бязлітасна асмейваецца: на назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць (К.Крапіва. Беларускія прыказкі).
— Насовіч: На назе чаравік (бот) скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць; Ляцкі: У другога бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць; Прыказкі: У чабатку рыпіць, а чорт у гаршку кіпіць.
НА НАШ ВЕК ДУРНЯЎ ХОПІЦЬ. Кажуць з упэўненасцю, што падобнае да таго, аб чым гаварылася, не знікне, не перавядзецца, будзе паўтарацца. — Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? — ужо з жартам прамовіў Віктар. — На наш век дурняў хопіць, — засмяяўся Мірон. Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы» (Я.Маўр. Палескія рабінзоны).
— Раманаў: На наш век дуракоў хваціць.
НАНЯЎСЯ, ЯК ПРАДАЎСЯ. Наняўшыся рабіць што-н., чалавек мусіць строга выконваць волю гаспадара. Апавяданае здарэнне на іх наводзіць засмучэнне. — Ну, што ж? Цярпі, маўчы зацята, бо так выходзіць, небажаты: — Наняўся, кажуць, як прадаўся! — Міхал зласмешна адазваўся (Я.Колас. Новая зямля). З рук агента Дзяніс трапіў на тэкстыльную фабрыку, ды ў такое цяжкае для працы аддзяленне, што каб не ведаў англійскую мову і ўсе павароты ў гэтай страшна незнаёмай краіне, то ніколі не згадзіўся б там застацца. Але што зробіш, калі рабочы чалавек тут адразу робіцца 'нявольнікам? Недарма кажуць — наняўся, як прадаўся (П.Пестрак. Апошні крыж).
— Насовіч: Наняўся, як прадаўся; Федароўскі: Калі наняўся, то як запрадаўся.
НАПАЛОХАНАЯ ВАРОНА І ВЕРАБ'Я БАІЦЦА. Гл. Пужаная варона <і> куста баіцца.
НА ПАХІЛАЕ ДРЭВА КОЗЫ СКАЧУЦЬ. Гл. На пахілую вярбу (на пахілае дрэва) козы скачуць.
НА ПАХІЛУЮ ВЯРБУ (НА ПАХІЛАЕ ДРЭВА) КОЗЫ СКАЧУЦЬ. Пакорлівага, падатлівага чалавека ўсе крыўдзяць. Заходзіла Жухалава. І лаяла, не выбіраючы слоў: «Гавораць? Хай гавораць... Руку на цябе падняла [Маня]? А ты здачы дай! На пахілую вярбу козы скачуць...» (П.Місько. Градабой).
— Прыказкі: На пахілае дзерава і козы скачуць.
НАПРАСТКІ <АДНА> ВАРОНА ЛЯТАЕ, ЗАТОЕ (ДЫ) <НІКОЛІ> ДОМА НЕ БЫВАЕ. Гаворыцца з неадабрэннем пра таго ці таму, хто хоча ісці куды-н. напрасткі. — Да Гардзееў» далёка? — Вёрст трыццаць, лічы. — А калі напрасткі? — Напрасткі? Д[ы]к напрасткі адна варона лятала, затое дома не бывала! (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Малады лес цягнуўся бясконца. Богшу разбірала злосць: якога чорта ён палез у гэтую гушчэчу? Мог проста абысці яе. Во ўжо нехта сказаў праўду: напрасткі варона лятае, ды ніколі дома не бывае (ААсіпенка. Святыя грэшнікі).
Прыказкі: Напрамую толькі варона лятае; Сарока напрамкі (напрасткі) лятае, ды дома ніколі не бывае.
НАПРОЦІ ВЕТРУ НЕ ПАДЗЬМЕШ. Немагчыма, бескарысна супрацьстаяць сіле, уладзе. Сім.: Галавою сцяны не праб'еш; Пугай абуха не пераб'еш; Супраць ражна не папрэш. — Адно дрэва расце, а другое ў цяньку чэзне, покуль не высахне. — Але ж і з цяньку дрэвы выбіваюцца. Лес жа не гіне. — Хі-хі... Падлавіў ты мяне. Толькі скажу табе: напроці ветру не падзьмеш. Але ж некаму трэба. Я не дасціг свайго, то, можа, ты да чаго добрага дойдзеш! (В Адамчык. Чужая бацькаўшчына).
— Насовіч: Трудна дыхаць проціў ветру; Проціў ветру не спышашся; Прыказкі: Трудна проці ветру дыхаць.
75 👁