ВАРОНА З КУСТА, А ПЯЦЬ НА КУСТ Заўсёды знойдуцца ахвотнікі заняць свабоднае, толькі што вызваленае месца на службе, рабоце і інш. А мне, ты думаеш, салодка? Ды справа проста і каротка: не будзеш ты з ляснічым спорыць, рабі вось тое, што гаворыць. А не — йдзі вон: варона з куста, а пяць на куст, бо хлеба луста нялёгка ўсім, брат, дастаецца (Я.Колас. Новая зямля). ВАРОНА З КАЛА — СЕМ НА КОЛ. Дзён колькі легкавушка... была без гаспадара. Але святое месца пустым не бывае: варона з кала, сем — на кол. Распіхнуўшы локцямі процьму сапернікаў, на дужа пашаноўны і прыбыткоўцы «кол» усеўся П струкоў... (В.Гардзей. Уратуй ад нячыстага). САРОКА З КОЛА — ДЗЕСЯЦЬ НА КОЛ. Панкрат Малюжыч... нёс у сабе непрыемны асадак ад усяго: змучанасць ад бяссоннае ночы, утомленасць на паравіку, непрыемная вестка на глухой станцыі, разам з тым скептычная заўвага самога да сябе наконт парадку рэчаў — «сарока з кола — дзесяць на кол», разам жа з гэтым адчуванне, што зневажаецца такім меркаваннем з прыслоўем гэтым беспрацоўная Маня Ірмалевічанка, якой ён жа сам думае дапамагчы застацца працаваць у апусцелай школе (К.Чорны. Сястра). САРОКА З КУСТА — СОРАК НА КУСТ. Федзя кідаецца да Ядзі, каб затрымаць яе. [Жыліцкая, спыняючы яго:] Куды? Сарока з куста — сорак на куст. Цяпер табе толькі запець застаецца (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).
— Янкоўскі Варона з куста, а пяць на куст; Прыказкі. Адна варона з кола, другая на кол.
ВАРТА ШКУРКА ВЫРАБУ. Гл. Не варта шкурка вырабу.
ВАСТРЫ ЗУБ АБ ЗУБ І РОЗУМ АБ РОЗУМ. Гаворыцца як парада раіцца адзін з адным, перш чым рашаць якую-н. справу. — Калі гэта не сакрэт, скажы, шаноўны Заяц, усім нам, у чым справа? — Гэтага я і хачу, — сказаў Дзіда-дзед. — Бо, як гэта кажуць, вастры зуб аб зуб і розум аб розум (З.Бядуля. Сярэбраная табакерка).
— Рапановіч: Вастры зуб аб зуб, а розум аб розум; Прыказкі Вастры зуб аб зуб, а розум аб розум.
ВАЎКА БАЯЦЦА — У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ Гл. Ваўкоў (ваўка, воўка) баянца — у лес не хадзіць.
ВАЎКА (ВОЎКА) НОГІ. КОРМЯЦЬ. Каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, а не сядзець на адным месцы. Саламея наогул дома была рэдка. Яна так і казала: ваўка ногі кормяць. — Калі я буду дома сядзець, дык што я тут каля вас выседжу? А так от хоць сяго, а хоць таго ды дастану (Р.Сабаленка. Успомненае). — Але ж ты лазіш, хлопец... — Ваўка ногі кормяць. А заўтра мяне ўжо не будзе. Ні тут, ні ў лагеры... (І.Пташнікаў. Найдорф). Ды зразумей ты — служба ў мяне такая. Ваўка ногі кормяць. Думаеш, немцы даюць хоць каліва прадуктаў, што паступаюць па нарыхтоўках? (І.Навуменка. Вецер у соснах). Кажуць людзі: ваўка ногі кормяць. Пайду шукаць сабе другі прытулак (А.Жураўскі. За родныя хаты). — Усё-такі дарэмна мы вас, Гайшун, узялі. — Нічога, воўка ногі кормяць, — сказаў Рубеж, — а яму трэба падкарміцца (А.Адамовіч. Хатынская аповесць). Здарова, брат... Чаго гэта ты рассеўся, як пан? Пойдзем на здабычу. Воўка ногі кормяць (В.Шырко. Дзед Манюкін не салжэ).
* Пасля пачастуемся... Няма мне сёння калі. Сабаку ногі кормяць, так і мяне. Я да цябе, Хведар, па справе (І.Шамякін. Гандлярка і паэт).
— Насовіч: Ваўка ногі кормяць; Федароўскі: Воўка ногі жывяць (гадуюць); Прыказкі: Воўка ногі кормяць.
ВАЎКОЎ (ВАЎКА, ВОЎКА) БАЯЦЦА — У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ. Калі баяцца цяжкасцей, небяспекі, то не варта і пачынаць што-н. — Не баіцеся адзін ездзіць?.. У Вульцы, казалі, міліцыянера лесавікі павесілі. — Ваў-
73 👁