дараў палкоўнік Багданаў час ад часу даносіў у III аддзяленне пра паднагляднага (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 93–94).
Штабс-капітан [ням. Stabskapitän] м. У арміях царскай Расіі – афіцэрскі чын у пяхоце, артылерыі і інжынерных войсках, рангам вышэй паручніка і ніжэй капітана. // Асоба, якая мела такі чын. Кожнага, хто гаварыў з ім [Ісленьевым], помніў усё жыццё: імя, імя па бацьку, дзе служыў, калі перайшоў з палка ў полк, як завуць жонку і дзяцей, калі гаварылі пра гэта. Здзіўляў гэтым апошняга адстаўнога штабс-капітана, пасяляючы ў ім пачуццё, падобнае на прымхлівы жах: «Праз дваццаць пяць год успомніў!» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 327). Штабс-капітана князя Сяргея Трубяцкога пасадзілі ў Аляксееўскі равелін Петрапаўлаўскай крэпасці, у камеру № 9 (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 91). [Палкоўнік:] – Пастроіцца ў шарэнгу! Жыва! Штабс-капітан! лупіць усіх! Завесці ў двор і – ніякіх! (Я. Колас. На шляхах волі – Зб. тв. у 14 т., X, 426).
Шталмайстар і шталмейстр [ням. Stallmeister] м. 1. Адзін з прыдворных чыноў у царскай Расіі. // Асоба, якая мела такі чын. [Віктар:] – Ён [Эверс] і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў – шырма. Каб не было блакітных «сяброў» з адпаведнага дома (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом – КС, II, 175). Яго [пана Вашамірскага] шталмейстрам быў нейкі захудалы шляхціц, пан Ананові (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 125).
2. Устарэлая назва рэжысёра манежа, які вядзе цыркавую праграму.
Штандар [ст.-бел. штандаръ, штандеръ, шпендеръ – драўляны слуп, апора; ням. Ständer] м. 1. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой-н. грамадзянскай арганізацыі. А юнак хай за мужнасць сваю і трывогі З тваіх рук атрымае штандар перамогі (В. Дунін-Марцінкевіч. Люцынка, альбо Шведы на Літве – Тв., 315). Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі (В. Вольскі – ТСБМ, V, 395). Узбуджаны павольна прайду я [Купала] сярод сцягаў і штандараў уздоўж Савецкай праз пляц Волі да сябе ў дом (Я. Купала. Успаміны – Зб. тв., VII, 279). У часе перавароту, калі беларусы у Менску пачалі выступаць пад сваім уласным штандарам, то гарачэй усіх віталі іх жыды нацыяналісты (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 28). Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1971 г.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.
73 👁