Бенкарт і банкарт [ст.-бел. бенкартъ, букартъ, бэнкартъ – пазашлюбнае дзіця] м. Незаконнанароджаны. – Маўчы, бенкарт! Маўчы, злога ложа сын! – грозна крыкнуў Міндоўг (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 281). У Калатычах жа астаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, казалі, банкарт «слаўнага» Булгарына, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характару, – і бяздольнікі завылі (А. Абуховіч. Мемуары – Зан., 517).
Берандзеі мн. Качавое племя цюркскага паходжання, якое згадваецца ў рускіх летапісах з 1097 г. да канца XII ст. – Мы будзем саюзнікамі Кіеву, гэтаксама, як торкі, берандзеі, чорныя клабукі (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 490).
Берасцень м. Вялікі гаршчок, аплецены бярозаваю карою, бяростаю. / у параўн. – Будзь жысць твая красны дзень. Жый ты доўга, доўга вельмі, Так доўга, як берасцень!.. (І. Мігановіч. Ігнат Сліўка – Зан., 107).
Берасцянка ж. Тое, што берасцень. Прыгледзеўшыся [Жывена], пазнала яе – служанка суседзяў, часта сустракала яе на вуліцы то з кошыкам, то з берасцянкай (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 307).
Беркавец і бэркавец [ст.-бел. берковецъ, берковескъ, берковискъ] м. Старажытная мера вагі, роўная 10 пудам, або 163,8 кг. ..у Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску (У. Арлоў. Дзень, калі ўпала страла – МКГ, 21). Цяжкая, на многія і многія бэркаўцы, махіна звона варухнулася спадніцай ледзь не над самай падлогай яруса (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 345).
◊ Трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак – вельмі шмат. Выслужыць многа я не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 245).
Бернардын [ст.-бел. бернардынъ, бернадынъ; ад уласн. імя Бернар – рэарганізатар ордэна цыстэрцыянцаў] м. Член рэфармаванага адгалінавання манаскага ордэна францысканцаў на Беларусі, у Літве і Польшчы, які строга прытрымліваўся першапачатковага статута гэтага рыцарскага ордэна (на тэрыторыі Беларусі амаль усе кляштары спынілі сваю дзейнасць у 1860-я гады). Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі – глянеш – шапка валіцца, ды унь будуюць касцёл бернардынаў з кляштарам (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 31).
Бернардынец м. Тое, што бернардын. Ордэн бернардынцаў высунуў простую, памяркоўную і бяскрыўдную канцэпцыю пераходу ў каталіцкую веру (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 158). Грэшная душа,
74 👁