Старонка 59
◀ / 350 ▶
ДА ВАС НЕ П'ЮЦЬ, НЕ КАЖЫЦЕ ЗДАРОЎ БУДЗЬ Гл. Да цябе (да вас) не п'юць, не кажы (не кажыце) здароў будзь. ДАВЯЛОСЯ СВІННІ НА НЕБА ГЛЯДЗЕЦЬ. Кажуць насмешліва пра таго, хто ўмешваецца ў такія справы, у якіх нічога не разумее. Калі падлічыць, дык, напэўна, 30—35 працэнтаў прыказак маюць у сабе пэўную ступень іроніі, якая нярэдка пераходзіць у сарказм. Вось некаторыя прыклады: Высах, як мядзведжая лапа; Давялося свінні на неба глядзець... (К.Крапіва. Беларускія прыказкі). З фальклорных крыніц узніклі байкі «Ліслівае цяля», «Пра цыгана і кабылу», «Саманадзейны Конь», «Давялося свінні на неба глядзець» і шэраг іншых твораў К.Крапівы (Я.Казека. Беларуская байка). — Насовіч: Давялося свінні на неба глядзець; Прыказкі: Давялося свінні на неба зірнуць. ДАГАНЯЮЧЫ НЕ НАЦАЛАВАЦЦА (НЕ НАЦАЛУЕШСЯ). Сілай не прымусіш палюбіць сябе. Сін.: Насільна міл не будзеш. [Куторга:] Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). [Кубэ:] Вас [былых эмігрантаў] не разумеюць беларусы... Ва ўсякім выпадку, вас не падтрымліваюць. А па вашай жа беларускай прымаўцы, даганяючы не нацалуешся... (І.Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). — Насовіч. Даганяючы не нацалуешся; Прыказкі: Даганяўшы не нацалавацца,- Даганяючы не нацалуешся. ДАЖЫЛІСЯ (ДАЖЫЛІ) КАЗАКІ (ПАЛЯКІ), <ШТО> НІ ХЛЕБА, НІ ТАБАКІ. Гаворыцца пра беднасць, галечу, недахоп чаго-н. самага неабходнага. От, дажыліся казакі: ні хлеба, ні табакі... За грошы нічагенька не дастанеш (М.Гарэцкі. Дзве душы). — Хоць бы закурыць, чэрці б яго пабралі, — чуецца чыйсь голас, а потым і адказ на яго: — Дажылі палякі, што ні хлеба, ні табакі (Я.Колас. Дрыгва). — Насовіч: Прыжыліся казакі: ні хлеба, ні табакі; Раманаў. Прыжыліся палякі: ні хлеба, ні табакі; Ляцкі: Дажыліся палякі: ані хлеба, ні табакі; Федароўскі: Дажыліся казакі: ні хлеба, ні табакі; Прыказкі: Згалелі казакі: ні хлеба, ні табакі. ДАЙ БАБЕ ВОЛЮ — ЗАВЯДЗЕ Ў НЯВОЛЮ. Гл. Дай жонцы (бабе) волю — завядзе ў няволю. ДАЙ БОЖА (БОГ) НАШАМУ ЦЯЛЯЦІ ВАЎКА (ВОЎКА) СПАЙМАЦІ (З'ЕСЦІ). Гаворыцца, часам жартаўліва ці з недаверам, як пажаданне поспеху ў якой-н. справе. [Надзя:] Абрыдлі мне гэтыя чарапы. На завод пайду. [Антаніна Пятроўна:] Славы захацела? Можа, стаханаўкай думаеш быць? [Надзя:] А чаму б і не? Што я — горшая за людзей? [Антаніна Пятроўна:] Не з тваім, мусіць, спрытам... Ну што ж, дай божа нашаму цяляці ваўка спаймаці (К.Крапіва. Зацікаўленая асоба). [Каліноўскі:] Дай толькі волю здабыць, а падзяліць мы здолеем... Пана ў саху ўпражэм, а не пойдзе, дык пана бізуном сцябаць будзем. [Матруна:] Дай жа божа нашаму цяляці ваўка спаймаці (Е.Міровіч. Кастусь Каліноўскі). — Рабочыя дэманстрацыі прайшлі ва ўсіх буйных цэнтрах... І гэта толькі пачатак! —Дай божа, як кажуць, нашаму цяляці ваўка спаймаці. (В.Коўтун. Крык міласэрнасці). — А чалавек прыйдзе новы. — А старога куды? — На печ. — Ну-ну, гэта добра, каб на печ, а не пад печ, дай бог і нашаму цяляці воўка з'есці (В.Казько. Неруш). — Мы пажэнімся да размеркавання. І цябе нікуды не пашлюць. Школ і ў Мінску багата, без работы не застанешся... — Дай бог нашаму цяляці воўка з'есці (М.Герчык. Вяртанне да сябе).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 350 ▶