Старонка 601
◀ / 658 ▶
з'явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел. Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай - драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца – так сабе (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 307). Шурка ж. Мера дроў, роўная 2 м3. [Зіма]: Каму ж тут хвойкі валяцца Рукою мазалістаю? І шуркі каму ставяцца На пасеку на чыстую? (Я. Купала. Адвечная песня – Зб. тв., VI, 34). З тапаром і пілой Маразянай зімой З дня на дзень, з году ў год Шуркі ставіць народ (Я. Купала. Аб мужыцкай долі – Зб. тв., III, 99). Я ўпаў за шурку дроў, якая была складзена каля самых дзвярэй (І. Шамякін – ТСБМ, V, 412). Пры самай дарозе стаяла некалькі шурак дроў (С. Грахоўскі – ТСБМ, V, 412). Шчотачнік м. Рабочы, які займаўся вырабам шчотак. Не, Аляксандр Іванавіч працаваў – займаў пасаду старшыні арцелі шчотачнікаў (П. Пестрак – ТСБМ, V, 419). Шчур, выкл. ◊ Шчур на яго – вокліч закляцця ў даўніну ад «нячыстага». «Так, я памятаю гэтага пруса, – ажывіўся той [ваявода]. – Ён біўся як шалёны, нібыта сам Пярун ... о, шчур на яго!» (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 262). Шчурачка [ад назвы бога Чура] ж. (ласк.). Нашчадак. [Жрэц:] – У свеце няма нічога мёртвага. Што ж... Ты пагавары з імі. А я адпачну, шчурачка ты мая... (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 30). [Агапій:] – За цябе [Жывену] толькі і баюся, дзеля цябе хацеў бы пражыць троху, каб уладкаваць цябе, мая шчурачка» (там жа, 78). Шчыры, прым. Добры (пра грыб баравік). [Жыцень] напускаў на грады плойму хрушчоў, і яны прагрызалі дзіркі ў сакавітых залацістых пладах, альбо пырскаў дажджом на высушаныя вязынкі шчырых грыбоў, што віселі над стрэхамі (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 335). Без дамешак, прымесяў. У збройніцкай сьвятліцы няміраўскіх тутэйшых харомаў, на пачэсным месцы, вісеў каваны, чарлёны шчырым золатам шчыт (В. Ластоўскі – Тв., 21). Які складаецца з аднолькавых парод дрэў (пра лес). Ой, не быць мне перапёлкай, Крылеўкаў не меці, Ні ў бор шчыры, ні ў лес цёмны Мне не даляцеці! (Я. Купала. Песня – Зб. тв. III, 223). Шчыт [ст.-руск. щитъ] м. Ручная ахоўная зброя старажытнага воіна для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. / у параўн. Яна [вежа] і сапраўды выглядала на шчыт, які захіляў грудзі Новагародка – звужаная зверху, нібыта сягала ў вышыню, лунала над наваколлем (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 283). Δ Шчыты-тарчы: А шчыты-тарчы, у якіх ад гарачыні трэскаецца лаза, з якой яны сплеценыя, і дубее скура? (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 587).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
76 👁
◀ / 658 ▶