з брамамі аксамітнымі і намітцы, вышытай таксама чырвоным ядвабам (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 548). Ім [дзецям і ўнукам] ядваб ужо давай, Не хочуць паркалю (Я. Купала. Як я малада была... – Зб. тв., IV, 280). ..рознакаляровыя стужкі на вяршаліне ўзгорка ўспыхвалі чырванню і ядвабам сярод зеляніны (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 357). // вобразн. За каляінкамі для калёс – шырэйшыя стужачкі таго ж травянога ядвабу (Ц. Гартны – ТСБМ, V, 490).
Δ Ядваб-кужэль: За кросны ненаглядней сесці трэ' было Ядваб-кужэль сівенькі ткаць (Я. Купала. Яна і я – Зб. тв., V, 120).
Ядвабны, прым. Шаўковы. [Мацейка]: Чаму Каську не любіць, Калі Каська ладна: Хвартух новы, паркалёвы, Спаднічка ядвабна! (Я. Купала. Прымакі – Зб. тв., VI, 254). Сам агонь у полі тлее, Нічагусенька няма. На Соф'і была жоўтая ядвабная кашулька (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 25). Астаўся ў памяці трошкі прыспушчаны з галавы чорны, шырокі, здаецца, аксамітны, а можа ядвабны шалік («Маладосць» – ТСБМ, V, 490). Паміж імі было шмат гожых жанчын у аксамітных і ядвабных кабатах, з караблікамі на галовах (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 377). Тчэцца сіні шнур ядвабны І спакойны такі рух! (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 46). / у параўн. Заграбае пракосы дзяўчына... Сонца кос яе пасмы залоціць. Яны ззяюць красою ядвабнай (А. Гурло – ТСБМ, V, 490).
Ядзь ж. Яда. Гэта была, вядома, прынада, любімая ядзь усіх дзікоў (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 85).
Ядынка ж. Ёд. Пабеглі да настаўніцы па ядынку. Тая сама прыйшла зрабіць апатрунак (М. Цэлеш. Воўчым сьледам – ХБ, 196).
Язык м. Племя, народ. – Што нам забаронена стаць языком? – запытаў Усяслаў. – Але кім? Нават Богам? (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 263).
◊ Прытча ва языцах – прадмет усеагульных размоў, абгавораў, кпінаў і пад. Усё Азярное ведае, што Бадытчык – кулак, што яго скора знімаць будуць. Там – гэта прытча ва языцах (М. Лобан. Гарадок Устронь – ЭСФ, 317).
Язычнік м. Паслядоўнік язычніцтва; ідалапакланяльнік. Хрысціўся Елісеем у гонар забітага язычнікамі духоўнага настаўніка (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 79). // (лаянк.). – Язычнік ты! Паганец! На хлеб плюеш! (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 57).
Δ Родзічы-язычнікі: Хаця тое паяднанне толькі пачыналася, і нездарма на хрышчэнне не прыехалі родзічы-язычнікі, што спадзяваліся захапіць ягоныя [Міндоўга] землі, а цяпер трымцелі перад новым узвышэннем моцнага, як ніколі, князя (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 39).
74 👁