Старонка 590
◀ / 658 ▶
Швайцар м. Швейцарац, жыхар Швейцарыі. От-жа сядзяць там сабе ціха гэныя швайцары ды свэны! (М. Цэлеш. Акупанты – ХБ, 185). Шкаляр м. (разм.). Навучэнец калегіума, парафіяльнай школы, бурсы і пад.; школьнік. Пісар гартаў другую кнігу. – Няма такога шкаляра, – сказаў ён. – Ні ў Міры і ні ва ўсіх калегіюмах, парафіяльных школах, бурсах, царкоўных і іншых школах няма такога шкаляра. – Так, – сказаў Братчык. – Цяпер няма. Я былы мірскі шкаляр (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 74). Гэта былі руіны «моста на крыві», на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 299). Я [Шаўчэнка] да школы – Ваду насіці шкалярам, Браты на паншчыну хадзілі, Пакуль ілбы ім пагалілі (Я. Купала. З успамінаў пра дзяцінства – Зб. тв., IV, 444). / у параўн. Я адчуваў сябе нібы той шкаляр перад строгай настаўніцай, якая нечакана зайшла ў яго дом (А. Карпюк. Рэквіем – БД, 19). Δ Валацуга-шкаляр: – Але ў Рым, у гэты горад нечасціўцаў, я пайшоў бы толькі звычайным валацугам-шкаляром (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 132). Шкалярскі, прым. Студэнцкі, вучнёўскі. – Валіся дрэва на дрэва, – кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 192). А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 157). Шкапа [ст.-бел. шкапа – кляча; польск. szkapa] ж. Худы, змораны конь. – Шая, як ты можаш пускацца ў дарогу на такой шкапе? (М. Цэлеш. Хмары над Бацькаўшчынай – ХБ, 17). Шкаплер м. Так манахі называлі верхняе адзенне, якое складалася з двух кавалкаў сукна: адзін – на грудзях, другі – на плячах. Часам на Літве квастар з кляштара далёка Прыбадзецца да двара, зашыту глыбока Выпара із шкаплера карту друкавану Дый лічыць сілу войска народна спісану (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 450). Шкіпер [гал. schipper] м. Капітан камерцыйнага судна. Ён бы стаў шкіперам кабатажнага буксіра. Рыкарда з маладых год марыў вучыцца на шкіпера (П. Беразняк – ТСБМ, V, 366). 2. Капітан несамаходнага рачнога карабля. Сцяпан, муж, шкіперам хадзіў на баржы (М. Ракітны – ТСБМ, V, 366). Шлафрок [ням. Schlafrok] м. Дамашні халат. Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 319).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 658 ▶