Вазёрны, прым. Азёрны. ..пачынаў успамінаць [Кузьма] родны край і родны кут: бэз пад акном, вазёрную гладзь, шумы бароў, ключ дзікіх гусей над галавой (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі» – ХБ, 133–134).
Вазніца м. Той, хто перавозіць на конях пасажыраў; рамізнік, фурман. Вазніца паглядзеў на седака і шыбчэй пагнаў каняку (Ц. Гартны – ТСБМ, I, 453). Левандоўскі наняў вазніцу, яшчэ дапамог мне залезці ў фаэтон, і мы адправіліся (А. Карпюк – ТСБМ, I, 453). – А таці, а рабаўнікі розныя? – стагнаў вазніца (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 301).
Вайдэлотка, ж. да вайдэлот. У свой час [Кейстут] не паслухаўся бацькі, які адшукаў яму нявесту ў мазавецкім княскім доме, а са скандалам, з гвалтам выкраў вайдэлотку, абразіўшы тым усю Жамойць (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 537).
Вайдэлоты (вейдалоты) мн., адз. вайдэлот, м. Язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). – Пра цябе будуць спяваць нашчадкам галасістыя вайдэлоты (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 64).
Вайсрутэньянін м. Жыхар Вайсрутэніі; беларус. ..людзёў, як кажа Вохра, было тутака ўсялякіх: і баварцы ў сваіх рознафарбавых туалетах, і звычайныя немцы, і, можа, саксонцы – Бог іх ведае! – і вайсрутэньяны, як суседы... (М. Цэлеш. Пернікавае сэрца – ХБ, 198).
Вайтовая [ст.-бел. войтовая] ж. Жонка войта. Пані вайтовая сама ўласнаручна заслала ложак прасцінамі (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 309). Вайтовая ж, якая прыносіла стравы, нават і слухаць не хацела ні пра якія лісты ці пасланні (В. Іпатава. Гайна і Мікаш – МХ, 310).
Вайя [ст.-руск. ваиѥ – пальма, ст.-бел. вайя – галінка пальмы] ж. Пальма... да гаспадароў подбегам заспяшаліся сейбіты, за імі святар у парчовай фелоні з нашытым крыжам, следам за якім нёс чашу з вадой і крапілам з лісця вайі стары дыякан (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 162).
Вакабула [ад лац. vocabulum – слова] ж. Іншамоўнае слова з перакладам, прызначанае для запамінання пры вывучэнні замежнай мовы. У апошні момант пан Юры, лаючыся, паведаміў хлопцам, што губернскія дваранскія справы прымушаюць яго на тыдзень затрымацца ў Вільні і што ім давядзецца, каб не мазоліць вачэй сябрам, якія ўсё яшчэ пацелі над вакабуламі ў святаянскім гімназічным падвор'і, ехаць адным пад наглядам Халімона Кірдуна (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 287–288).
Вакацыі [ст.-бел. вакацыя – часовы перапынак у працы прадпрыемства; фр. vocatio з лац.] мн. Канікулы. Я й кажу: «Ну, хлапцы, падобна, што вы на вакацыях у Закапаным апынуліся» (А. Саковіч. У няведам'е –
74 👁