(Я.Ермаловіч. Трактарыст Антон Знак). Праўду кажуць: голад — не цётка. Распаўзліся птушаняты з гнязда, цвікаюць — есці просяць (В.Праскураў. Бярозавы сок).
* Толькі ў сваёй траншэі я скумекаў, чаго гэта ён так да майго кажушка ліпне: холад не цётка, а мы палоннага, аказваецца, па марозе і снезе дастаўлялі транзітам у адных сподніках (Вожык. 1985, № 12).
— Насовіч: Голад не цётка, з'есць, што папала; Прыказкі. Голад не цётка, паглядзяць ды з'ядзяць; Голад не цётка.
ГОЛАМУ РАЗБОЙ НЕ СТРАШАН (НЕ СТРАШНЫ). Бедны чалавек не баіцца пагроз, бо яму няма чаго губляць. [Скіба:] Людзі мы ліхія, прыехалі грабіць старога. [Дзед Бадыль:] Спазніліся крыху. Знайшліся такія, што раней за вас управіліся. Цяпер, як той казаў, голаму разбой не страшан (К.Крапіва. Партызаны). — Ну? — пытае Горбач. — А можа, і паслухаць. Што я ад таго страчу. — Голаму разбой не страшны. А біцца будзем за праўду (Р.Мурашка. Салаўі святога Палікара). ГОЛЫ РАЗБОЮ НЕ БАІЦЦА. — Ці ты, можа, баішся?.. Дык скажы проста, Позняк. Я не буду крыўдаваць на цябе. Не хоч, дык не хоч, так і скажы. — Не, настаўнік, голы разбою не баіцца. Але не справа гэта старых. Дзе мне ўжо свой нос тыкаць, куцы не след (Р.Мурашка. Салаўі святога Палікара).
— Насовіч. Голаму разбой не страшан; Прыказкі. Голы разбою не баіцца.
ГОЛЫ ЗБІРАЙСЯ, ГОЛЫ ГАТОЎ. Беднаму чалавеку вельмі лёгка сабрацца куды-н. Кажуць пра каго-н. перад адыходам, ад'ездам куды-н. Чутак тых, чутак!.. Герман пад Гродняю, гермай у Беластоку, герман ля Слоніма — страхоцце... І хоць мне няма чаго шкадаваць — голы збірайся — голы гатоў, — а вось кут дарагі, з месца не ўзняцца... (Ц.Гартны. Сокі цаліны). Распісваў Зарэмба, нібы агітаваў яе [Хелену] збірацца і хутчэй пакідаць хутар. А што ёй збірацца? Голы збірайся, голы гатоў... (П.Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). Бачу: раз насталі, то скарагодзяць, нікуды не дзенешся. Жаніся, значыць. Хоць зноў жа, пытаюся: «Які ў цябе рэсурс ёсць, каб жаніцца? Голы збірайся — голы гатоў?» (А.Кудравец. Сачыненне на вольную тэму).
— Прыказкі. Голы збірай! — Голы гатоў.
ГОЛЫ РАЗБОЮ НЕ БАІЦЦА Гл. Голаму разбой не страшан (не страшны).
ГОРА ПЛАЧА, ГОРА СКАЧА, ГОРА ПЕСЕНЬКІ ПЯЕ, Гора вымушае чалавека быць выкрутлівым. [Кузьмін:] Няўжо вы сапраўды на танцы з ім [эсэсаўцам] пойдзеце? [Вікця:] Яшчэ чаго не хапала. [Кузьмін:] Вы так какетнічалі. [Вікця:] Гора плача, гора скача, гора песенькі пяе (К.Крапіва. Людзі і д'яблы).
— Прыказкі. Гора плача, гора скача, гора і песенькі спявае; Гора мучыць, гора вучыць, гора песеньку пяе.
ГОРА ТАБЕ, ВОЛЕ, КАЛІ ЦЯБЕ КАРОВА КОЛЕ Гаворыцца як насмешка над мужам (ці мужчынам), калі ім кіруе, бярэ над ім верх жонка (ці жанчына). [Федзя:] І твая ж, мусіць, гаспадарка такая самая, як і наша? Разам жывём. [Ядзя:] Для мяне з Таняй хопіць і тых грошай, што я ў школе атрымліваю. [Жыгліцкая:] Гора табе, воле, калі цябе карова коле (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі). Сцярпеў я адзін раз, другі, пасля спакойна так кажу: «Можа, у лесе тут у вас бабы камандуюць, у нас у Бабруйску няма такога. Гора табе, воле, калі цябе карова коле. Зарубі сабе на носе раз і назаўсёды: у мае справы не мяшайся» (В.Шырко. Дыханне жыта).
87 👁