Старонка 24
◀ / 350 ▶
— Прыказкі: Адна галава — добра, дзве — лепей, але хай адна разважыць і наважыць. АДНА ГАЛАВЕШКА І Ў ПЕЧЫ НЕ ГАРЫЦЬ, А ДЗВЕ І Ў ПОЛІ НЕ ГАСНУЦЬ. У адзіночку нічога не атрымліваецца, а разам, сумесна з кім-н. усякая справа ладзіцца. Не ўтрымаўся і Алесь, каб не прывітаць усіх з добраю справай: — Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не гаснуць. Значыць, за ўсё бяромся адразу!.. І, галоўнае, дружна!.. (П.Броўка. Калі зліваюцца рэкі). — Прыказкі: Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не гаснуць. АДНА ГАЛАВЕШКА І Ў ПЕЧЫ ТЛЕЕ (НЕ ГАРЫЦЬ). Аднаму цяжка, дрэнна жыць, у адзіноце ніякая справа не ладзіцца. Сін.: Адзін і ў кашы няспорны; Адзін у полі не воін; Адной рукой і вузла не завяжаш. Гэта вось што, сынок, хацеў яшчэ табе сказаць. Надумаў я быў жаніцца, каб лягчэй дажыць. Адна ж галавешка, як той казаў, і ў печы тлее... (В.Макоўскі. Бацькава слова). — Насовіч: Адна махнытка не гарыць, а цьмеець; Прыказкі: Адна галавешка не гарыць, а толькі тлее. АДНА ЛАСТАЎКА ВЯСНЫ НЕ РОБІЦЬ. Адзінкавыя прыметы якой-н. з'явы яшчэ не сведчаць пра яе існаванне, узнікненне і пад., не могуць аказваць істотны ўплыў на што-н. [Галасы:] Скуры б драць з такіх паскудаў... [Патап:] Не гарачыцеся, хлопцы! І не кідайцеся ў вір галавой, не падумаўшы. Адна ластаўка вясны не робіць (Я.Колас. Вайна вайне). — Пагаварылі з намі — і спакайней у групе. Толькі Панкова. Але ведаеце пагаворку: адна ластаўка вясны не робіць. — Ластаўка? От не тую выбрала ты пагаворку. Я лепей новую прыдумаю, спецыяльна для Пайковай: адна варона не робіць граю (Я.Радкевіч. Антаніна). Адна ластаўка вясны не робіць. Хай сабе будзе так. А вось дзявочая песня на гэта здольна. Без яе быццам нечага не хапала ў прыродзе, каб можна было канчаткова паверыць, што прыйшла вясна (У.Шахавец. Дарога пачыналася ў Бярозаўцы). * Цяпер гасцям узрадавалася [Вольга]. Шчыра. За мужа. Яны — як тая ластаўка, якая вясны не робіць, але з'яўляецца самай вернай прыметай яе. Можа, яшчэ наступіць вясна і ў Іванавым жыцці? (І.Шамякін. Снежныя зімы). — Насовіч: Адна ластаўка вясны не дзелаець. <АДНА> ЛЫЖКА ДЗЁГЦЮ ПСУЕ БОЧКУ МЁДУ. Нязначная, але непрыемная дробязь псуе што-н. добрае. Кажуць, што адна лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Не ведаю, не каштаваў такога мёду. Але што адна лыжка дзёгцю падняла хворага з ложка — бачыў на ўласныя вочы (У.Дубоўка. Пялёсткі). * Гэта сапраўды дробязь... Але ведаеце, прафесар, часам лыжкай дзёгцю можна сапсаваць бочку мёду (М.Герчык. Вяртанне да сябе). — Рапановіч: Лыжка дзёгцю псуе кадку мёду. АДНАМУ ГУСТА, А ДРУГОМУ ПУСТА. Гаворыцца неадабральнае калі несправядліва дзеляць што-н., неаднолькава адносяцца да каго-н. і пад. — Кеб усім зямлі пораўну, адзінкавай, то маглі б і перабіцца. А то ж аднаму густа, а другому — пуста, — адгукнулася мачыха... (І.Мележ. Людзі на балоце). КАМУ ГУСТА, <А> КАМУ ПУСТА. Новы старшыня казаў для тых, што цікаўна тоўпіліся навокал, назіралі. — Па справядлівасці пггоб. Пароўну. А не так — каму густа, каму — пуста (І.Мележ. Подых навальніцы). — Мне б хоць дзесятую долю яго [Юза] практычнасці, — усклікнуў ён [Снежны] з горыччу. — Дык не — каму густа, а каму пуста. Дзе ж справядлівасць? (І.Клімянкоў. Рацыяналіст).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
97 👁
◀ / 350 ▶