Старонка 92
◀ / 658 ▶
праваслаўныя святары мусілі выконваць гімн (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 595). Вальдэнсы [познелац. Valdenses] мн. Лівонскія беднякі, прыхільнікі сярэдневяковай ерасі, якая зарадзілася ў апошняй чвэрці XII ст. у Лівоне. – Ён [ордэн] грызе ворагаў бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 16). Вальтэр'янец м. Паслядоўнік Вальтэра; вальнадумец. – Ды ён яшчэ і вальтэр'янец, – заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. – Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 321). Зацяты вальтэр'янец змірыўся б з яе [жанчынай] верай, толькі каб яна кахала яго (там жа, 165). Вандлулуці мн. Прускія жрацы. А маці ўспамінала, што прускія жрацы – неруці і вандлулуці, тулісоны і магашоны, думонес і жвейгджурунес – куды мацнейшыя, чымся гэтыя, славянскія... (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 294). Вап [ст.-руск. вапь, вапъ, вапа] м. Фарба. Рознакаляровымі вапамі намалявалі ўмельцы на ліпавых дошках зуброў і аленяў, баброў і векшаў, а то і дробных птушачак (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 64). Вапленне [ад вап – фарба] н. Афарбоўка. [Войшалк:] – Ну, глядзі, глядзі, як мой бацька новым вапленнем займаецца (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 57). Вапошні, прым. Апошні. Ідучы, ён [Кузьма] ня стаў разьбірацца ў тых супярэчнасьцях, якія хаваліся ў вапошняй заўвазе Падкаблука адносна «Паважанай установы» (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі» – ХБ, 128–129). Варагі [ст.-бел. варагъ; літар. – марскі разбойнік, разбойнік, які прыйшоў вадой (па рацэ)] мн., адз. вараг, м. Жыхары Скандынавіі, якія ў IX–X стст. рабілі паходы на Русь для гандлю і рабаўніцтва, нярэдка там асядалі і служылі ў княжацкіх дружынах. Ну, відаць, упарты і дзёрзкі, калі вярнуўся [Уладзімір] у Ноўгарад пасля выгнання і двухгадовага жыцця сярод варагаў (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 19). Хай бы глядзелі рамей і лях з варагам, які спрытны, які дужы кіеўскі князь (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 395). Варажнеча ж. Варожасць. Варажнеча паміж кіеўскімі князямі Яраславічамі й полацкімі Ізяславічамі (Усяслаў быў унукам Ізяслава) пачалася на 87 год раней (у 980 г.) пабоішча на Нямізе (М. Цэлеш. Летапісная Няміза і ейнае мейсца на мапе – ХБ, 216). Варажка, ж. да вараг. ..толькі ажаніўся [Уладзімір] з нейкай варажкай, яна сына нарадзіла (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 19).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁
◀ / 658 ▶