Старонка 68
◀ / 658 ▶
Белег і беляг [ст.-руск. бѣлѣгъ, белѣгъ, билѣгъ; ст.-бел. белегъ – эмблема] м. Эмблема. Іван Іванавіч расказваў, што на свае чытаў у старых мэтрычных кнігах у архіве віцебскае лютаранскае кірхі запіс на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай гораду Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзьвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямельлях Верхняга Замку (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 81–82). ..на белягу выразна было пазначана: «Выслана зь Вільні, прынята ў Полацку» (там жа, 106). // Меціна, знак. Дык ты і праўда не бачыш на мне якога нядобрага белегу? – зарадавалася Гайна (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 136). Белт [ст.-бел. белтъ] м. Страла. «Літва разам з руссю скочыла зараз з дзідамі і шаблямі, сустрэўшыся, чало ім перарвалі і танцам перашкодзілі, другія разам з куш белтамі, а абазліўшыся, новагародцы з Карыятавічамі валілі іх з коней...» (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 597). Белы, прым. 1. У нацыянальна-вызваленчым руху напярэдадні і ў час паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі, у Польшчы і Літве – кансерватыўна-ліберальны (у адрозненне ад «чырвоных» белыя выступалі супраць узброенага паўстання). «Белая» група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 298). // у значэнні наз. ..«белыя» пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А «чырвоныя» не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 299). [Алесь:] – Не верыш «белым»? «Не», – прызнаўся Кастусь (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 379). 2. У першыя гады савецкай улады – контррэвалюцыйны. Бенефіцый [ад лац. beneficium – дабрадзейнасць] м. 1. У перыяд ранняга сярэднявечча ў Заходняй Еўропе – зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваенную ці адміністрацыйную службу (з развіццём феадальных адносін на Беларусі і ў Расіі бенефіцыю адпавядаў маёнтак). // Падараваная епіскапам парафія. ..епіскап Альберт, радуючыся за свайго любімага вучня, рукапаклаў яго ў сан свяшчэнніка і ў бенефіцый яму прызначыў парафію ў землях імерскіх латгалаў (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 204). 2. У Старажытным Рыме – прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г. д. 3. У каталіцкай царкве ў 1918–1983 гг. – царкоўная пасада і звязаны з ёю прыбытак.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 658 ▶