зыка за дзвярамі раптам абарвалася. Стала ціха-ціха. Хрысціна аж засмяялася са сваіх страхаў: пужаная варона і куста баіцца. Гэта ж зяць, Ігар, калі нешта робіць, дык уключае музыку (А. Асіпенка. Рэха даўніх надзей). — Пяцёра мужыкоў з бярданкамі раззброілі ледзь не ўзвод салдат. І гэта — армія?.. — Што вы, Казімір Андрэевіч! Вас дрэнна інфармавалі. Там было каля сотні бандытаў. Разумееце? Іх ужо каля сотні! — Праўду кажуць, пужаная варона і куста баіцца, так і гэтыя легіянеры (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Па шпалах, павольна ступаючы, ішоў немец. Але ён чамусьці больш глядзеў у бакі, чым на рэйкі, і хутка мінуў гэта месца. — Пужаная варона куста баіцца, — з усмешкай на твары прамовіў Максім (А. Стаховіч. Шумяць лясы). НАПАЛОХАНАЯ ВАРОНА І ВЕРАБ'Я БАІЦЦА. Не хацелася псаваць з ім [Іваноўскім] адносіны ці выклікаць падазрэнне. Напалоханая варона і вераб'я баіцца. А ён вунь як напалоханы (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).
*— А раптам ты вільнеш хвастом, сказаўшы «адзью»? Як тады сыскаць свае кроўныя грошы? Судом? — А ты хіба хочаш, каб кінула цябе? — Палоханая варона і кусту не давярае, — спаслаўся Іван на людскую прыказку (АПальчэўскі. Чорны дзень).
— Насовіч: Напужаная варона і вераб'я баіцца; Прыказкі Пужаная варона куста баіцца.
ПУСТАЗЕЛЛЕ З ПОЛЯ ВОН. Ад непатрэбнага, бескарыснага ці шкоднага чалавека ахвотна пазбаўляюцца. — З Мінска паведамляюць, што пакараны смерцю рэдактар фашысцкай «Беларускай газеты» Уладзіслаў Казлоўскі і бургамістр горада Вацлаў Іваноўскі, — дакладваў ад'ютант. — Пустазелле — з поля вон, — махнуў рукою Былінскі, збіраючыся ісці (І. Гурскі. У агні). Калі ўбачыце, што [Пракоп] перашкаджае вам, блытаецца між ног, то я вам раю: пустазелле — з поля вон (А. Макаёнак. Узыходы шчасця). [Віктар:] Каб на мой розум, дык адмяніць бы плату за кандыдацтва і — усё. Навука пазбавілася б ад баласту. Засталіся б сапраўдныя вучоныя. А пустазелле з поля вон... Хаця, канечне, усё складаней, чым думаецца... (Л. Левановіч. На возеры).
— Прыказкі Ліхая трава з поля вон.
ПУСЦІ СВІННЮ ПАД СТОЛ, ТО ЯНА ЗАХОЧА І НА СТОЛ. Кажуць з асуджэннем пра грубага, нявыхаванага чалавека, здольнага зрабіць каму-н. розныя непрыемнасці. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне, адкуль пасыпаліся бутэлькі з выпіўкамі і вяндліна, заверчаная ў паперу. — Мядзведзі вы! — крыкнуў пан: — толькі шкоды наробіце. — Эх, пане, дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць, — сказаў Грыгор. — Пусці свінню пад стол, то яна захоча і на стол, — не вытрымаў фурман (Я.Колас. У балоце).
— Насовіч: Калі за стол, дык і ногі на стол; Ляцкі: Пасадзі свінню за стол, а яна й ногі на стол; Прыказкі: Пусці свінню пад стол, яна залезе на стол; Пусці свінню за стол, яна з нагамі на стол.
П'ЯНАМУ <І> МОРА ПА КАЛЕНА. П'янаму нічога не страшна, усё нічога не значыць. «Паддопытны» сарамяжліва і вінавата апускае вочы, хвілінку думае. — П'янаму, гаспадзін следчы, і мора па калена, — журботна прызнаецца ён і дадае: — А за кампанію, як кажуць, цыган павесіўся (Я. Колас. На ростанях). Цені нешта замармыталі, але не спыніліся: вядома, п'яным і мора па калена (А. Якімовіч. Цяжкі год). Страшна бачыць гэта, страшна чуць: каб у мірны час сярод белага дня гінулі людзі!» Але прычына адна — былі п'яныя. Перацанілі свае сілы. П'янаму мора па калена, а тут нейкі канал, два метры глыбіні... Але, як на бяду, то і гэтага хопіць (У. Дамашэвіч. Плач па сыну).
74 👁