Старонка 119
◀ / 350 ▶
ЛЮДЗІ І МЯДЗВЕДЗЯ ВУЧАЦЬ. Гаворыцца як сцвярджэнне вялікіх магчымасцей навучання. — Вучаных мядзведзяў вадзілі па кірмашах, прымушалі ісці ў скокі перад сялянамі. А павадыры ігралі на скрыпцы, потым збіралі з гледачоў і слухачоў па капейцы, зрэшты, хто што дасць. — Адсюль, мусіць, і прыказка: людзі і мядзведзя вучаць (М.Лужанін. Размовы з Якубам Коласам). Людзі і мядзведзя вучаць (Эпіграф да раздзела «Вучоба» ў кнізе Б.Сачанкі «Вечны кругазварот»). — Насовіч: І мядзведзя вучаць; Федароўскі: І звера людзі навучаць, не то чалавека. ЛЮДЗЯМ ЯЗЫКА (ЯЗЫКОЎ) НЕ ЗАВЯЖАШ. Людзей не прымусіш маўчаць. Кажуць з неадабрэннем пра распаўсюджванне розных чутак, плётак. Сін.: На чужы рот гузіка не нашыеш; На чужы рот замок не навесіш; На чужыя вусны не накінеш хусты. А рост і дапраўды падвёў мяне. «Аршын з шапкаю», — кажуць пра мяне. А я толькі смяюся... Няхай кажуць, людзям языка не завяжаш (В.Каваль. Шчасце Сілівея Зязюлі). — За мяне вы не чырванейце, дзеткі. А што маці ваша такая, дык тут ні вы, ні я не вінаваты. — Канечне, не нам вучыць вас, але ж і людзям не завяжаш языкоў. — Няхай сабе гавораць (А.Пальчэўскі. Малако). Параска на свае вушы чула, што яе дачку завуць перастаркаю. Людзям языкоў не завяжаш, ды і гады ж гэтыя, як вада, цякуць (Р.Сабаленка. Перастарка). Косцю што — сёння тут, заўтра — там. А вось што сабе Маня думае? Ёй жа тут аставацца, і людзям языкоў не завяжаш (П.Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). ЛЮДСКОГА ЯЗЫКА НЕ ЗАВЯЖАШ. — А куды ж гэта пайшоў сын? — Як куды, у войска. — А то-бо казалі, што ён каля дома, — гавораць людзі. — Людзі, гэтыя людзі! Людскога языка не завяжаш. У войску Толя, от ліст прыслаў (К.Чорны. Трэцяе пакаленне). — Насовіч: — Рота нікому не завяжаш; Прыказкі: Людзям языка не прывяжаш. ЛЮДСКОГА ЯЗЫКА НЕ ЗАВЯЖАШ. Гл. Людзям языка (языкоў) не завяжаш. ЛЯ ВАДЫ <ХОДЗЯЧЫ> НАМОЧЫШСЯ. Гл. Каля (ля) вады <ходзячы> намочышся. М МАГДАЛЕНА — ВАДЫ ПА КАЛЕНА. Ужываюць як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Магдалена — дзень Марыі Магдаліны, які ў праваслаўных прыпадае на 22 ліпеня (па старым стылі). Звычайна гэтай парой у іншыя гады ў Забесяддзі стаялі над зямлёй хмары, ішлі пераходныя дажджы, засцячы ад вачэй і поле, і лес. Нездарма ў народзе кажуць: «Магдалена — вады па калена» (І.Чыгрынаў. Вяртанне да віны). — Прыказкі: Магдалена — вады па калена. МАЕШ ДАЧКУ — ТРЫМАЙ ГАРЭЛКУ Ў ГЛЯЧКУ. Калі ў бацькоў ёсць дарослая дачка, то яны ў любы час павінны быць гатовы да яе вяселля. [Шпакоўскі:] Як гэта даўней казалі: маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку. [Кажамяка:] А ў сватоў, таго гэтага, хіба няма за што купіць? Хто працуе, той і мае (І.Гурскі. Свае людзі). — Прыказкі: Калі маеш дачку — дзяржы (май) гарэлку ў глячку.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 350 ▶