым паабедаць. Гор., Стаўб. р. Я яго ў школу выпраўляю, а ён паверне аглоблі і да пастухоў. Жац., Стаўб. р. А было й так. Едзя жаніх да дзяўчыны, дагаварыўшыся ўжо, а па дарозе напаткае другога чалавека, які дае большы пасах. Тады паварочвае жаніх аглоблі і бярэць гэтага дачку, каторы даець большы пасах. Юнц., Віл. р. Адмаўляцца ад сваіх ранейшых перакананняў, рашэнняў, планаў. Чаго ш ты павярнула аглоблі? Паехалі п разам, весялей бы было. Сав., Стаўб. р. Бачыш, як можно павярнуць аглоблі ў палітыцы. Былі сябрамі, сябравалі (з Кітаем), а тагды, як ашчэрыў зубы, рады ні даць, ні агрэпціса: то ў адном месьця вылязуць, то ў другом. Гр., Слуц. р.
ПА ГАЛАВЕ ХАДЗІЦЬ каму. Асудж. Не слухацца, не падпарадкоўвацца каму (звычайна пра непаслухмяных, разбэшчаных дзяцей). Яна (маці) іх і прозьбаю і грозьбаю, а яны па галаве ёй ходзяць, робяць што хочуць. Сав., Стаўб. р. Што гэто за дзеці?! Па галаве гэтай Галі ходзяць, а яна маўчыць, хоць бы набіла калі, настрашыла п. Як гэто, каб маткі саўсім ні слухаць. Жац., Стаўб. р. Ці можно ш гэдак, кап хадзіць маццы па галаве? Ці вы ні бачыця, што ёй трудно адной з вамі. Вот памрэ, вот тады будзя для вас ліхо. Паскачаце тады! Гор., Стаўб. р.
ПАГРЭЦЬ РУКІ на чым. Асудж. Незаконна, несумленным спосабам нажывацца, багацець. Вазілі ў Мінск здаваць мясо. Казалі, што той-сёй пагрэў на гэтум рукі. Хал., Стаўб. р. Памерла сястра. Ну, пахавалі яны яе, а дабро ні дзялілі — усё асталосё той, што прыехала с-пад Міра. Яна пагрэла рукі на гэтум дабры, кажуць, цэлы вос палацён адно было. Ас., Стаўб. р. Тут усе — і бугалцяр, і ўчотчыца, і тая, што ў клубі, — рукі пагрэлі, ведаю добро і, дальбох, пайду на сабранё і скажу, хай ведаюць усе. Сав., Стаўб. р. Атступалі немцы, а на разьезьдзі стаяў нямецкі пояст. То людзей набегла і давай цягаць дабро. Многія тады рукі пагрэлі. Ас., Стаўб. р.
86 👁