Варажскі, прым. Які мае адносіны да варагаў. [Князь] не бачыў для [Уладзіміра] іншага выратавання, апроч новых уцёкаў за мора, у варажскія селішчы (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 19). Варволь [ст.-бел. ворволь] м. Тлушч, здабыты з марскіх жывёл або рыб. Антось агледзеў тут прылады, Калёсам добра даў «памады», Густога дзёгцю і варволю (Я. Колас – ТСБМ, I, 463). Дым гэты змяшаўся з пахам вымазаных варволем папоўскіх ботаў (К. Чорны – ТСБМ, I, 463). Варган [ст.-руск. варганъ] м. Музычны інструмент. ..новагародскія музыкі ў адзіным рытме затохкалі ў варганы (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 60). ..людзі, узбуджаючыся, гаманліва скакалі вакол кастрышча, падпяваючы жалейцы і варгану (там жа). Пры абедзе на гары музыка тут стала, На варганах, на дудках, на скрыпках іграла (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 456). Варок [ст.-бел. ворокъ, ворекъ – торба, мяшок, сумка] м. Торба. За спінай у яго быў патрапаны варок – торба з шарсцяной тканіны, вышытая чырвонымі і чорнымі нітамі (В.Іпатава. Агонь у жылах крэменю – Пр., 253). Вароп [ст.-руск. воропъ – нападзенне] м. Разарэнне, знішчэнне. Такога вялікага варопу даўно не бачылі на берагах Свіслачы (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 110). Варункі [ст.-бел. варунокъ – умова; польск. warunek < ням. Wahrung] мн., адрадз. Абставіны, умовы. У такіх варунках трамвай мала прынясе нам выгоды ці карысці (Ф. Багушэвіч – Тв., 145). «Салавей», як цяпер усе называлі Сымона, знаходзіўся пры мякчэйшых варунках (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 47). Рассеяўшы людзей па абшырнай кулі земскай, жыццё гэтым самым паставіла іх у адменныя варункі бытавання (Я. Купала. Ці маем мы права выракацца роднай мовы – Зб. тв., VII, 181). Восенню могуць быць іншыя варункі – Міндоўг пойдзе ў паход, на стол сядзе Войшалк (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 289). ..абставы і варункі жыцьця сучаснаго замінаюць (М. Гарэцкі. У чым яго крыўда? – Р, 125). Варункі новаго жыцця, грамадзянская воля і роуныя правы усім, без розніцы веры і нацый, так загладзяць ніроунасьці і у экономічных стасунках, што пакрыуджэнных ні будзе (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 32). Варцобы [ст.-бел. варцабы – шашкі; польск. warcaby – шашкі] мн. Шашкі. // У тэксце: назва шахматаў. Еўка і Баркулабіха вывучыліся іграць у варцобы (В.Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 154). Любіў вялікі князь гульню ў варцобы, крумкачом у засадзе выглядаў, як цікаваў за кожнай фігурай на дошцы альбо калі кідаў косці, спадзеючыся, што выкінутая колькасць будзе дзяліцца на чатыры і ён выйграе (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 51). [Агапій:] – Прынясіце лепей варцобы, дый
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
88 👁